Всё внимание — «царице полей». В ОАО «Ильюшинский» полным ходом идёт уборка кукурузы

Сельское хозяйство

Восень прадаўжае весці адлік працоўным будням аграрыяў, і зараз на павестцы дня стаіць уборка кукурузы.

У ААТ “Ільюшынскі” пад гэтую культуру традыцыйна адведзены немалыя плошчы, а сёлета ж яны наогул самыя вялікія сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна – 400 гектараў. Таму ў гаспадарцы максімальна канцэнтруюць сілы, каб своечасова іх убраць. Апошнія два тыдні тэхніка працавала ў наваколлі Старога Сяла.

– “Царыца палёў” сёлета не вельмі ўрадзіла, бывалі ў нас больш важкія ўраджаі. Тым не менш, хоць і невялікая адлегласць, калегі на адвозцы ледзь паспяваюць, – кажа трактарыст-машыніст кормаўборачнага камбайна Уладзімір Лёля, без якога нарыхтоўку кукурузы проста немагчыма ўявіць. Механізатар штогод нязменна ўваходзіць у лік перадавікоў раённых спаборніцтваў на гэтым відзе работ, дасканала ведае ўсе нюансы працэсу.

За штурвалам другога КВК-800 не менш вопытны Мікалай Ступко. З пачатку ўборкі на адвозцы было задзейнічана тры трактары. Зялёную масу на траншэю ў Старым Сяле дастаўлялі Віктар Буйніцкі, Анатоль Спірыдзёнак, Васіль Калітуха. А на трамбоўцы старанна выконваў сваю справу на “Амкадоры” Аляксандр Лук’яненка з “Дземенца”.

“Працуем зладжаным атрадам, дзе кожнае звяно вельмі патрэбнае. Вось нядаўна ў М.Ступко здарылася сур’ёзная паломка – справа адразу замарудзілася. Так і з адвозкай: мала адзінак – слабы тэмп. Не менш залежыць і ад якасці трамбоўкі”, – разважае В.Буйніцкі.

На гэтым жа тыдні працэс уборкі значна паскорыўся, бо на дапамогу ільюшынцам прыбыла тэхніка з полацкай інтэграцыйнай структуры – яшчэ адзін кормаўборачны камбайн і некалькі адзінак для адвозкі. Такой вялікай камандай у Старым Сяле было ўбрана каля 180 гектараў і закладзена дзве траншэі колькасцю больш за 2200 тон.

Сярэдняя ўраджайнасць кукурузы па гаспадарцы зараз складае 220 цэнтнераў з гектара. Для “каралевы палёў”, канечне, не самы высокі паказчык, і ў нашых умовах яна дае ў два разы больш. Тым не менш, гэта добры падмурак кармавой базы, бо сілас з кукурузы – вельмі пажыўны і адзін з самых любімых ласункаў для буронак. Каб такія дарагія ў прамым і пераносным сэнсе кармы былі якаснымі, у гаспадарцы імкнуцца захоўваць тэхналогію пры закладцы. Акрамя таго, кукуруза дазваляе менш балюча перажыць пераход на стойлавы перыяд – ёй зараз падкормліваюць статкі, якія паступова перабіраюцца на зімовыя кватэры.

Усяго ў “Ільюшынскім” закладзена пакуль звыш 2500 тон сіласу. На адну галаву вялікага статку буйной рагатай жывёлы з улікам нарыхтаванага раней сенажу і сена прыходзіцца зараз 18 цэнтнераў умоўных кармавых адзінак. Гэта крыху менш, чым у мінулым годзе, але корманарыхтоўка яшчэ працягваецца і ў ільюшынцаў ёсць упэўненасць, што пагалоўе будзе забяспечана кармамі.

Крыху пазней у гаспадарцы прыступяць і да ўборкі кукурузы на насенне – спецыяльна адведзеныя для гэтай мэты 70 гектараў даспяваюць паблізу аграгарадка.

Вольга КАМАРКОВА.

Факт

  • На ўчарашні дзень у ААТ “Ільюшынскі” была ўбрана палова плошчаў, занятых кукурузай.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *