Женщин больше, чем мужчин, сельское население за 10 лет сократилось в 2 раза. Что показала перепись населения?

Общество

Што паказаў перапіс

Даныя перапісу насельніцтва Беларусі яшчэ не апрацаваны цалкам, аднак асноўныя ўжо ёсць. Як і паведамлялася перад пачаткам кампаніі – яны даступныя абсалютна любому карыстальніку інтэрнэту. Для гэтага варта зайсці на сайт Белстата, дзе ў бюлетэні “Перапіс насельніцтва 2019” прыведзены даныя па абласцях і Мінску, а абраўшы спасылку “Рэгіянальныя сайты – Публікацыі – Бюлетэні”, можна ўбачыць такую ж інфармацыю ў разрэзе раёнаў. Мы ж рашылі спрасціць задачу нашым чытачам і зрабіць параўнальны аналіз па асноўных напрамках перапісу.

За дзесяць год павялічыўся толькі райцэнтр

У Віцебскай вобласці на 4 кастрычніка 2019 года пражываў 1 135 731 чалавек, што на 95 090 меней за 2009 год і на 241 430 – у параўнанні з 1999-м. Зніжэнне колькасці насельніцтва назіраецца літаральна па ўсіх раёнах і гарадах акрамя Віцебска, які прырос на 9 тысяч 600 чалавек. Ушацкі раён адзін з самых маланаселеных у вобласці – 12 тысяч 728, дзесяць год таму было 15 970, а ў 1999-м – 21 538 чалавек. Апераджаем мы толькі Расонскі – 9 307. На жаль, калі дваццаць гадоў таму ў нас і ў Лёзненскім раёне пражывала практычна аднолькавая колькасць чалавек – больш за 21 тысячу, то зараз розніца складае амаль 3,5 тысячы. Адны з самых малаколькасных у вобласці таксама Дубровенскі, Бешанковіцкі і Шаркаўшчынскі, у якіх на дзве тысячы чалавек больш, чым у нас.

І калі гарпасёлак застаўся практычна на ўзроўні 1999-га года – 5 915 чалавек, і нават прырос у параўнанні з 2009-м – 5514, а зараз 5773, то сельскае насельніцтва скарацілася больш чым у два разы: 15623, 10456 і 6955 адпаведна.

На Ушаччыне пражывае 5933 мужчыны і 6795 жанчын ці 46,6 і 53,4 працэнта. Прычым, у гарпасёлку гендэрны разрыў большы, чым на вёсцы: мужнага полу адпаведна 45,7 і 47,3 працэнта.

Самы сталы раён

На першым месцы наш раён, на жаль, па такім нярадасным паказчыку, як сярэдні ўзрост насельніцтва – 46,5 года, калі па вобласці ён – 42,5. І “сярэднестатыстычны” ўшачанін амаль на шэсць год маладзей за ўшачанку: 43,4 і 49,2 адпаведна, а вяскоўцы (50,8) старэй за гарпасялкоўцаў (41,5). Яшчэ большы разрыў паміж мужчынам з райцэнтра, сярэдні ўзрост якога– 38,8 года і сельскай жанчынай – 53,9.

Ва ўзросце да 10 гадоў пражывае 1 139 ушачан, ад 10 да 19 – 999, ад 20 да 29 – 989, ад 30 да 39 – 1 574, ад 40 да 49 – 1 609, ад 50 да 59 – 2 355, ад 60 да 69 – 2 272 і старэй 70 гадоў – 1 791 чалавек. Такім чынам 1 869 ушачан або 14,7 працэнта маладзей працаздольнага ўзросту, 6 502 ці 51,1 – працаздольнага і 4 357 або 34,2% – старэй за яго, дарэчы, гэта самы высокі працэнт па вобласці. І амаль самы нізкі ў нас па суадносінах працаздольных, ніжэй – 50, 9 працэнта, толькі ў Бешанковіцкім раёне, а самы высокі – у Віцебску (60,1) і Полацкім раёне (58,5).

Лічым роднай мовай беларускую

Калі ж аналізаваць адносіны ўшацкіх мужчын старэй 15 год да шлюбу, то з 5 034 чалавек 3 098 знаходзяцца ў ім ці ў незарэгістраваных адносінах, 1105 ніколі не стваралі сям’і, 263 – удаўцы і 568 разведзеныя. Сярод 5 925 жанчын расклад па такіх жа пазіцыях наступны – 3 128, 512, 1 573 і 712.

Сярод 11 589 ушачан старэй 10 год 1 867 мае вышэйшую адукацыю, 3 595 – сярэднюю спецыяльную, 1 200 – прафесійна-тэхнічную, 2 871 – сярэднюю, 1 006 – базавую і 991 – пачатковую.

Па нацыянальным складзе насельніцтва раёна выглядае так: 11 859 – беларусаў, 560 – рускіх, 176 – украінцаў, 31 паляк, 10 яўрэяў і 92 чалавекі іншых нацыянальнасцяў. У якасці роднай мовы беларускую назвалі 9 530 чалавек, а 7 404 указалі, што на ёй размаўляюць дома. Рускую мову роднай лічыць – 3 075 ушачан і 5 262 на ёй размаўляюць дома.

49,5 працэнтаў насельніцтва вобласці працуюць па найме, 31,1 знаходзяцца на пенсіі, 24,4 – на ўтрыманні іншых асоб, 4,1 – самазанятыя, у тым ліку па 0,2 працэнта рэспандэнтаў ў якасці крыніц да існавання назвалі асабістую падсобную гаспадарку і вытворчасць тавараў для ўласнай патрэбы. Столькі ж жыхароў вобласці жывуць за здачу ў наем жылля, дэпазіты па ўкладах, таксама 0,2 працэнта – за іншыя крыніцы даходаў.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *