Профориентация: как стать офицером милиции

Образование и молодежь

Хутка скончыцца 1-я чвэрць новага навучальнага года, таму ўжо зараз адзінаццацікласнікам трэба задумваюцца, куды пайсці вучыцца далей, якую абраць прафесію. Сёння на тэму паступлення мы разважаем з намеснікам начальніка Ушацкага РАУС А.І.Авіжа.

Андрэй Іосіфавіч, раскажыце, калі ласка, якія навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутранных спраў можна прапанаваць выпускнікам.

– У краіне зараз працуюць дзве такія вышэйшыя навучальныя ўстановы – Акадэмія Міністэрства ўнутранных спраў Рэспублікі Беларусь у г.Мінску і Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутранных спраў Рэспублікі Беларусь.

Чым яны адрозніваюцца ад іншых, чаму менавіта іх рэкамендуеце?

– Гэта прэстыжныя ВНУ, якія даюць якасную юрыдычную адукацыю. Студэнты, а дакладней – курсанты, на час навучання знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні: бясплатнае харчаванне, інтэрнат, форменнае абмундзіраванне і абутак. Акрамя таго – высокае грашовае забеспячэнне, большае за стыпендыі ў іншых ВНУ. Таксама на базе гэтых устаноў маюцца спартыўныя залы, басейны, ціры, сучасныя бібліятэкі, ёсць магчымасць атрымаць пасведчанне вадзіцеля легкавога аўтамабіля. І, што немалаважна, час навучання залічваецца ў стаж службы ў органах унутраных спраў.

– Адрозніваюцца правілы паступлення ва ўстановы адукацыі МУС ад іншых ВНУ?

– Прыкметна адрозніваюцца. Па-першае, трэба прайсці спецыяльную праверку. Гэта робіцца таму, што пры залічэнні у ВНУ, курсант адразу становіцца супрацоўнікам МУС, а на службу не можа быць прынята асоба пры наяўнасці крымінальных, або некалькіх адміністрацыйных спраў у адносінах яго або яго блізкіх сваякоў (бацька, маці, брат, сястра). Потым неабходна прайсці медыцынскую ваенна-урачэбную камісію з заключэннем аб годнасці да службы ў міліцыі. Калі гэтыя этапы пераадолены, фарміруецца асабовая справа, якая накіроўваецца ва ўстанову адукацыі і кандыдат дапускаецца да конкурсу. Менавіта таму рашэнне аб паступленні трэба прымаць у студзені – лютым, каб хапіла часу на вырашэнне ўсіх працэдур адбору.

Ва ўстановах адукацыі МУС могуць навучацца і дзяўчаты?

– Традыцыйна большасць месцаў аддаецца юнакам. У Акадэміі МУС наогул – толькі юнакі. У Магілёўскім жа інстытуце ёсць набор і для дзяўчат, але невялікі – усяго 15 месцаў. Таму менавіта там вельмі высокі конкурс, прычым права на паступленне маюць толькі выпускніцы ліцэя МУС – сёлета ў залежнасці ад спецыялізацыі праходнымі былі балы ад 180 да 250.

А якія іспыты здаваць абітурыентам?

– Тры ў форме цэнтралізаванага тэсціравання: па рускай або беларускай мове, замежнай мове і грамадазнаўстве.

Што гарантуе выпускніку паспяховае заканчэнне гэтых ВНУ?

– Вышэйшую юрыдычную адукацыю, прысваенне звання «лейтэнант міліцыі» і працаўладкаванне па спецыяльнасці на пасадах начальніцкага складу. Можна разлічваць таксама і на сацыяльную падтрымку. Больш падрабязна аб паступленні можна даведацца па тэлефоне 5-87-08, або знепасрэдна ва Ушацкім РАУС.

Гутарыў Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *