Не «просто Мария». Груши весом в полкило растут на участке Юрия Хомича

Калейдоскоп

Калі Юрый Феадасеевіч Хоміч прадэманстраваў фотаздымак з ураджаем груш з яго прысядзібнага ўчастка, нічога дзіўнага на першы погляд не ўбачыў – у пластыкавай місцы ляжыць крыху больш за дзясятак ладных пладоў. Але якім жа было здзіўленне, калі даведаўся, што гэты посуд – дзесяцілітровы таз!

А праз колькі дзён Ю.Ф.Хоміч завітаў да нас у рэдакцыю і пачаставаў некалькімі дзіва-пладамі сорту “Проста Марыя”. Яны мелі вагу звыш 450 грамаў, а самы вялікі – 540. Грушу, на якой растуць такія плады, гаспадар пасадзіў гадоў пятнаццаць назад і ўраджай збірае даўно. Зараз дрэва дасягнула пяціметровай вышыні, у апошнія сезоны дае каля 150-200 груш, а іх памер такі не толькі ў сёлетні ўраджайны год, а кожны. Нейкіх асаблівых доглядных работ гаспадар не праводзіць, хіба што палівае дрэва ў спякотныя месяцы, падкормлівае попелам на зіму. Перыяд выспявання пладоў прыходзіцца на канец верасня-пачатак кастрычніка. Яны, дарэчы, аказаліся адметнымі не толькі памерамі, а і смакам. “Ёсць грушы розныя: большыя і меншыя, салодкія і мядовыя, познія і раннія, а ёсць – “Проста Марыя”! – падкрэсліў вартасці сорту гаспадар. Адзіны мінус – доўга не захоўваюцца, таму Ю.Ф.Хоміч у чарговы раз раздае грушы сябрам і знаёмым.

Сорт, дарэчы, не мае ніякага дачынення да папулярнага ў 90-ыя гады аднайменнага мексіканскага серыяла, а атрымаў назву ў гонар супрацоўніцы беларускага Інстытута пладаводства Марыі Мялік, якая кіравала групай селекцыянераў. Яго і хацелі назваць “Марыя”, але ў Крыме ўжо была выведзена груша з такой назвай і тады да яе дадалі другое слова.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *