Умеет найти подход к малышам. Почти 37 лет работает яслях-саде №1 г.п.Ушачи Вера Крахотка

Общество

“А што пра мяне можна напісаць? Амаль 37 гадоў на адным месцы і больш нідзе не была”, – зазначае пра сваю дзейнасць выхавацель ясляў-сада №1 г.п.Ушачы Вера Міхайлаўна Крахотка. Між тым, столькі год працаваць з малышамі можна толькі калі шчыра любіш сваю справу. Падмацоўваецца ж гэтае меркаванне сотнямі станоўчых водгукаў бацькоў яе выхаванцаў і любоўю саміх непаседаў.

У дзяцінстве ўраджэнка вёскі Краснае марыла стаць настаўнікам. “Маімі любімымі педагогамі ў роднай Дубраўскай школе былі Святлана Іванаўна Шапо і Паліна Пятроўна Герцык, хацела быць падобнай на іх. Але так склалася, што паступала ў Полацкае вучылішча пасля 8 класаў і падаць дакументы можна было толькі на “дашкольную адукацыю”. Але зараз магу з упэўненасцю сказаць, што не шкадую аб абраным шляху”, – расказвае Вера Міхайлаўна.

Свой першы рабочы дзень – 1 лютага 1984 года – яна памятае выдатна. Канечне, 19-гадовая, яшчэ нявопытная дзяўчына вельмі хвалявалася, тым больш што ў групах тады было аж па 40 дзяцей, а маладому спецыялісту даверылі старэйшую.

Не злічыць, колькі ўшацкіх дзяцей за гэты час прайшло праз рукі Веры Міхайлаўны. Яе выхаванцы ўжо даўно вядуць да яе ў садок сваіх дзяцей, і яна кожнаму дорыць пяшчоту, удзяляе шмат увагі. Трэба бачыць, як хінуцца да яе малышы! Жанчына ўмее ўтрымаць іх увагу, “прыручыць” любога непаседу, сказаць добрае слова, калі трэба – пажурыць, лішні раз перагледзіць, каб ва ўсіх на вуліцы была зашпілена куртачка і не развязаўся шалік. “Ніколі не адносілася да справы фармальна – дагледзець дзяцей і пайсці дадому. З году ў год імкнуся даць кожнаму як мага больш, навучыць, паказаць прыклад, бо менавіта ў раннім дзяцінстве закладаюцца галоўныя навыкі і рысы характару. Дзеці розныя, трэба знайсці падыход, пахваліць, падбадзёрыць, калі нешта не атрымалася, суцешыць і адцягнуць увагу, калі нехта засумаваў па доме. Цікава працаваць як з самымі маленькімі, так і старэйшымі дзецьмі. Ад першых адчуваецца шмат пяшчоты, прыемна назіраць, як яны развіваюцца, растуць, а з другімі – больш аддачы, з імі, як на роўных. Так шкада кожны раз развітвацца з выпускнікамі, але так прыемна, калі потым здалёк бягуць на вуліцы вітацца, чуць пра іх поспехі. І тым больш, калі яны абіраюць такую ж прафесію. Напрыклад, мае калісьці маленькія дзяўчынкі Таня Карабань і Юля Федарэнка зараз ужо працуюць у садках гарпасёлка”, – кажа В.М.Крахотка.

У цяперашні час яна вядзе рознаўзроставую інтэграваную групу з 17 чалавек. Работа ў такой больш складаная: адных трэба рыхтаваць да школы, другім даваць базавы матэрыял, і ўсё гэта сумяшчаць, каб у цэлым ва ўсіх разам дзень праходзіў прадукцыйна і цікава. Займальна Вера Міхайлаўна праводзіць не толькі заняткі, а і гульні, прагулкі на свежым паветры. А яшчэ ўдала пераўвасабляецца ў розных казачных герояў, падчас правядзення свят у садку, як вядома, выхавацелі – яшчэ і акцёры. Неяк на навагоднім ранішніку ёй дасталася роля Бабы-Ягі, якая мела намер яго сапсаваць. Аднак дзеці за грымам пазналі выхавацеля і крычалі: “Такога не можа быць, наша Вера Міхайлаўна добрая!”

Яна ўмее знайсці кантакт не толькі з дзецьмі, а і калегамі, якія яе цэняць і паважаюць. Зрэшты, родны калектыў як мог падтрымліваў Веру Міхайлаўну, калі ў яе трагічна загінуў сын. А яна з галавой яшчэ больш акунулася ў работу, каб перажыць боль страты…

“З Верай Міхайлаўнай дзеці растуць ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Прафесіянал сваёй справы, які аддае ўсю сябе. За апошні год у садку, калі нам пашчасціла трапіць у яе групу, унук настолькі падцягнуў свае веды, уменні, маўленне, што ў школу пайшоў у поўнай “боегатоўнасці”, – зазначае Зінаіда Антонаўна Котышава і з яе словамі пагодзяцца ўсе, хто вадзіў ці вядзе кожную раніцу свайго малыша да Веры Міхайлаўны.

Свой педагагічны талент В.М.Крахотка прымяняе і ў выхаванні ўнучкі Эвеліны. А яшчэ яна выдатная гаспадыня, добразычлівы, душэўны, спакойны чалавек, да якога цягнуцца і дзеці, і дарослыя.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *