Расслабляться не стоит! Правильное ношение масок, дистанция, прививка снизят риск заболевания коронавирусом

Здравоохранение

Хоць абсалютныя лічбы захварэўшых на каранавірус на Ушаччыне не надта вялікія, аднак у пераліку на сто тысяч насельніцтва наш раён займае адну з лідзіруючых пазіцый у вобласці. Другая хваля COVID-19 праходзіць не меней актыўна, чым вясенняя, восем чалавек ужо захварэлі паўторна. А вось пільнасць нашы людзі страцілі. І менавіта таму ўсім будуць дарэчы парады выконваючага абавязкі галоўнага санітарнага ўрача раёна Аляксея Якаўлевіча АДЗЕЕВА.

“Карона”дае ўскладненні

Больш за ўсё сярод захварэўшых COVID-19 у раёне ў кастрычніку людзей працаздольнага ўзросту – 55 працэнты, 16 – пенсіянеры, 29 – дзеці. У асноўным хвароба працякае ў сярэднецяжкай ступені, аднак бываюць зацяжныя формы працягласцю да 8-10 тыдняў. Каранавірус нярэдка дае ўскладненні на сардэчна-сасудзістую сістэму, праяўляецца задышкай пры звычайнай фізічнай актыўнасці, павышанай стамляльнасцю, слабасцю, пнеўманіяй, галаўным болем. Адно з самых складаных – парушэнне згусальнасці крыві, якое прыводзіць да тромбаэмбаліі і ў далейшым можа скончыцца смерцю.

Уваходны фільтр і дыстанцыраванне

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь распрацавала метадычныя рэкамендацыі, якія накіраваны на зніжэнне рызык распаўсюджвання інфекцыі і захаванне здароўя, забеспячэнне бяспекі пры аказанні паслуг насельніцтву ва ўмовах пандэміі COVID-19.

Арганізацыям і прадпрыемствам усіх форм уласнасці трэба: абмежаваць правядзенне любых масавых мерапрыемстваў, камандзіровак, а таксама ўваход асоб, якія не звязаны з дзейнасцю прадпрыемства; арганізаваць “уваходны фільтр»: вымяраць тэмпературу, рабіць апытанне, каб на работу не прыходзілі людзі з вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі; забяспечыць працоўных сродкамі дэзінфекцыі, антысептыкамі, маскамі; праводзіць вільготную ўборку памяшканняў з выкарыстаннем дэзсродкаў не менш за два разы на дзень, а таксама часта праветрываць памяшканні; захоўваць прынцып дыстанцыравання і бескантактнасці пры прывітаннях.

Самае дзейснае – простая маска

Лабараторны кантроль пацвярджае, што маска затрымлівае да 90 працэнтаў мікраарганізмаў. Міністр аховы здароўя РФ паведаміў: для таго, каб не захварэць каранавіруснай інфекцыяй, дастаткова выкарыстоўваць маску, бо ў значнай ступені зніжаецца тэмп распаўсюджвання інфекцыі. Калі б выкарыстанне масак было неэфектыўна, то ў адносінах людзей, якія іх не носяць, у Расіі, Кітаі, Ізраілі і іншых краінах не прымяняліся б штрафы. Паказальны і вопыт Кітайскай правінцыі Ухань, дзе пражывае 11 мільёнаў чалавек. Пасля аб’яўлення каранціну (абмежавальных мерапрыемстваў): самаізаляцыя жыхароў: увесь абслугоўваючы персанал выкарыстоўвае маскі, пальчаткі, антысептыкі, захоўвалася дыстанцыраванне – праз 2,5-3 месяцы ўсе хворыя вылечаны і ліквідавана пагроза распаўсюджвання інфекцыі. На той перыяд рэгістраваліся толькі завозныя выпадкі COVID-19.

У выкананне Плана мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджвання інфекцыі COVID-19, спецыялістамі цэнтра гігіены праводзіліся рэйды на аб’ектах Ушацкага раёна. У некаторых выпадках адсутнічае запас масак і пальчатак, а таксама графік правядзення ўборкі памяшканняў з выкарыстаннем дэзсродкаў, не арганізавана штодзённая тэрмаметрыя супрацоўнікаў, а яны не выкарыстоўваюць маску і пальчаткі пры абслугоўванні наведвальнікаў або выкарыстоўваюць няправільна. Нагадаю асноўныя правілы: перад апрананнем маскі трэба мыць і апрацоўваць антысептыкам рукі, яна павінна шчыльна прылягаць, да яе нельга дакранацца рукамі, а выкарыстоўваць не больш за дзве гадзіны, памяняўшы на другую, правільна апрацаваўшы шматразовую. І канечне, нельга насіць маску на падбародку, яна абавязкова павінна закрываць нос.

Калектыўны імунітэт

Хачу прыгадаць часы, калі падчас эпідэміі грыпу даводзілася зачыняць школы, дзіцячыя сады – бо прышчэплівалася тады толькі 15-20 працэнтаў насельніцтва. Мы забыліся пра гэта, паколькі на працягу апошніх гадоў імунізуецца 40 працэнтаў беларусаў. Кампанія па вакцынацыі працягваецца: за сродкі рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў праведзена на 100 працэнтаў. Справа за арганізацыямі, якія павінны прышчапіць сваіх супрацоўнікаў на платнай аснове. Такім чынам будзе выпрацаваны калектыўны імунітэт, і калі чалавек і захварэе, то ў больш лёгкай форме. Добра наладжана гэтая работа ў санаторыі «Лясныя азёры”, філіяле “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, УП “ЖКГ Ушацкага раёна” і іншых. Разам з тым па стане на 20 кастрычніка ў ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна” з запланаваных 47 чалавек зрабілі 16 (34%), ДЛГУ “Ушацкі лясгас” са 112 – 50 (44,6%), ПУП “Віцебскаблводаканал” з 12 – 8 чалавек (66,7%). А Ушацкі РЭС, участак у г.п. Ушачы АТП №6 г.Наваполацка, філіял ААТ “Сцяг індустрыялізацыі”, Ушацкі ўчастак электрасувязі РУП “Белтэлекам” наогул адмаўляюцца ад вакцынацыі. Зрабіць прышчэпку яшчэ не позна, аднак і зацягваць нельга, паколькі імунітэт выпрацоўваецца на працягу 2-3 тыдняў пасля яе правядзення.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што мішэнню як для грыпу, так і каранавіруса з’яўляюцца лёгкія. Зрабіўшы прышчэпку, мы павышаем імунітэт, што дапамагае супрацьстаяць і COVID-19.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *