Один учитель хорошо, а два — ещё лучше. Девятиклассник Денис Шук усердно готовится к республиканской олимпиаде по химии

Образование и молодежь

На гадзінніку – 15.00. Урокі ва Ушацкай школе ўжо скончаны, аўдыторыі, калідоры апусцелі. Ажыўленне толькі ў кабінеце хіміі на чацвёртым паверсе. Тут да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі разам з педагогам Л.А.Струй рыхтуецца дзевяцікласнік Дзяніс Шук. З цікавасцю ўключыўся ў працэс і былы выпускнік установы, а зараз студэнт хімфака БДУ Леанід Давыдаў. У такой кампаніі, як кажуць, займацца не толькі карысна, але і цікава.

– Нават не верыцца, што ўжо сам даю падказкі, – усміхаецца трэцякурснік, якому шлях у абраную ВНУ без уступных іспытаў даў атрыманы на рэспубліцы дыплом. – Здаецца, зусім нядаўна сядзелі над падручнікамі з Ларысай Аркадзьеўнай, рыхтуючыся да розных этапаў алімпіяды. А зараз на п’едэстале пераможцаў – ужо іншыя. З Дзянісам, у прыватнасці, знаёмыя не першы год, і зараз, знаходзячыся на канікулах, спрабую яму дапамагчы.

Л.А.Струй рада такому сяброўству. Па-першае, вучню, які толькі пачынае ўдзел у алімпіядным руху, важна навучыцца ставіць перад сабой годныя арыенціры. Прыклад жа Леаніда, які ў свой час плённа займаўся хіміяй, заваёўваў высокія ўзнагароды на інтэлектуальных выпрабаваннях па гэтай навуцы, а ў выніку знайшоў у ёй сваё прызванне (сярод спецыяльнасцей на хімфаку БДУ юнак выбраў менавіта фундаментальную хімію – каб мець магчымасць займацца даследчай дзейнасцю), гэтаму, безумоўна, спрыяе. Ну а па-другое, падрыхтоўка не спыняецца ні пры якіх абставінах: нават калі ў Ларысы Аркадзьеўны ўрокі, можна даць хлопцам заданне – і яно будзе выканана.

 

– Лічу, што ад настаўніка залежыць толькі 20 працэнтаў поспеху, – упэўнена Л.А.Струй. – Усё астатняе – за самім школьнікам, яго блізкімі. Калі два з паловай гады таму прыйшла ў клас, дзе вучыцца Дзяніс, проста не магла не прыкмеціць гэтага стрыманага, адказнага, працалюбівага хлопца, які яўна зацікавіўся прадметам. Неяк прапанавала прыйсці на дадатковыя заняткі – пагадзіўся. Так пачалася наша з ім работа па падрыхтоўцы да алімпіяды. Летась, праўда, з-за пандэміі не атрымалася ў ёй паўдзельнічаць – для васьмікласнікаў гэтыя спаборніцтвы былі адменены. Затое сёлета вынік выдатны: дыплом ІІ ступені ў раёне і абсалютна лепшы паказчык у вобласці!

Заўсёды трымаць сябе ў тонусе Дзяніса прывучылі бацькі. Для іх годнае навучанне сыноў (дарэчы, малодшы Кірыл, які зараз вучыцца ў сёмым класе, таксама праяўляе цікаўнасць да хіміі) – у прыярытэце. Зараз, калі пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага этапу алімпіяды Д.Шуку дазволена наведваць заняткі па ўласным жаданні, Міхаіл Аляксандравіч і Наталля Савельеўна раяць нічога не прапускаць. Такую ж пазіцыю займае і старэйшае пакаленне сям’і – калі па тэлефоне ад настаўніка хлопцу паступае заданне, а Дзяніс абавязкова бярэ з сабой у вёску летам ці на канікулах падручнікі, усе стараюцца яго не турбаваць.

Так склалася, што ў дзявятым класе выкладаць хімію ў Дзяніса пачала А.В.Марозава, дадатковыя ж заняткі з ім па-ранейшаму праводзіць Л.А.Струй. Такое рашэнне прынята кіраўніцтвам школы і самімі настаўнікамі невыпадкова: Алена Васільеўна не першы год рыхтуе да алімпіяды Марата Клачка, які вучыцца зараз у 11 класе, паколькі ж розніца ў праграмах па прадмеце ў хлопцаў вялізная, мяняць прынцыпы пазаўрочнай работы з Дзянісам не сталі. А той гэтаму толькі рады, як з усмешкай гаворыць: адзін настаўнік – добра, а два – яшчэ лепш.

– На вобласці іспыты былі падзелены на дзве часткі, – прыгадвае хлопец свой нядаўні ўдзел у алімпіядзе. – Спачатку – тэорыя: шматлікія тэсты, задачы. Потым – практыка, якая не абыходзіцца без выкарыстання колбаў, прабірак, гарэлак і іншых неабходных для эксперыментаў рэчаў. Быў у нас цікавы момант. Калі прапанавалі выкарыстаць бюрэтку для тытравання, многія школьнікі акруглілі вочы: пра такое “цуда” яны чулі ўпершыню. Я ж упэўнена расправіў плечы: гэты хіміка-лабараторны посуд, хоць і “ўзроставы”, у нашай школе ёсць – не раз правяралі яго ў дзеянні.

Ведаць удзельнікам алімпіяды даводзіцца, сапраўды, значна больш, чым прадугледжана школьнай праграмай. Так, напрыклад, сёлета ў дзевяцікласнікаў было нямала пытанняў па арганічнай хіміі, вывучэнне якой пачнецца толькі праз год. Тут у дапамогу юнаму ўшачаніну прыйшлі не толькі “праштудзіраваныя” падручнікі старэйшых класаў, але і адмысловая літаратура, якую Л.А.Струй заказала з Расійскай Федэрацыі. Каб правільна зарыентавацца ў некаторых заданнях, часам неабходна веданне іншых прадметаў – той жа фізікі, матэматыкі. І тут Дзянісу зноў не было роўных: апошняя дысцыпліна – таксама ў ліку яго любімых, сёлета на раённым этапе алімпіяды па ёй хлопец заваяваў дыплом І ступені.

Ці спатрэбіцца хімія ў будучым, Д.Шук пакуль не ведае, з выбарам прафесіі не спяшаецца. Але працягнуць паглыбленае вывучэнне прадмета, трапіць у наступным годзе ў профільны клас адназначна хоча. У бліжэйшай жа перспектыве – важная падзея, да якой хлопец ідзе некалькі гадоў. Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды – своеасаблівы трамплін, з якога бачны перспектывы, а да зор рукой падаць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *