26-27 января в школах района прошли профориентационные мероприятия для будущих абитуриентов

Образование и молодежь

Зрабіць правільны выбар дапамагалі будучым абітурыентам спецыялісты многіх службаў Ушаччыны і навучальных устаноў Віцебшчыны. 26-27 студзеня ў школах раёна прайшлі прафарыентацыйныя бацькоўска-вучнёўскія сходы.

Адкрываючы мерапрыемства ў Глыбачцы, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч адзначыла, што прафарыентацыйная работа трымаецца на дзяржаўным кантролі: арганізацыі і прадпрыемствы прапануюць запатрабаваныя варыянты працаўладкавання. Прадстаўнікі Полацкага гандлёва -тэхналагічнага каледжа Белкаапсаюза расказалі аб традыцыйных спецыяльнасцях установы і тых, што з’явіліся адносна нядаўна: рознічныя банкаўскія паслугі і нізкатэмпературная тэхніка. Начальнік аддзела па кадрах Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства М.В.Храмёнак запэўніла, што ўсе нашы юнакі і дзяўчаты пасля заканчэння каледжа будуць забяспечаны першым працоўным месцам.

Аб падтрымцы маладых людзей, якія выберуць навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, расказала прысутным галоўны спецыяліст райсельгасхарча А.І.Папко. Кіраўнікі ж КУСГП “Вялікадолецкае” і ААТ “Ільюшынскі” спыніліся на гарантыях маладым спецыялістам, звязаныя найперш з жыллёва-бытавымі ўмовамі.

Зрабіць стаўку на рабочыя прафесіі – механізатара, повара, газазваршчыка, будаўніка, на якія заўсёды будзе попыт, раіла майстар вытворчага навучання Ульскага прафесійнага ліцэя. Прафесіі бібліятэкара і клубнага работніка рэкламавалі прадстаўнікі Ушацкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Л.М.Шкаруба, а таксама цэнтра, культуры і народнай творчасці Н.М.Каваленка. Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ушацкага РАНС А.М.Уліновіч на сустрэчу прыйшоў з будучым калегам, а зараз курсантам універсітэта грамадзянскай абароны МНС. У Вялікадолецкай школе з цікавасцю слухалі свайго выпускніка 2018 года Эдуарда Лабэцкага, які летам вернецца працаваць на Ушаччыну ў афіцэрскіх пагонах. А пакуль ён выступаў перед школьнікамі, іх бацькамі з аповедам пра тое, наколькі прафесія выратавальніка загартоўвае характар, развівае маральныя і фізічныя якасці, правярае на вынослівасць. У высокамаральных, фізічна вытрыманых спецыялістах зацікаўлены таксама раённы аддзел унутраных спраў – пра гэта казаў намеснік начальніка РАУС А.І.Авіжа.

 

Прафесію медыцынскага работніка ў школах раёна рэкламавалі намеснікі галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ Н.В.Дрозд і А.В.Паншын, урач агульнай практыкі А.У.Крыштопенка. Спецыялісты ў белых халатых запатрабаваныя ў раёне – і сярод маладых людзей ужо ёсць тыя, хто хоча звязаць свой лёс з медыцынай. У рэйтынгу папулярных – прафесіі лясной гаспадаркі, пра што казалі спецыялісты Ушацкага лясгаса і Вялікадолецкага лясніцтва. Нягледзячы на змяншэнне колькасці школ у раёне, запатрабаванымі застаюцца і педагогі, асабліва настаўнікі матэматыкі, пачатковых класаў, фізічнага выхавання, выхавацелі дашкольнай адукацыі.

На ўсіх сустрэчах прысутнічалі старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, якія выказалі надзею, што маладыя людзі зробяць правільны выбар і пасля заканчэння абраных устаноў вернуцца на малую радзіму.

Н.ПАДГОЛ, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *