VI Всебелорусское народное собрание: анализ результатов прошлой пятилетки и приоритеты для будущей

Общество

Галоўнай падзеяй мінулага тыдня стаў VI Усебеларускі народны сход, які прайшоў у Мінску. Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны абмяркоўваліся на працягу двух дзён. Са сваімі прапановамі выступілі дэлегаты і запрошаныя, прадстаўнікі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бізнесу і грамадскіх арганізацый, моладзі, духавенства, дзяржслужачыя, эксперты. Прынялі ўдзел у маштабным форуме і ўшачане: старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, дырэктар музея народнай славы імя У.Лабанка Н.П.Бугай.

VI Усебеларускаму народнаму сходу папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа, што стала яго адметнай рысай. Па ўсёй краіне прайшлі дыялогавыя пляцоўкі, дзе абсалютна кожны мог выказаць свае прапановы. Усе яны былі акумуляваны і агучаны падчас форуму. Акрамя таго, меркаванні ад грамадзян прымаліся на сайт VI Усебеларускага народнага сходу, яны таксама ўлічаны пры падрыхтоўцы.

Аналіз вынікаў папярэдняй пяцігодкі сведчыць, што нягледзячы на знешнія выклікі і абмежаванні, рашэнні пятага Усебеларускага народнага сходу ў асноўным выкананы. Удалося забяспечыць рост узроўню жыцця насельніцтва, захаваць бяспеку і суверэнітэт краіны. ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці ўзрос за пяцігоддзе на 14% і дасягнуў у 2020 годзе $20,2 тыс. У рэспубліцы забяспечана стабільная занятасць насельніцтва, рэальная заработная плата вырасла больш чым у 1,3 раза. Захаваны кантроль за ростам цэн. Чаканая працягласць жыцця дасягнула 74,5 года, што сведчыць у тым ліку пра высокі ўзровень беларускай медыцыны. Беларусь займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу спрыяльных для мацярынства краін. Кожны мае магчымасць атрымаць якасныя веды, а па індэксе адукацыі мы ўваходзім у топ-30 перадавых дзяржаў свету. Знізілася адміністрацыйная і кантрольная нагрузка на бізнес. Разам з тым, застаецца нявырашаным шэраг пытанняў. Неабходны больш інтэнсіўны рост ВУП, экспарту і інвестыцый. Не зжыты бюракратызм у прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў, патрабуюцца новыя стымулы для росту колькасці насельніцтва.

Шосты Усебеларускі народны сход адобрыў асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады Ключавыя прыярытэты пяцігодкі – шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр. Сацыяльна-арыентаваная дзяржава застанецца нязменным нацыянальным брэндам Беларусі. Знешнеэканамічная палітыка будзе ажыццяўляцца праз пашырэнне экспарту на новыя рынкі, развіццё эканамічнай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і СНД. У сацыяльна-эканамічнай палітыцы ўвага надаецца такім надзённым пытанням, як справядлівае цэнаўтварэнне, прымальныя тарыфы на асноўныя паслугі, эфектыўная занятасць і забеспячэнне годнай аплаты працы. Зрэшты, як адзначыў у сваім выступленні Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, за мінулае пяцігоддзе даходы насельніцтва ў рэальным выражэнні павялічыліся на 15 працэнтаў, сярэдняя зарплата перасягнула Br1,2 тыс. “Можа, гэта і няшмат, але не трэба забываць, што ў дапаўненне да гэтых грашовых даходаў беларускія грамадзяне маюць сацыяльны пакет, пра які не могуць і марыць не толькі нашы суседзі, але і многія краіны, якія прэтэндуюць на статус развітых. Ільготы па ЖКГ, праездзе на грамадскім транспарце, школьным харчаванні, бясплатная адукацыя і медыцына. Вы толькі ўявіце, колькі каштавала б кожнаму чалавеку лячэнне ў стацыянары ад каранавіруса. Але мы трымаемся, мы плацім”, – канстатаваў Прэзідэнт.

Сход даручыў дзяржаўным органам прыняць вычарпальныя меры па дасягненні пастаўленых мэт і рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

На форуме прынята рашэнне зрабіць Усебеларускі народны сход Канстытуцыйным органам, а таксама распрацаваць прапановы па змене Канстытуцыі Беларусі для іх наступнага вынясення на ўсенароднае абмеркаванне і рэспубліканскі рэферэндум.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

  • Наталля Пятроўна Бугай: “Ад сходу ў мяне засталіся выключна станоўчыя эмоцыі. Гэтыя дні былі вельмі насычанымі, у арганізацыі мерапрыемства – усё прадумана і цікава. У галоўным форуме краіне прымала ўдзел у другі раз. У адрозненне ад чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, шосты быў больш маштабным і моцным – гэта прадыктавана часам і сусветнымі тэндэнцыямі. Упор рабіўся не толькі на ўнутранае развіццё краіны, а і знешнюю палітыку. Абмяркоўваліся шматлікія пытанні, сярод іх павышэнне дабрабыту, развіццё сяла і малых гарадоў, а таксама патрыятызму. І ў гэтым плане вельмі спадабалася выступленне маладога слесара кантрольна-вымяральных прыбораў Жлобінскага металургічнага завода – яно было шчырым і непадробным, хлопец з такой любоўю расказваў пра сваё прадпрыемства і канкрэтныя справы, што зал некалькі разоў перарываў яго апладысментамі. А яшчэ малады чалавек слушна заўважыў, што калі кожны будзе добрасумленна працаваць на сваім рабочым месцы, то мы зможам выканаць усё намечанае і нават больш”.
  • Наталля Мікалаеўна Марковіч: “Прымала ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе ўпершыню і засталася ўражана. Прыемна, што адным з прыярытэтаў названы моцныя рэгіёны. Вітаю і прапановы пашырыць межы выкарыстання сямейнага капіталу, прадстаўленне шматдзетнай маці пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці права на працоўную пенсію, нават калі ў яе адсутнічае стаж работы.
     
    Грунтоўным і эмацыянальным было як выступленне Прэзідэнта, так і многіх дэлегатаў. Чырвонай ніткай не раз гучала на мерапрыемстве, што кожнаму чалавеку трэба цаніць тое, што маем і на гэтай аснове рухацца далей. Вярнуўшыся са сходу дэлегаты будуць расказваць пра яго ў сваіх гарадах і раёнах, даносіць тэзісы ў працоўныя калектывы, а галоўнае – рэалізоўваць усе задачы на карысць нашай радзімы”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *