Нашаму славутаму земляку Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну 24 лютага споўнілася б 86 гадоў

Общество

Ён пайшоў з жыцця ў 2014-м, але пакінуў нам у спадчыну неацэнны скарб, які робіць сапраўдных творцаў неўміручымі. А яшчэ – магчымасць ганарыцца тым, што мы жывём на Ушаччыне, якая ўзгадавала талент такога маштабу. Напэўна, як ніхто іншы Рыгор Іванавіч падкрэсліваў сваю адданасць родным вытокам – і невыпадкова тэматычная выстава, падрыхтаваная ў раённай бібліятэцы да дня яго нараджэння, мае назву “Я сын зямлі”. На яе паліцах – каля трыццаці кніг, але гэта не ўсе з наяўных выданняў. Р.Барадулін разам з В.Быкавым – своеасаблівыя лідары па колькасці тамоў, прадстаўленых у кніжным фондзе ўстановы.

Літаральна з кожным экзэмплярам выставы звязаны гісторыі. Вось, напрыклад, дэбютны паэтычны зборнік “Маладзік над стэпам”, які пачынаючы паэт у 1960-м падарыў Еўдакіі Лось, суправадзіўшы наступным надпісам: “Слыннай зямлячцы, якая помніць аб сонцы. А вось дый прыгадае калі, на Парнасе седзячы, аб адным літрабе, якога Рыгорам звалі. Ганаруся, што аднымі вуліцамі на роднай Ушаччыне хадзіў”. Гэты рарытэт у 1998-м годзе перадалі нашай бібліятэцы сёстры Еўдакіі Якаўлеўны, якія прыязджалі на ўрачыстасць з нагоды яе юбілею. А вось кнігу “Лісты з Хельсінкі”, што выйшла ў свет амаль праз паўстагоддзя, Народны паэт падпісаў, калі ў 2008-м прыбыў на малую радзіму на раённы Дзень пісьменства. Арыгінальны мініфарматны зборнічак “Босая зорка” 2001-га года дапамог бібліятэкарам выканаць запыт беларускага краязнаўцы, які даслаў ліст з просьбай адшукаць адзін з вершаў Барадуліна. “Перагледзелі ўсю літаратуру і нарэшце знайшлі гэты твор, які мае назву “Калі ў Вушачы начаваў Напалеон…” – прыгадвае бібліятэкар Т.Б.Гарбаценка. А знакамітае “Вяртанне” Таццяна Браніславаўна называе сваёй настольнай кнігай – на яе погляд, гэта найлепшы кароткі пераказ гісторыі нашага краю з выдатнымі ілюстрацыямі, проста неацэнны пры падрыхтоўцы сцэнарыяў розных мерапрыемстваў.

Рыгор Барадулін услаўляў Ушаччыну – і, у сваю чаргу, яго асоба і творчасць знайшлі свой куточак у сэрцы амаль кожнага земляка. У свядомасць бібліятэкара Галіны Пятроўны Талстой паэт трапіў праз надпіс, які яна маленькай дзяўчынкай убачыла ў аўтобусе па дарозе да бабулі ў вёску. Прачытаўшы словы “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем…”, наклееныя вадзіцелем на шкло, што аддзяляла яго крэсла ад салона, яна распытала ў дарослых пра іх сэнс. Відавочна, што гэта было сведчаннем сапраўднага і шчырага народнага прызнання – праходзяць гады, а радкі застаюцца з намі і літаральна кожны ўшачанін, пачуўшы іх, тут жа працягне: “Каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці…”

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *