Ушачские спасатели напоминают о правилах эксплуатации электрооборудования и электроприборов

Профилактика и безопасность

Парушэнне правіл эксплуатацыі электраабсталявання і электрапрыбораў – такая папярэдняя прычына пажару, які адбыўся ў сераду раніцай па вуліцы Школьнай у вёсцы Слабада Сарочынскага сельсавета. Па прыбыцці пажарных разлікаў да месца здарэння адкрытым агнём гарэў дах жылля. Гаспадар знаходзіўся дома, здолеў самастойна выйсці на вуліцу і не пацярпеў. Пабудова моцна пашкоджана агнём унутры і непрыгодна для пражывання. З пачатку года ў раёне адбылося ўжо 6 пажараў, усё часцей у зводках фігурыруе вышэй названая прычына.

Як адзначаюць спецыялісты энергагазінспекцыі, супрацоўнікі МНС, у многіх дамах электраправодка служыць доўгія гады, але раней наша жыллё не было так “напічкана” бытавой тэхнікай як зараз. Купляючы новы магутны пыласос ці мікрахвалевую печ, людзі, не задумваючыся, падключаюць яе да існуючай сеткі – і атрымліваюць праблемы ў выглядзе аплаўленай ізаляцыі ці горш таго, узгарання.

Як на практыцы ўзнікае перагрузка сеткі? Напрыклад, у разетку на два аддзяленні карыстальнік уключае пральную машыну магутнасцю 2,5 кВт і электрачайнік на 2,2 кВт, сумарная нагрузка складае 4,7 кВт. Электрычны ток, які ідзе па правадах, будзе каля 22 ампер, у выніку адбываецца адключэнне электраэнергіі або перагарае пробка, таму што яны, як правіла, разлічаны толькі на 10-16 ампер. Тут многія дапускаюць крытычную памылку – ставяць аўтаматычны выключальнік або пробку з вялікай мяжой дапушчальнай нагрузкі, часта гэта 25 ампер. Але найбольш распаўсюджаная алюмініевая электраправодка ў дамах вытрымлівае ток да 19 ампер, у выніку пачынае плавіцца ізаляцыя правадоў, награваецца кантактнае злучэнне ў разетцы і вілцы. Яшчэ хутчэй узнікне ўзгаранне, калі прыборы ўключаюцца праз падаўжальнік або трайнік. Не ганіцеся і за танным несертыфікаваным таварам – тымі ж трайнікамі, пераноскамі – часам нават маламагутная зарадная прылада для мабільнага тэлефона выклікае нагрэў у іх кантактных злучэннях.

Гэтая і іншыя тэмы па бяспецы жыццядзейнасці актыўна абмяркоўваліся на працягу апошняга тыдня ў працоўных калектывах, на сходах у рамках акцыі “Адзіны дзень бяспекі”. Супрацоўнікі энергагазінспекцыі, газавай службы, аддзелаў па надзвычайных сітуацый і ўнутраных спраў, іншыя суб’екты прафілактыкі нагадвалі важныя правілы, а таксама праводзілі экскурсіі і дні адчыненых дзвярэй на сваіх аб’ектах. У многіх калектывах прайшла трэніровачная адпрацоўка планаў эвакуацыі. Асобная ўвага ўдзяляецца юнаму пакаленню ўшачан – нямала мерапрыемстваў арганізавана ва ўстановах адукацыі. На тэрыторыі сельсаветаў актыўную работу па абследаванні жылфонду вядуць і аглядавыя камісіі. Да аднаго з рэйдаў МНС на тэму выканання правіл пры карыстанні пячным ацяпленнем далучылася і рэдакцыя. Самым распаўсюджаным парушэннем у сельскіх населеных пунктах з’яўляецца складзіраванне на печах лёгкаўзгаральных рэчаў (адзення, дроў, газет), а таксама рэдкая ачыстка дымаходаў: пры апытанні высветлілася, што некаторыя гаспадары не паклапаціліся пра гэта ў пачатку ацяпляльнага сезона.

Вольга КАМАРКОВА.

Важна

  • Наяўнасць непрыемнага паху палаючага пластыку – падстава задумацца, магчыма, дзесьці «карацяць» правады. Неадкладна выключыце прыбор.
  • Пры наяўнасці старонняга шуму кшталту трэскання таксама трэба хутчэй выключыць тэхніку, як і пры выпадковым трапленні на яе вады.
  • У доме павінна адначасова працаваць не больш за 5 прыбораў.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *