II-й открытый турнир по самбо памяти С.Г.Соснина среди юношей и девушек прошёл в ФОК «Юность-Ушачи»

Cпорт

У пятніцу наш спарткомплекс зноў расчыніў свае дзверы для юных спартсменаў – на гэты раз тут уладарылі прадстаўнікі адзінаборстваў. На ІІ адкрыты турнір па самба памяці былога трэнера Ушацкай ДЮСШ Сяргея Сасніна прыехалі каманды з Віцебска, Полацка і Лепеля, максімальна баявы склад выставілі і гаспадары.

Тон спаборніцтвам задало ўрачыстае адкрыццё, падчас якога з прывітальнымі словамі да пачынаючых самбістаў, іх трэнераў і бацькоў звярнулася ганаровая госця турніру – шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы, сярэбраны прызёр ІІ Еўрапейскіх гульняў па гэтым відзе спорту Анастасія Архіпава, а сястра С.Сасніна Наталля Мізэрная шчыра падзякавала прысутным за памяць і годны працяг справы свайго брата.

Былыя і цяперашнія выхаванцы Ушацкай ДЮСШ.

Па традыцыі першымі на барцоўскі дыван выйшлі самыя маленькія – хлопчыкі і дзяўчынкі 2012-2013 гадоў нараджэння. Некаторыя з іх займаюцца барацьбой толькі першы год, аднак ужо маюць у сваім арсенале неблагі набор прыёмаў. Так, дэбютным гэты турнір стаў для ўшачанкі Сашы Храмёнак, але трымалася яна даволі ўпэўнена і здолела стаць бронзавым прызёрам. Ну а наш прадстаўнік у самай лёгкай хлапчуковай вазе Максім Паршонак ужо мае багаты турнірны вопыт, і на дамашніх спаборніцтвах ніхто з сапернікаў не здолеў скласці яму канкурэнцыю. На трэцюю прыступку п’едэстала ўзышлі Макар Звольскі, Аляксей Карабань і Руслан Аляксееў.

Яшчэ больш відовішчнымі і ўпартымі былі паядынкі ў барцоў 2008-2009 гадоў нараджэння. Як кажуць, на класе выйграў усе схваткі лідар нашай каманды Павел Шакута, толькі ў фінале дапусціў “асечку” і стаў сярэбраным прызёрам Яўген Карэйша, “бронзу” дадаў у камандную скарбонку Сяргей Жарнасек.

Цэлы квартэт юных ушацкіх самбістак змагаўся ў катэгорыі 32 кілаграмы: у выніку Улада Цюкала, Аліса Зуева, Карына Лецкая і Кацярына Рубанік акупіравалі ўвесь п’едэстал, заняўшы адпаведна першае, другое і два трэція месцы. “Золата” заваявала Паліна Жалейка, “срэбрам” адзначыліся Паліна Пацэвіч, Арына Маркевіч, “бронзай” – Каміла Первянёнак.

М.Антопуш, М.Паршонак.

Апошняя, дарэчы, абараняла гонар нашай ДЮСШ у адной з самых складаных вагавых катэгорый, і каб здабыць узнагароду, дзяўчынцы давялося праявіць характар. А таму менавіта Каміле вырашыла аддаць свой спецыяльны прыз “За волю да перамогі” Анастасія Архіпава. Яшчэ адзін такі ж падарунак, а таксама прызы за лепшую тэхніку ў дзяўчат і хлопцаў атрымалі ад славутай спартсменкі прадстаўнікі іншых каманд. Увогуле наша чэмпіёнка заўсёды адгукаецца на запрашэнне свайго першага трэнера Веры Васільеўны Кілінай прыехаць ва Ушачы на дзіцячыя турніры ці проста правесці майстар-клас для навучэнцаў аддзяленняў дзюдо і самба. Не адмовіла і зараз, хоць мае зусім мала часу, бо паўгода таму ў трэці раз стала мамай.

Увогуле літаральна ўсе былыя выхаванцы Веры Васільеўны і яе калег з надзвычайнай цеплынёй і ўдзячнасцю прыгадваюць родную спартыўную школу і пры любой магчымасці імкнуцца сюды наведацца. Вось і студэнткі Белдзяржуніверсітэта фізічнай культуры Дар’я Падгол і Крысціна Зуева спецыяльна прыехалі са сталіцы, каб выйсці на татамі ў якасці рэферы, разам са Святланай Фядосенка працавалі за судзейскім столікам Канстанцін Дук і Эльвіра Падгола, якая, на жаль, зараз прыпыніла спартыўную кар’еру з-за траўмы. А выпускніцы ДЮСШ Марына Антопуш і Кацярына Маркевіч самі сталі трэнерамі і рыхтавалі да паядынкаў юных ушачан.

Паядынак праводзіць П.Шакута.

“Спаборніцтваў па самба ў нас праводзіцца зусім нямнога, таму вельмі прыемна, што ва Ушачах з’явіўся такі турнір, – падзяліўся меркаваннямі трэнер Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па адзінаборствах, майстар спорту СССР Генадзь Віктаравіч Якімаў, які прывёз на мемарыял С.Сасніна чатырох сваіх падапечных. – У гэтым навучальным годзе ў нашым цэнтры, дзе ўдасканальваюць майстэрства выхаванцы спартыўных школ і вучылішчаў алімпійскага рэзерву рэгіёну, адкрылася аддзяленне па самба. Гэтаму віду барацьбы апошнім часам удзяляецца асаблівая ўвага – мяркуецца, што ён увойдзе ў алімпійскую праграму. Ва Ушачах жа ў самба трывалыя традыцыі – невыпадкова менавіта вашаму перспектыўнаму трэнеру Валерыі Джураевай было прапанавана весці заняткі ў новым аддзяленні цэнтра алімпійскага рэзерву”.

Ну а ўшацкая школа адзінаборстваў працягвае развівацца, умацоўваць свой аўтарытэт, а галоўнае – прывіваць дзецям любоў да фізкультуры і спорту, рабіць іх больш моцнымі целам і духам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *