Митинги-реквиемы с возложением венков и цветов, минутами молчания прошли в Ушачском районе

Общество

У гісторыі нашай Радзімы нямала трагічных дат, адна з іх – 22 сакавіка 1943-га. У гэты дзень 149 жыхароў невялікай беларускай вёсачкі Хатынь, сярод іх 75 дзяцей, былі зажыва спалены нямецкімі акупантамі, а сам населены пункт разрабаваны і знішчаны. У 1969 годзе ў памяць пра ўсіх загінуўшых у часы Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхарах нашай краіны на месцы былой Хатыні адкрыты мемарыял. Маштабная патрыятычная акцыя, прымеркаваная да Дня памяці Хатынскай трагедыі, прайшла на мінулым тыдні па ўсёй Беларусі. Мітынгі-рэквіемы з ускладаннем вянкоў і кветак, хвілінамі маўчання сабралі нямала ўдзельнікаў і ва Ушацкім раёне. На мемарыялах і поміках наведзены належны парадак.

Мітынг-рэквіем у Бабовішчы.

У часы Вялікай Айчыннай вайны 9200 беларускіх вёсак раздзялілі лёс Хатыні. 186 з іх так і не былі адноўлены, у тым ліку Асавіна, Мурагі, Ралля і Тухаціна Ушацкага раёна. Капсулы з зямлёй гэтых спаленых вёсак захоўваюцца на мемарыяльным комплексе “Хатынь”. На месцы ж масавага пахавання 515 мірных жыхароў дзвюх апошніх, а таксама Бабовішча, Глінішча, Заляддзя, растраляных фашысцкімі карнікамі ў маі 1944-га, у 1964 годзе ўстаноўлены абеліск.

Менавіта тут у нядзелю, 21 сакавіка, прайшла раённая траурная цырымонія “Памяці боль…” Пакланіцца святой зямлі, аддаць даніну павагі мужнасці і гераізму нашых землякоў у вёску Бабовішча завіталі старшыня Ушацкага райвыканкама У.Г.Аўдошка, яго намеснік А.В.Пашковіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі П.А.Алексяёнак, старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама А.Л.Сыс, старшыня раённага савета ветэранаў Н.А.Васілеўская, актывісты Беларускага саюза жанчын, грамадскасць.

Ля помнікаў у Белым.

У сваім выступленні П.А.Алексяёнак нагадаў аб страшных падзеях Вялікай Айчыннай, пра шырокамаштабную работу па ўвекавечанні памяці загінуўшых, што праводзіцца ў раёне. Кранулі ўдзельнікаў мерапрыемства прадэкламаваныя Пятром Аляксандравічам радкі з паэмы Роберта Раждзественскага “Памятайце” – на вачах у многіх заблішчэлі слязінкі.

Ля помнікаў у Забораўне.

Сваімі ўспамінамі пра стасункі з ветэранамі Вялікай Айчыннай падзялілася з прысутнымі Н.А.Васілеўская. “Калі 46 гадоў таму прыйшла працаваць ва Ушацкую школу, дырэктарам установы быў Іван Кірылавіч Падворны, – зазначыла Ніна Аляксандраўна. – У адмысловым альбоме ветэран прапісаў імёны нашых землякоў з месцам і часам службы, якія гэтак жа як і ён, сталі ўдзельнікамі ваенных дзеянняў. У 2010 годзе ў спісе жывых значылася звыш 400 ветэранаў. На сённяшні дзень іх усяго 7, а былых малалетніх вязняў – 13”.

Колькі б гадоў ні прайшло з моманту трагедыі, што адбылася ў гэтых ціхіх мясцінах Вялікадолецкага сельсавета, для жыхароў нашага раёна памяць пра яе застаецца свяшчэннай. Сёння абеліск у Бабовішчы – не проста помнік народнага смутку, а жывая школа патрыятычнага выхавання многіх пакаленняў, у тым ліку моладзі, якая вучыцца разумець, што самае дарагое на зямлі – гэта мір.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *