Ушачанка Ирина Рабиза занимается массажем, при этом успевает всё и даже больше!

Общество

“Як ты ўсё паспяваеш?” Такое пытанне ўшачанка Ірына Рабіза апошнім часам чуе ад сваіх знаёмых усё часцей. І сапраўды, маладая дзяўчына не толькі паспявае вывучаць англійскую і іспанскую мовы ў лінгвістычным універсітэце, а і шмат часу ўдзяляць заняткам спортам, а таксама сваім хобі. Адно з іх – масаж – настолькі захапіла дзяўчыну, што з аматарскага ўзроўню ўжо пераходзіць на прафесійны.

“Масажная тэма зацікавіла мяне гады два таму. Пачала самастойна знаёміцца з адпаведнай літаратурай, вывучаць тэхнікі па відэароліках у інтэрнэце. Засвоенае адпрацоўвала на сваіх бацьках (так ім пашанцавала!), а касметычны масаж можна папрактыкаваць і на сабе. Так з цягам часу гэтая справа мяне захапіла, што вырашыла атрымаць яшчэ больш ведаў на адпаведных курсах. Тым больш пасля пераходу летась на дыстанцыйнае навучанне гэта было зрабіць прасцей”, – адзначае Ірына.

Дзяўчына ўжо прайшла ў сталічнай школе курс спартыўнага масажу, а таксама лімфадрэнажнага. “Гэта спецыяльная методыка ўздзеяння на цела, якая дазваляе аказаць уплыў на рух лімфы ў арганізме, стымулюе вывядзенне лішняй вадкасці і таксінаў. Акрамя касметычнага эфекту, лімфадрэнажны масаж аказвае аздараўленчае дзеянне на арганізм, паляпшае кровазварот, умацоўвае імунітэт. Прапрацоўвае ён усё цела, паказаны ж у першую чаргу людзям з лішняй вагой, ацёкамі, тым, хто хутка стамляецца, дапамагае аднавіцца пасля траўм ці аперацый. А вось спартыўны масаж дазваляе павысіць фізічную вынослівасць арганізма, здымае мышачныя спазмы і змяншае рызыку атрымання траўм”, – пра кожны від з захапленнем расказвае І.Рабіза.

Як вядома, адзін сеанс масажу займае больш паўгадзіны і на гэта патрэбна сіла. Як у такой вытанчанай дзяўчыны хапае моцы? Ірына ў сваю чаргу развейвае міф аб тым, што масажыстамі могуць быць выключна сілачы: “Калі ўсё рабіць правільна, то рукі хутка прывыкаюць, немалаважна, каб масажысту было зручна падчас працэсу, тады ўсё праходзіць на адным дыханні”.

Асвойвае Ірына і мядовы массаж, які апошнім часам набірае папулярнасць, а таксама вакуумны пры дапамозе банак. Каб “набіць руку” і зразумець, як усё атрымліваецца, апошнім часам нават наладжвала бясплатныя сеансы і дыягностыкі для сяброў і знаёмых. Станоўчыя водгукі падштурхнулі да яшчэ большага ўдасканалення. На сваёй старонцы ў інстаграме (@irene.with.care) дзяўчына дзеліцца карыснай і цікавай інфармацыяй пра тэхнікі, а таксама выкладае відэаролікі самамасажу – твару ці шыі зрабіць у хатніх умовах нескладана.
“Узброілася” ўжо не толькі ведамі, а і рэчамі першай неабходнасці для кожнага масажыста – спецыяльнымі масламі і кушэткай. У бліжэйшы час плануе аформіць самазанятасць, каб аказваць масажныя паслугі ўшачанам – большасць часу зараз праводзіць менавіта на радзіме.

У перапынках паміж вучобай І.Рабіза ўдзяляе час спорту – любіць прабегчы з дзясятак кругоў па стадыёне ці наведаць трэнажорную залу, без праблем садзіцца на шпагат. Сапраўднай аддушынай называе… псіхалогію. “Вывучэнне псіхалагічнай літаратуры выклікае вялікі інтарэс! Люблю аналізаваць, параўноўваць сітуацыі, паводзіны людзей. Адным словам адкрываць для сябе штосьці новае”, – кажа Ірына.

Ну а яе сакрэт, як усё паспявае, зусім нескладаны: не траціць каштоўны рэсурс – час – упустую, не баяцца спрабаваць штосьці новае.

Вольга КАМАРКОВА.

  • Перад масажам нельга ўжываць алкаголь, загараць, прымаць гарачы душ. У час прастуды ад масажу трэба адмовіцца – ён толькі нашкодзіць, інфекцыя хутчэй распаўсюдзіцца па арганізме.
  • Лёгкі боль у мышцах пасля першага масажу – гэта норма.
  • Калі вас нічога не турбуе, прафілактычны расслабляльны масаж рэкамендуецца рабіць не больш 1-2 разоў у 10 дзён.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *