Про жильё, пенсии и асфальтирование. Владимир Андрейченко провёл приём граждан в Ушачах

Общество

Паляпшэнне жыллёвых умоў, асфальтаванне дарог, выплата пенсіі. Такія тэмы хвалявалі ўшачан, якія ў пятніцу прыйшлі на чарговы асабісты прыём грамадзян, які праводзіў ва Ушачах старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.

Тэмы жылля датычыліся адразу два звароты. Працаўнік Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства запытаўся аб магчымасці прадастаўлення яму добраўпарадкаванага жылога памяшкання, на што атрымаў кампетэнтныя тлумачэнні. А вось жыхарка гарпасёлка скардзілася на выключэнне яе з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На думку жанчыны, такое рашэнне было прынята незаконна, бо ў яе ўласнасці няма жылля. Тым не менш, яна мае права карыстання жылым памяшканнем плошчай 44,2 квадратных метры, дзе зарэгістравана, што і стала прычынай зняцця з уліку. Абскардзіць дадзенае рашэнне магчыма толькі ў судовым парадку. А вось з медыцынскім абследаваннем заяўніцы пастараюцца дапамагчы. Дарэчы, у час размовы пенсіянерка агучыла і іншыя пытанні, на якія, па яе думцы, варта звярнуць увагу – недастатковая колькасць мерапрыемстваў для моладзі, некультурныя паводзіны людзей у грамадскіх месцах, хваляваў яе і незавершаны рамонт тратуара па вуліцы Калінінскай. Добраўпарадкаванне названай працяглай вуліцы будзе працягвацца. Што да работы з падрастаючым пакаленнем і моладдзю, то ў цэлым у раёне такіх мерапрыемстваў праводзіцца нямала, толькі летась іх было менш з-за эпідэмічнай сітуацыі. Уладзімір Паўлавіч зазначыў, што тут па максімуме трэба выкарыстоўваць створаную базу, а яна ва Ушачах шыкоўная – фізкультурна-аздараўленчы комплекс, сучаснае футбольнае поле, дзіцячая школа мастацтваў.

Жыхар вёскі Лутава Сяльцо прасіў дапамагчы вырашыць пенсійнае пытанне. Доўгі час ён працаваў зваршчыкам ва “Ушацкім райаграсэрвісе”. Цяпер, спрабуючы сабраць дакументы на датэрміновае прызначэнне пенсіі за працу ў шкодных умовах, высветлілася, што ў арганізацыі згублены архіў і інфармацыя. Як адзначыў У.П.Андрэйчанка, у мужчыны ў такой сітуацыі адзін шлях – аднавіць дакументы праз суд.

Сын адной з заяўніц скончыў Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж за кошт бюджэтных сродкаў. Па заканчэнні яму было прадастаўлена месца працы, аднак хлопец знайшоў сабе іншае, не па спецыяльнасці, адпаведна ў пераразмеркаванні яму было адмоўлена. Сям’і прыйшлося пакрыць установе адукацыі расходы за навучанне ў памеры каля 7,5 тысячы рублёў. На прыёме жанчына цікавілася магчымасцю вярнуць унесеныя грошы. “Тут дапамагчы нельга, бо ўсё законна”, – канстатаваў У.П.Андрэйчанка.

З калектыўным зваротам да Уладзіміра Паўлавіча прыйшлі жыхары вуліцы Маладзёжнай гарпасёлка (на здымку). “Сёлета апрануліся ў асфальт суседнія вуліцы ў нашым мікрараёне – Камсамольская, П.Броўкі, Ніжненабярэжная, вельмі хочацца, каб і да нас дайшла чарга”, – казалі жанчыны.

Як адзначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, асфальтаванне на бягучы год ужо распланавана, ва Ушачах ёсць больш праблемныя ўчасткі дарог, па якіх ажыццяўляецца інтэнсіўны рух транспарту. У.П.Андрэйчанка даручыў сёлета выканаць падрыхтоўчыя работы – падсыпку, грэйдзіраванне, а на 2022 год уключыць Маладзёжную ў план асфальтавання, тым больш што вуліца над рэчкай невялікая – каля 500 метраў. Таксама жанчыны падзякавалі дэпутату за падтрымку нашага рэгіёну, Ушачы з кожным годам “прырастаюць” новымі прыгожымі і патрэбнымі аб’ектамі.

Пасля завяршэння прыёму У.П.Андрэйчанка азнаёміўся з ходам правядзення ў раёне пасяўной кампаніі, наведаў палеткі ААТ “Ільюшынскі”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *