Не видят мир, но не жалуются на непростую жизнь. В семье Шаховых инвалидами по зрению являются и отец, и дочь

Общество

“Тата, ты ставіў чайнік? Ён закіпеў, я выключыла. Зараз малако для Карыны пагрэю…” Гэтыя звычайныя бытавыя фразы я слухала на кухні ўтульнага дома сям’і Шахавых у вёсцы Кублішчына, да якіх напрасілася ў госці. І не магла пазбавіцца адчування, быццам Лілія і Сяргей Уладзіміравіч мяне разыгрываюць. Бо немагчыма так добра арыентавацца ў прасторы, з лёгкасцю выконваць розныя маніпуляцыі, калі абсалютна нічога не бачыш!

Ды ўсё ж гэта так: і дзяўчына, і яе бацька з’яўляюцца інвалідамі першай групы з прычыны стапрацэнтнай страты зроку. Але за час нашых зносін я не пачула ніводнай скаргі на няпростае жыццё. Наадварот, Шахавы ледзь не ў адзін голас сцвярджаюць, што зусім не лічаць сябе пакрыўджанымі лёсам: “Ёсць жа людзі, якія нарадзіліся невідушчымі, а мы ведаем, як выглядае свет. Ёсць тыя, хто не можа валодаць сваім целам ці розумам – у нас жа з гэтым усё нармальна!”.

Сяргей Уладзіміравіч – галава іх вялікай сям’і і надзейны гаспадар вясковай сядзібы. У свой час працаваў трактарыстам, вадзіцелем, выдатна разбіраецца ў тэхніцы. Пра добрых механікаў часта вобразна кажуць, што яны могуць перабраць матор з заплюшчанымі вачыма. У яго ж выпадку гэта зусім не перабольшванне: нядаўна мужчына адрамантаваў рухавік трактара, што стаіць у двары. “Ну, не зусім сам: сын Ціма кольцы дапамог паставіць”, – удакладняе Сяргей Уладзіміравіч (што, прынамсі, ніяк не змяншае майго здзіўлення). І калі трактар у яго заводскі, то ўсе шматлікія прычапныя агрэгаты – самаробныя: дзе з магазінных запчастак, а дзе – са старога лому.

Яшчэ адна любімая справа – догляд за жывёлай. “Зараз, праўда, толькі куры засталіся. Днямі закалолі двух парсюкоў, нядаўна здалі бычкоў. Калі ўсё будзе добра, вясной возьмем на гадоўлю яшчэ парачку – справа, у прынцыпе, даволі выгадная”, – расказвае мужчына. Вядома ж, для немалой гаспадаркі апрацоўваюць каля гектара зямлі: сеюць зерневыя, садзяць буракі, бульбу.

У палявых справах дапамагаюць дзеці – у Сяргея Уладзіміравіча і яго жонкі Веры Уладзіміраўны іх пяцёра. Быў і яшчэ адзін сынок, але дзесяць год таму пайшоў з жыцця зусім юным – цяжкую хваробу вызначылі са спазненнем, калі шансаў на выратаванне ўжо не было… Тым часам захварэў і сам Сяргей Уладзіміравіч – і хоць нейрахірургі здолелі выдаліць пухліну, аднак яе наступствам стала рэзкае пагаршэнне зроку, а потым і поўная яго страта.

На жаль, гэтыя выпрабаванні для іх сям’і не былі апошнімі. Пачала губляць зрок, але ўжо па іншай, магчыма, генетычнай прычыне, старэйшая дачка Аня, узніклі ў дзяўчыны і праблемы з апорна-рухальным апаратам. Малодшая ж Ліля да 10 класа была абсалютна здаровай дзяўчынкай, а потым злавесныя сімптомы з’явіліся і ў яе. Выпускны год ужо вучылася на доме, а пазней медыкі вынеслі несуцяшальны вердыкт. Не дапамагла і аперацыя. Жыццярадасная 18-гадовая прыгажуня перастала бачыць свет, які толькі збіраўся адчыніць перад ёю ўсю палітру сваіх фарбаў.

Але чаго яна не страціла, дык гэта моцы духу і намеру быць шчаслівай насуперак нялітасціваму лёсу. Яе будучы муж – палачанін Сяргей – таксама выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і, толькі нашмат большай: іх у мамы з татам аж 13 ды яшчэ трое прыёмных. З адной з яго сястрычак узяў шлюб брат Лілі, а першая сустрэча гераіні аповеду з Сяргеем адбылася, калі дзяўчына прыехала пагасцяваць у Полацк. Хлопца зусім не засмуціла тое, што яго абранніца – чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Каб быць побач з каханай, ён пераехаў з горада ў вёску, уладкаваўся на прадпрыемства “Твестуба-ПРО”. Яны разам ужо трэці год, а восенню 2019 на свет з’явілася маленькая Карына. Ліля кажа, што ні хвіліны не раздумвала, ці рашыцца ёй на такі крок, бо даць новае жыццё – гэта галоўнае прызначэнне жанчыны.

У мінулым месяцы адзначылі першы дзень нараджэння маленькай прынцэсы, гадаваць якую маладой маме дапамагае ўся сям’я, а найперш, канечне, Вера Уладзіміраўна. Галоўны пакой іх дома ператварыўся ў каралеўства цацак: маладая сям’я завяла традыцыю – кожны месяц рабіць шопінг і набываць для дачушкі які-небудзь падарунак. У малышкі, як бачна на фота, ёсць свой “трон” і нават асабісты “чорны бумер” – дзіцячы электрамабіль, так што вясной яны з дваюрадным брацікам Марцінам, які прыязджае ў Кублішчына з Полацка са сваім “мерсэдэсам”, будуць ладзіць ля дома сямейнае ралі.

А яшчэ ў зале шмат прыгожых работ з бісеру. У гэта цяжка паверыць, але вырабляе гэтыя шэдэўры Ліля. Расказвае, што навучылася рукадзеллю ва Ушацкай школе на ўроках працы. Успомніла пра свае навыкі, калі ўжо страціла зрок і хацелася чымсьці сябе заняць. Бісерыны высыпае ў міску і навобмацак “ловіць” іх дротам. Развіць майстэрства ёй дапамаглі ў гуртку аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў ТЦСАН, пастаяннай наведвальніцай якога яна з’яўляецца. Вырабленыя майстрыхай кветкі і дрэўцы дэманструюцца на выставах, а самую прыгожую бярозку яна падарыла любімай бабулі, у гонар якой, прынамсі, атрымала сваё імя, – Лілія Мікалаеўна Міцкевіч і сама выдатная рукадзельніца (пра яе мы раней расказвалі), так што зразумела, ад каго ўнучка пераняла талент.

Апроч рукадзелля Ліля бавіць вольны час звыклымі для яе аднагодкаў справамі – шукае штосьці цікавае ў тэлефоне ці камп’ютары. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць невідушчым людзям амаль паўнацэнна карыстацца такімі сродкамі. Для гэтага існуюць адмысловыя праграмы – на ноўтбук такую ёй устанавілі спецыялісты ўшацкай крамы “КампіТэл”. Яна, у прыватнасці, з дапамогай моўных сінтэзатараў агучвае друкаваныя тэксты, так што гэты артыкул на сайце “Патрыёта” Ліля, Аня і Сяргей Уладзіміравіч Шахавы змогуць “прачытаць” самастойна. Дык хай напрыканцы яго яны пачуюць словы захаплення іх мужнасцю і пазітыўным стаўленнем да жыцця, якім варта павучыцца многім здаровым людзям.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *