Любители настольного тенниса проверили свои силы на Ушачском чемпионате среди мужчин

Cпорт

Настольны тэніс у нашым раёне мае моцныя традыцыі і з’яўляецца адным з самых папулярных відаў спорту. Створана нават адмысловая група ў Вайберы, дзе аматары малой ракеткі дагаворваюцца аб сумесных трэніроўках і абмяркоўваюць перыпетыі паядынкаў. Апошнім часам актыўнасць у ёй была асаблівай, бо на працягу двух тыдняў праводзіўся чэмпіянат раёна сярод мужчын.

Вечарамі пасля працы яго ўдзельнікі спяшаліся ў тэнісную залу спарткомплексу, а розны ўзрост і ўзровень майстэрства не змяншалі азартнасці паядынкаў. Цікавую гульню паказаў дэбютант спаборніцтваў Сцяпан Якаўлеў. Адносна нядаўна асвойвае тэнісныя прамудрасці Віктар Леўшык, але здолеў атрымаць перамогу над шэрагам моцных сапернікаў. А вось Валерый Гугін, у пары з якім ён трэніраваўся перад чэмпіянатам, належыць да тэнісных аксакалаў.

А.Мамон, А.Федарэнка, В.Гугін.

Прызавыя ж месцы на турнірах традыцыйна разыгрываюць паміж сабой 6-7 узроўневых ігракоў – у тэніснай суполцы іх жартам называюць “вышэйшай лігай”. У ліку фаварытаў акрамя В.Гугіна – Сяргей Давыдаў, Аляксандр Мамон, Аляксандр Федарэнка, і менавіта паміж імі разгарнулася захапляльная барацьба за месцы на п’едэстале. Хоць і завяршыўся фінальны паядынак паміж двума апошнімі з лікам 3-0 на карысць А.Федарэнкі, аднак гульня ў кожнай партыі ішла на “больш-менш”.

“У гэты раз крыху не пашанцавала ў ключавых розыгрышах. Магчыма, не змог псіхалагічна настроіцца пасля складанага працоўнага дня”, – аналізаваў прычыны выніковага “срэбра” тэнісны максімаліст А.Мамон. Уладальнікам “бронзы” стаў В.Гугін, які апярэдзіў сябра-канкурэнта С.Давыдава толькі па дадатковым паказчыку – у апошняга ў гульнях з тройкай лепшых аказалася на адну страчаную партыю больш.

Ну а трыумфатар Аляксандр Федарэнка, які не прайграў на турніры ніводнага матча, не хаваў радасных эмоцый і ахвотна знаёміў нас са сваёй групай падтрымкі – жонкай Таццянай і дачушкай Ксеніяй. “Іх прысутнасць у зале мяне вельмі натхняла! – прызнаўся новы чэмпіён раёна. – Быць лепшым па такім папулярным відзе спорту вельмі ганарова, і мне хочацца шчыра падзякаваць арганізатарам і сапернікам за гэтыя насычаныя эмоцыямі дні”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • “У школе ў Капцах, дзе я пачынаў кар’еру, мы самі майстравалі ракеткі, – прыгадвае В.Гугін. – Захапляў дзяцей гэтай гульнёй і калі працаваў у Малых Дольцах, Глыбачцы, Матырыне. На жаль, у цяперашніх вучняў цікавасць да яе меншая, аднак ва Ушацкай школе, дзе зараз выкладаю фізкультуру, на перапынках ля сталоў збіраецца нямала жадаючых пагуляць у тэніс”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *