Ушачские школьники показали хороший результат на областных соревнованиях по биатлону «Снежный снайпер»

Cпорт

Дваццаць пяць каманд і па 50 удзельнікаў у індывідуальных забегах – такі прадстаўнічы састаў спаборніцтваў па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, абласны этап якога прайшоў на мінулым тыдні на трасе вучылішча алімпійскага рэзерву. І ўшацкая зборная зноў не падвяла: Першае месца ў спрынтарскай гонцы ў Ксеніі Бука, бронза ў змешанай эстафеце ў малодшых біятланістаў каманды, у якой з 12 спартсменаў – 10 вучняў Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага з Вялікадолецкай СШ.

На здымку: І.Карпёнак, К.Бука, К.Пугач, А.Асіпёнак.

Самае крыўднае ў любых спаборніцтвах – апынуцца ў паўкроку ад п’едэстала. Паўтары мінуты аддзяліла ад першага месца Антона Рэута і ўсяго 12 секунд ад трэцяга. Па нагах яно ў яго было, а штрафны круг з-за адзінага промаху пры стральбе аддалі перамогу больш трапнаму саперніку з Віцебска. У выніку Антон – чацвёрты ў сярэдняй узроставай групе 2010-2012 гадоў нараджэння, а яго сябра Саша Пугач – дванаццаты.

Перагледзеўшы ўсе пратаколы спаборніцтваў, нельга назваць гэта дрэнным вынікам – за сабой хлопец пакінуў 38 канкурэнтаў, а былі прадстаўлены не толькі сельскія раёны са слаўнымі традыцыямі біятлону, як Сенненскі, Чашніцкі, Аршанскі, але і гараджане з Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў Віцебска, прадстаўнікі якіх займалі пераважна верхнія радкі. Па хуткасці добра праходзілі дыстанцыю нашы вопытныя біятланісты Яна Лабецкая, Мікіта Жаваранак, Насця Кавалеўская і Данііл Рэут са старэйшай групы. І калі б не штрафны час, то Яна і Мікіта дакладна былі б у тройцы лідараў – нашым спрынтарам вельмі не пашанцавала на стральбе.

Ну а малодшая група ўшацкіх біятланістаў выступіла ўвогуле бліскуча. Ніводнага промаху не дапусціла наша юная страла Ксюша Бука, прайшоўшы дыстанцыю ў 1,8 кіламетра за 7 хвілін 29 секунд. Па хуткасці ёй не было роўных не толькі сярод дзяўчынак, але і хлопчыкаў – гэта ўвогуле лепшы вынік сярод удзельнікаў 2013-2014 гадоў нараджэння. Адзін за адным фінішавалі Іван Карпёнак і Кірыл Пугач, заняўшы адпаведна 7 і 8 месцы. Калі б не промахі ў стральбе (у абодвух хлопцаў іх па тры), то Іван апынуўся б на трэцяй прыступцы п’едэстала. Ад золата яго аддзялялі ўсё тыя ж паўтары хвіліны. Вось гэтая ўдалая тройка і Саша Асіпёнак прынеслі камандзе бронзу ў змешанай эстафеце, старэйшая група аказалася на 5-м месцы. Увогуле малодшая група заняла 4 месца, сярэдняя – 15-е, старэйшая – 6-е. Гэта вельмі дастойны вынік, тым больш калі ведаеш, што з біятланістамі гарадоў і адпаведна вялікім выбары канкурыравалі вучні маленькай Вялікадолецкай школы.

На рэспубліканскі этап спаборніцтваў адабраны Ксюша Бука і Антон Рэут.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *