Берегите себя! Снимать медицинские маски ещё рано

Здравоохранение

Усё часцей у грамадскіх месцах – магазінах, банках, аптэках – можна сустрэць ушачан без сродкаў аховы органаў дыхання. І гэта пры тым, што масачны рэжым ніхто не адмяняў. Ці ёсць нагода “расслабіцца” і ўрэшце зняць маску? З такім пытаннем звярнуліся да спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Адказ прадказальна аказаўся адмоўным. Выпадкі заражэння на COVID-19 на Ушаччыне па-ранейшаму рэгіструюцца. Прычым, нярэдка выяўляецца захворванне ў тых, хто гэтага ніяк не чакае. Скажам, забалела горла, стала цяжка дыхаць – разлічваючы на прызначэнне якой-небудзь “таблеткі”, чалавек прыходзіць да атарыналарынголага, праведзенае ж пасля агляду даследаванне выяўляе каранавірус…

– З лістапада 2020-га абавязковы масачны рэжым у грамадскіх месцах уведзены ва ўсіх абласцях і раёнах Беларусі, – кажа інструктар-валеолаг цэнтра А.В.Нікіценка. – Таму зараз усе жыхары краіны павінны з’яўляцца на такіх аб’ектах у сродках індывідуальнай аховы, інакш ім могуць адмовіць у абслугоўванні. Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на магазіны, кропкі грамадскага харчавання і сацыяльнага абслугоўвання, адміністрацыйныя ўстановы, транспарт. На вуліцы ж можна знаходзіцца і без маскі.

Функцыя апошняй, нагадвае Ала Васільеўна, заключаецца ў бар’ернай затрымцы кропель вільгаці, якія ўтвараюцца пры размове, кашлі, чханні, і ў якіх могуць знаходзіцца мікраарганізмы (вірусы, бактэрыі). Вынікі праведзеных навуковых даследаванняў паказалі, што масавае выкарыстанне насельніцтвам масак мае вялікае значэнне для скарачэння перадачы інфекцыі і істотна павялічвае магчымасці кантролю над распаўсюджваннем COVІD-19.

За выкананнем рэжыму (выкарыстаннем работнікамі і наведвальнікамі масак, дэзсродкаў, захаваннем дыстанцыі) на грамадскіх аб’ектах сочаць супрацоўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы і непасрэдна кіраўнікі ўстаноў, арганізацый. Першыя кожны тыдзень праводзяць маніторынгі. Як расказала памочнік урача-гігіеніста цэнтра Н.М.Мароз, адказна ставяцца да супрацьэпідэмічных мер толькі на 60 працэнтах аб’ектаў Ушаччыны. Іншым жа за адсутнасць адмысловай разметкі, недахоп антысептыкаў і іншыя парушэнні выдаюцца рэкамендацыі на ўхіленне.

Абавязковы масачны рэжым будзе дзейнічаць у нашай краіне да стабілізацыі эпідэмічнай сітуацыі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *