В республиканской акции «Чистый водоём» принимали участие и трудовые коллективы Ушаччины

Общество

На гэтым тыдні па ўсёй краіне праходзіла акцыя “Чысты вадаём”. Ініцыятары мерапрыемства – Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў – ставілі на мэце прывесці ў парадак прыбярэжныя зоны водных аб’ектаў напярэдадні адкрыцця сезона масавага адпачынку насельніцтва на прыродзе. Не абмінула гэта традыцыйная акцыя і наш багаты на азёры і рэкі край, да добрай справы далучыліся многія працоўныя калектывы Ушаччыны.

Дзве-тры сотні метраў – і мех запоўнены смеццем. У асноўным гэта пластык і шкло, якія пакідаюць пасля сябе рыбакі, а таксама тыя, хто любіць адпачыць на ўлонні прыроды. “Здаецца ж зусім нескладана сабраць пасля сябе смецце ў пакецік і вывезці, каб потым з задавальненнем вярнуцца ў аблюбаванае чыстае месца”, – зазначалі прадстаўнікі райсельгасхарча, інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, лясгаса, якія ў чацвер на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама С.С.Садоўскім (на здымку) ачышчалі берагавую лінію аднаго з папулярных у рыбаловаў і адпачываючых возера Должына. За некалькі гадзін удзельнікі акцыі прачасалі бераг вадаёма збоку шашы Ушачы-Лепель, прычым, не ленаваліся і збіраць смецце на абочынах дарогі. З вывазкай мяхоў на гэтым участку дапамагло ААТ “Ільюшынскі”, спецыяльна выдзеліўшы для добрай справы машыну. Добраўпарадкаванне на супрацьлеглым баку Должына ўзяў на сябе санаторый “Лясныя азёры”.

Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з прадстаўнікамі ветстанцыі ачышчалі берагі азёр Плесна і Астравіта, што знаходзяцца ля вёскі Краснае.

Немалы аб’ём работы выканалі члены БТПР, якія прывялі ў парадак берагі азёр Дземенец, Гарадзец, Градзянец. Зрэшты, раённая арганізацыя не толькі забяспечвала ўдзельнікаў акцыі інвентаром, а і закупіла і ўстанавіла на ўшацкіх вадаёмах спецыяльныя таблічкі. На іх як пазітыўныя надпісы кшталту “Калі будзе чыстым бераг, абавязкова клюне жэрах”, так і папераджальныя – за пакінутае ў месцах адпачынку смецце можна атрымаць штраф да 20 базавых велічынь.

Хочацца спадзявацца, што пасля ўборкі берагі названых вадаёмаў (ды і ўсіх астатніх) будуць заставацца ў прыемным чыстым выглядзе, а людзі, якія прыйдуць адпачываць, рыбачыць на іх, не пакінуць пасля сябе новае смецце і адходы. Сёння апошні дзень рэспубліканскай акцыі, кожны можа самастойна ўбраць любімае месца адпачынку.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *