Общество

У КУСГП “Кублічы” добра ведаюць: каб справа спорылася і ад гэтага была немалая аддача, давяраць тэхніку трэба людзям адказным, старанным і правераным. Віктар Паўлавіч Катлёнак (на здымку) якраз і адносіцца да гэтай катэгорыі.

Нарадзіўся і вырас тут жа, у кубліцкай старане. З дзяцінства быў прывучаны да працы, дапамагаў бацькам, якія працавалі ў сельскай гаспадарцы. Пасля заканчэння школы адвучыўся на трактарыста і застаўся ў гаспадарцы. Затым была служба ў арміі, пасля якой малады чалавек вырашыў вярнуцца ў родную вёску. У той час, успамінае Віктар Паўлавіч, многія аднакласнікі абіралі для сябе зусім іншы шлях, імкнуліся ў вялікі і шумны горад. Ён жа знайшоў тут другую палавіну, стварыў сям’ю, так і прыжыліся ў Кублічах назаўсёды. Хутка праляцеў час, выраслі дзеці. Яны, гаворыць Віктар Паўлавіч, як і большасць сучаснай моладзі, не пажадалі пайсці па шляху бацькоў.

В.П.Катлёнак ужо больш трыццаці гадоў нязменна працуе на карысць роднага сельгаспрадпрыемства. За гэты перыяд не злічыць, колькі часу правёў за рулём тэхнікі, колькі рамантаваў яе. Пастаянна заняты на самых розных работах, да якіх адносіцца з асаблівай адказнасцю, нікому не адмовіць у дапамозе. Рэдка калі ўдавалася адгуляць водпуск поўнасцю.

У гэтым годзе В.П.Катлёнак заняў першае месца ў раённым спаборніцтве сярод механізатараў на трактарах з магутнасцю рухавіка да 80 конскіх сіл. Сёлета яму якраз і выдзелілі новы трактар МТЗ-82. Лішніх рабочых рук у гаспадарцы няма, а таму часам працуе яшчэ і на сваёй старой тэхніцы.

Віктар Паўлавіч добразычлівы і таварыскі чалавек, за гады работы заслужыў павагу і аўтарытэт у сваім калектыве. А ў такіх людзей, інакш, напэўна, і не можа быць.

В.ПОЛАЗАВА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *