Ушачанин Марат Клачок с особым интересом изучает тонкости химической науки

Образование и молодежь

Сустрэцца з героем нашага аповеду – як аказалася, задача не з простых. Удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні, заняткі ў аўташколе, падрыхтоўка да экзаменаў – вольнага часу ў адзінаццацікласніка Ушацкай школы Марата Клачка практычна няма. Дамаўляемся пагутарыць пасля сямі ўрокаў у кабінеце хіміі, дзе неаднаразовы дыпламант абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па названым прадмеце са сваім педагогам А.В.Марозавай не адзін том навуковай літаратуры асвоіў, сотні доследаў правёў. Вось і зараз, мяркуючы звязаць сваё жыццё з хімічнай навукай, без пяці хвілін абітурыент рыхтуецца тут да ўступных іспытаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

У тым, што хімія стане любімым прадметам, Марат не сумняваўся яшчэ ў пачатковай школе. З палаючымі вачыма назіраў, як у падфарбаваную бурачным сокам ваду настаўнік дабаўляе лімонную кіслату ці мыла (шчолач), атрымліваючы ў першым выпадку змесціва чырвонага колеру, а ў другім – сіняга. Такія “цуды” цікавілі, сам неаднойчы спрабаваў зрабіць падобнае на перапынках з сябрамі ці дома. Калі ж у сёмым класе ў школьнай праграме з’явілася хімія, М.Клачок з галавой акунуўся ў яе вывучэнне. Звычайных урокаў было недастаткова – хлопец актыўна наведваў факультатыў, дадатковыя заняткі па прадмеце. Разам з Аленай Васільеўнай Марозавай чэрпаў інфармацыю з даведнікаў, праводзіў хімічныя доследы, рэактывамі для якіх нярэдка станавіліся рэчывы, прынесеныя з дому ці набытыя ў аптэцы.

Ужо ў 9 класе Марат стаў пераможцам школьнага і раённага этапаў алімпіяды па хіміі, удзел жа ў абласным, які не прынёс узнагароды, толькі падштурхнуў да больш актыўнага вывучэння прадмета. Як вынік – атрыманыя ў наступныя два гады дыпломы ІІІ ступені.

– На больш высокі вынік наўрад ці разлічваў, паколькі не надта люблю “сухую” тэорыю, – прызнаецца школьнік. – На алімпіядзе ж трэба было і на пытанні тэстаў адказаць, і некалькі задач рашыць. Затое ў практычнай частцы адчуваў сябе як рыба ў вадзе, хоць заданні тут вельмі непрадказальныя.

Напрыклад, дзесяцікласнікам было выдадзена 10 прабірак і прапанавана вызначыць, якія лекавыя сродкі ў іх знаходзяцца. Няпростым аказалася сёлетняе заданне: з дапамогай прадстаўленага спіса, у якім значылася 10 сумесяў, трэба было “адшукаць” у 8 прабірках патрэбнае, выключыўшы два лішнія. Праведзеныя доследы, назіранне за рэакцыямі дазволілі годна з гэтым справіцца і абысці прадстаўнікоў гімназій і буйных школ, дзе магчымасцяў для падрыхтоўкі, вядома, больш.

Дарэчы, хімія – не адзіны прадмет, з якім “сябруе” М.Клачок. Штогод паспяхова ўдзельнічае ў школьным, раённым этапах алімпіяды па фізіцы, матэматыцы, у фестывалі міжкультурных камунікацый, дзе патрэбна добрае валоданне замежнай мовай. Сваю агульную эрудыцыю прадэманстраваў юнак на XVIII Міжнароднай дыстанцыйнай алімпіядзе школьнікаў “Інтэр-Хімік-Юніёр-2020”, стаўшы яе пераможцам.

– Марат – з ліку тых нямногіх вучняў, на якіх можна разлічваць і не сумнявацца ў тым, што ўсё будзе зроблена найлепшым чынам, – кажа А.В.Марозава. – Ён, сапраўды, усюды: трэба ў навукова-практычнай канферэнцыі паўдзельнічаць – не праблема, якую-небудзь распрацоўку падрыхтаваць – калі ласка. На ўроках, вядома, займаемся з ім па асобнай праграме.

Знакавай падзеяй у жыцці ўшацкага школьніка стаў удзел у рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я Знаю!” Пахварэць за земляка ля тэлевізараў збіраліся цэлымі сем’ямі – калі перадача выйшла ў эфір, многія ўжо ведалі, што Марат стаў пераможцам гульні, прыняў удзел і ў суперфінале. Між тым, трапіць на праект ён не планаваў.

– Неяк займаліся з Маратам у кабінеце хіміі – трэба было падцягнуць асобныя тэмы да “вобласці”, – працягвае Алена Васільеўна. – А тут яму з адміністрацыі школы кажуць, маўляў, не хочаш паўдзельнічаць у завочным адборы, які вось-вось пачнецца? Той, знайшоўшы ў маіх вачах разуменне, адмаўляць не стаў, кажа: “Адна нага тут – другая там, хутка буду!”. І літаральна праз 15 хвілін вярнуўся з другім вынікам у вобласці! Пазней даведалася, што хлопец пажадаў, каб я суправаджала яго на праекце.

Да яго, дарэчы, М.Клачок асабліва не рыхтаваўся, проста пачытаў у інтэрнэце цікавыя звесткі, паглядзеў некалькі карцін, паколькі ў мастацтве, як лічыць, не надта разбіраецца. Па прыездзе ж у сталіцу не хваляваўся: далей І, максімум – ІІ тура, дзе трэба рашаць яго нелюбімыя тэсты, прайсці не разлічваў, таму дазволіў сабе і з гумарам анкету запоўніць (яе агучваюць перад паўфіналам), і развітальныя словы з Аленай Васільеўнай адрэпеціраваць. Дарэчы, павесяліў Марат тэлестудыю і ў фінале, калі, убачыўшы спіс катэгорый, з абурэннем вымавіў: “А хімія дзе?” Але ж гэтая акалічнасць не перашкодзіла ўшачаніну паказаць высокі вынік і стаць пераможцам. Першымі, хто даведаўся пра гэта, сталі, безумоўна, бацькі Ірына Сяргееўна і Аляксей Віктаравіч.

– Як думаеце: які вынік? – па тэлефоне запытаўся хлопец.

– Няўжо з першага тура вылецеў?

– Не зусім. Але слова “першы” ўгадалі…

Зрэшты, такую пазіцыю М.Клачок стараецца ўтрымліваць ва ўсім. Прычым, перамагае больш не сапернікаў, а самога сябе – для маладога чалавека важна ўсведамляць, што паспрабаваў свае сілы, здольнасці і выклаўся па максімуме.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *