Делегат Н.А.Гвоздь

Общество

Сёння звычайнай стала фраза “сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны”, мы ўжо не задумваемся над ёй, але давайце звернем увагу на тое, што вынесена на першае месца. Так, сацыяльная сфера, але яна можа спаўна выконваць свае функцыі, калі здаровая і перспектыўная вытворчасць, трывалая эканоміка. У гэтым пераконваешся штодня, аб такім накірунку развіцця вобласці і ў цэлым краіны гаварылася і на сходзе дэлегатаў Віцебшчыны на чацвёрты Усебеларускі народны сход, на ім прайшло абмеркаванне асноўных палажэнняў Праграмы развіцця рэспублікі.

За пацвярджэннем гэтаму далёка не трэба хадзіць, усё бачна і на прыкладзе нашага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Хоць яно і не характэрнае, бо і ў нас, і ва ўсім свеце на паляпшэнне зямель выдаткоўваюцца дзяржаўныя сродкі. Тым не менш, мы выконваем яшчэ многія іншыя работы, зарабляем грошы самі. Напрыклад, праграма захавання і выкарыстання асушаных зямель на пяцігодку, якая завяршаецца, выканана датэрмінова. Але трэба зазначыць, што ўдзельная вага меліярацыйных работ у агульным аб’ёме за год складзе недзе пад 30 працэнтаў – рэканструявана 237 гектараў асушаных зямель на тэрыторыі КУСГП “Арэхаўна”, на плошчах па 90 гектараў у “Дубраўцы” і “Вялікадолецкім” праведзены аграмерапрыемствы, працуем над праграмай “Чыстае поле”, абслугоўваем 600 кіламетраў каналаў.

А далей зарабляем грошы на ўласнае развіццё на аб’ектах дзе толькі магчыма, і не толькі ў раёне. Жыхары райцэнтра ацанілі вуліцы і тратуары, якія зроблены рабочымі ПМС, і добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка будзе працягвацца, на Завячэльскай малочнатаварнай ферме “Райаграсервіса” зарабілі каля паўтара мільярда рублёў, цяпер прыступім да работ на такой жа ферме ў “Кублічах”. 700 мільёнаў каштавалі работы, зробленыя намі, “Нафтану”, будаўніцтва цепласетак на адной з вуліц у Віцебску прынесла 250 мільёнаў, у 150 мільёнаў ацэнены нашы паслугі па меліярацыі зямель у КУСГП “Рудакова” Віцебскага раёна. Дзякуючы таму, што ў нас ёсць добрыя спецыялісты і тэхніка, бярэмся за любую работу, якая прыносіць даход.

А таму рэнтабельнасць склала 4,6 працэнта, чысты прыбытак 17 мільёнаў, ад рэалізацыі атрымана 162 мільёны. Працуем на ва ўбытак, што дазваляе значныя сродкі накіроўваць на аплату працы, сацыяльнае развіццё. Дарэчы, заработная плата ў калектыве высокая, некаторыя рабочыя атрымліваюць і больш трох мільёнаў рублёў за месяц, наогул жа ўдзельная вага фонду аплаты працы ў агульным аб’ёме падрадных работ складае 30 працэнтаў.

Дзякуючы гэтаму ў нас сфарміраваўся цудоўны калектыў, а адміністрацыя, у сваю чаргу, імкнецца да паляпшэння ўмоў працы і быту, абаротныя сродкі ідуць на развіццё вытворчасці.

Ёсць добрая вытворчая база, дзе створаны ўмовы для рамонту тэхнікі, абсталяваны раздзявалка, пакой адпачынку.  Удзяляем увагу ахове працы, так, за дзевяць месяцаў у сярэднім на кожнага рабочага выдаткавана па 386 тысяч рублёў, якія пайшлі на набыццё сродкаў індывідуальнай аховы, ахову працы і выплату кампенсацый за работу ў шкодных умовах працы.

Прадпрыемства мае магчымасць за кошт крэдытаў банка будаваць жыллё сваім рабочым, прычым, патрабаванні цяпер узрастаюць – людзі жадаюць мець у сваім доме водаправод і каналізацыю, падведзены газ. Запоўнены наш інтэрнат, разлічаны на 98 месцаў, а калі ў сям’і двое дзяцей, то яна адразу атрымлівае блок. У чарзе толькі два чалавека і тыя хутка заселяцца.

На выездзе нашы рабочыя атрымліваюць бясплатнае харчаванне, аплачваем пражыванне і плюс камандзіровачныя.

За кошт амартызацыйнага фонду пастаянна абнаўляецца тэхніка і каб працаваць на ёй цяпер патрэбны веды. Мы выплачваем людзям сярэднюю заработную плату за час вучобы і рыхтуем трактарыстаў і экскаватаршчыкаў, такім чынам за год маем тры-чатыры спецыялісты рабочых прафесій. Лепельскі каледж і акадэмія ў Горках выпускаюць для прадпрыемства спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звяна. Цяпер, напрыклад, у акадэміі за кошт прадпрыемства вучыцца адзін чалавек, які ў пачатку наступнага года прыйдзе да нас на працу.

Вось за гэтымі лічбамі і фактамі і стаіць тое, што мы называем сацыяльна-эканамічнае развіццё. Але ж пастаянна трэба бачыць перспектыву, развівацца і імкнуцца наперад. Што датычыцца вытворчасці, то на будучую пяцігодку прадугледжаны рост аб’ёмаў меліярацыйных работ удвая. Гэта складана, аднак усе планы вярсталіся з улікам нашых прапаноў, а таму рэальныя, зноў жа будзем выкарыстоўваць любую магчымасць для таго, каб зарабіць грошы на старане. Усё знаходзіцца ва ўзаемасувязі, а значыць і кожны рабочы на аснове развіцця вытворчасці павінен адчуваць прыбаўку ў сямейным бюджэце. Да гэтага мы пастаянна імкнёмся і не шкадуем грошай на дастойную зарплату працавітага чалавека.

Упэўнены, што такая лінія будзе і надалей праводзіцца ў краіне. На аснове развіцця навукі і прамысловасці будзе расці прадукцыйнасць працы, а разам з гэтым і дабрабыт, бо ў канчатковым выніку мы і працуем для таго, каб лепш жылося. Такую праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку, думаю, адобраць усе дэлегаты чацвёртага Усебеларускага народнага сходу.

М.ГВОЗДЗЬ,

дырэктар Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *