Участник сообщества «Богатыри Беларуси» Александр Лабань справится с любыми жизненными тяжестями

Cпорт

«Прыязджайце паглядзець на багатыроў Беларусі і “пахварэць”, – крыху сціпла запрасіў Аляксандр Лабань, спачатку не сказаўшы, што сярод гэтых асілкаў будзе і ён сам. Я ж не адразу пазнала ў пасталеўшым юнаку таго выпускніка Ушацкай сярэдняй і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школ, што прывозіў золата з Кубкаў Свету і Еўропы па армрэстлінгу як сярод юніёраў, так і прафесіяналаў. Як склаўся лёс нашай спартыўнай зоркі? Даведацца пра гэта, мяркую, будзе цікава і вам.

Прадказальна, што Саша паступіў на факультэт фізічнай культуры Віцебскага ўніверсітэта. Па сутнасці, не паступаў, а проста абраў навучальную ўстанову, паколькі пераможцы спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню прымаюцца без іспытаў. Яшчэ падчас вучобы працаваў па спецыяльнасці трэнерам па лёгкай атлетыцы(!). Аляксандр усміхаецца, бо па душы і па жыцці з ім ідзе цяжкая. У пераможным арсенале неаднаразовага чэмпіёна Беларусі па армрэстлінгу ёсць ужо і другое месца на Кубку краіны па экстрэмальных відах спорту.

Спаборніцтвы па сілавым экстрыме пройдуць у Полацку падчас святкавання Дня горада 29 мая. Пачнуцца ў 13 гадзін у цэнтральным скверы адпачынку (на беразе Заходняй Дзвіны побач з гасцініцай “Парус”).

Аляксандр паказвае відэа з Клецка, дзе праходзілі апошнія спаборніцтвы. Ён на хуткасць варочае 380-кілаграмовую шыну, падымае, таксама на пэўны час на метровую бочку камяні Атласа, “запускае” 16-тонную фуру… Не магу паверыць пачутаму. На фестывалі экстрэмальных відаў ва Ушачы бачыла, як асілкі, апрануўшы “вупраж”, цягнулі легкавушкі з пасажырамі. Але каб зрушыць з месца вялікагрузную машыну (!). “Каб гэта зрабіць, на самой справе трэба прыкласці намаганні ўсяго ў 250 кілаграмаў, – тлумачыць Саша. – Далей яна пакаціцца. Так што гэта і можна лічыць маёй самай вялікай узятай вагой. Ну ці чамаданы па 130 кілаграмаў кожны, якія нясеш пэўную адлегласць”.

Менавіта гэты від “гружонага турыста” А.Лабань спрабаваў першым з элементаў трэк-пулу, што “выконваюць” на спаборніцтвах, і ў яго, як кажуць, пайшло. Потым стаў асвойваць іншыя практыкаванні і не пабаяўся пазмагацца. Гэтае слова для Сашы, канечне, зусім не падыходзіць. Бо першае, чаму вучыў трэнер па армрэстлінгу Ігар Уладзіміравіч Клімашэўскі – не баяцца ні рангаў сапернікаў, ні новых вышынь. Ён заклаў і тыя правілы самастрахоўкі, якія так патрэбны і зараз у “бяспечным” відзе, як называе яго Аляксандр. “Сярод “Багатыроў Беларусі” ёсць пяцідзесяцігадовы Сяргей Лысёнак. Узрост, а ён па-ранейшаму выконвае ўсе сілавыя практыкаванні. Галоўнае – правільна гэта рабіць, хоць небяспечныя сітуацыі, зразумела, бываюць. Аднойчы я асвойваў чарговую вагавую катэгорыю каменю Атласа. Гэта абсалютна круглы камень вагой ад 100 да 265 кілаграмаў. Вось аднойчы няўдала прыпадняў на калені 140 кг і пачаў з ім валіцца. Добра, што своечасова сканцэнтраваўся і кульнуўся на бок. Калі б на спіну, твар бы меў горш, чым у баксёраў».

Камяні Атласа (Атланта) атрымалі назву ад імя старажытнага тытана, які на ўсіх скульптурах трымае на плячах неба. Так яго пакаралі за тое, што змагаўся з багамі Алімпа.

А.Лабань выступае ў распаўсюджанай катэгорыі багатыроў да 110 кілаграмаў (важыць 100). Зразумела, пастаянна трэніруецца, тым больш што працуе зараз у неспартыўнай галіне. Ён супрацоўнік “Полацкгаза”, за які, дарэчы, часта выступае на спаборніцтвах, атрымаў другую вышэйшую профільную адукацыю. І ў свае 29 год з’яўляецца двойчы бацькам. Сафійка, якой толькі тры гады, ужо займаецца гімнастыкай. Ну а Герман яшчэ зусім малы, хаця па тым, як моцна трымае бутэльку з малаком, канечне, вырасце асілкам, як і бацька. Гэта цікавы свет спорту, мноства сяброў, сярод якіх Саша, канечне, не забывае ні першага трэнера, ні іншых хлопцаў па той зоркавай кагорце армрэстлінгістаў. Ну а ўсяго год таму захапіўшыся сілавым экстрымам і стаўшы членам супольніцтва “Багатыры Беларусі”, вырашыў і сам праводзіць спаборніцтвы сярод асілкаў. Аформіў прадпрымальніцтва і вось запрашае землякоў на турнір, які арганізоўвае разам са сваім сябрам, прызёрам міжнародных спаборніцтваў Аляксандрам Булаўкам. Менавіта гэты ветэран спорту прыгледзеў нашага моцнага земляка ў трэнажорцы і паклікаў на першую трэніроўку па сілавым экстрыме – з тымі самымі чамаданамі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *