Палаточный лагерь минских школьников вот уже 11 лет приезжает на летний отдых в Ушачский район

Образование и молодежь

Цёплы летні вечар на маляўнічым беразе Должыцы, прыгожыя гукі ўкулеле (гавайскай чатырохструннай мініяцюрнай гітары), задорны дзіцячы смех – так нас сустрэў нядаўна палатачны аздараўленчы лагер для падлеткаў… з Мінска. Нічога дзіўнага – прадстаўнікі дзвюх сталічных школ вось ужо ў 11 раз падчас летніх канікул прыязджаюць у наш раён за эмоцыямі і адпачынкам.

– Некалі пра Ушаччыну расказала ваша зямлячка Ганна Аляксандраўна Шлюбская, якая працавала ў адной з мінскіх школ, – паведаміў начальнік летніка Сяргей Іваноў. – Ну а паколькі як раз думалі, дзе размясціцца, вырашылі прыехаць сюды “дзеля знаёмства”. І хоць дабірацца тады было няпроста – ехалі з перасадкамі, на цягніку і аўтобусах, былі настолькі ўражаны ўшацкімі краявідамі і наяўнай на Должыцы інфраструктурай, што літаральна закахаліся ў ваш край. Цяпер некалькі гадзін на камфартабельным маршрутным таксі – і мы на месцы. Адасоблены астравок ідэальна падыходзіць для размяшчэння палатачнага лагера, тым больш дзіцячага. Побач – месца для стаянкі транспарту, што асабліва зручна для педагогаў, якія прыехалі на ўласных аўтамабілях – трэба было даставіць нямала правізіі. Ну а на выпадак, калі некаму спатрэбіцца медыцынская дапамога, непадалёк санаторый “Лясныя азёры”.

На шчасце, за ўвесь гэты перыяд апошнюю нікому не аказвалі. Вось і сёлета ўсе 45 школьнікаў, а гэта вучні 6-10 класаў, іх педагогі пакідалі наш раён бадзёрымі, у прыўзнятым настроі.

– За дзевяць дзён у лагеры чаго толькі не ўбачылі, не перажылі! – наперабой расказвалі юнакі і дзяўчаты. – Раніцай пасля пад’ёму – зарадка, водныя працэдуры і далей па раскладзе. Кожны дзень адметны якімі-небудзь падзеямі. Нядаўна ездзілі на экскурсію ў Полацк, учора хадзілі ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці (адзіны дзень, калі ішоў дождж, глядзелі фільм), ну а сёння пабывалі на “Прарыве”, у Бычках і іншых знакавых мясцінах Ушаччыны.

Дарэчы, апошняе стала магчымым дзякуючы падтрымцы раённых уладаў і, у прыватнасці, намесніка старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, якая дапамагла вырашыць пытанне з транспартам.

Нягледзячы на палатачны статус летніка, тут створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага адпачынку дзяцей. Хочацца правесці час актыўна – вось мяч, ракеткі, іншы інвентар, а ў якасці “музы” – настаўнік фізкультуры. Прытаміўся – садзіся за вялізны стол і выпрабоўвай сілы ў інтэлектуальных, “ціхіх” забаўляльных спаборніцтвах. Трэба прахалодзіцца – айда на пляж, але не больш чым па 10 чалавек – для годнага кантролю, які ажыццяўляюць педагогі. Дарэчы, апошнія – і кулінары выдатныя: сытныя стравы для выхаванцаў гатуюць чатыры разы ў дзень. А што датычыцца ласункаў, то адзін з любімых у гэтай змене – батон з сгушчонкай.

– Займаюцца школьнікі і карыснымі справамі, – падзяліліся з намі педагогі. – Пасля “засялення” прыбралі прыбярэжную тэрыторыю, сочым за парадкам і зараз. А не надта паслухмяных прыцягваем да гатавання ежы, мыцця посуду, іншых гаспадарчых спраў.

Такія “санкцыі”, між іншым, не перашкаджаюць дзецям набірацца ўражанняў на ўлонні прыроды, далей ад камп’ютарных гульняў і віртуальных зносін.

– Хадзіце, мы вам наша жытло пакажам, – запрашаюць да сваёй палаткі дзве дзяўчыны. – Месца для сну хапае, свежае паветра праз сетку паступае, і камарам ходу няма!

– А я ва Ушачах у мінулым годзе разам з татам была,– далучылася да размовы яшчэ адна. – Райцэнтр спадабаўся, таму калі атрымала прапанову прыехаць сюды з лагерам, пагадзілася – і засталася ў яшчэ большым захапленні!

На гэтай пазітыўнай ноце мы развіталіся з загарэлымі задаволенымі падлеткамі, у планах большасці з якіх – на наступны год зноў запісацца ў палатачны лагер і прыехаць у наш прыгожы край.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *