В ритме юбилейного фестиваля. Ушачане приняли активное участие в «Славянском базаре»

Культура

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ўжо на працягу 30 гадоў аб’ядноўвае брацкія народы. На мінулым тыдні горад над Дзвіной у чарговы раз акунуўся ў атмасферу незабыўнага свята. Музыка, танцы, выставы, тэатральныя сустрэчы – усяго каля сотні мерапрыемстваў. Акрамя асноўнай сцэнічнай пляцоўкі – летняга амфітэатра – праходзілі яны ў парках, скверах, на плошчах і вуліцах. Удзел у маштабным форуме традыцыйна прынялі і ўшачане.

Рэкламавалі Ушаччыну

Традыцыйна падчас фестывалю кожны раён рэкламаваў свой край. Усіх, хто ў нядзелю прыйшоў на плошчу Свабоды, запрашалі ў адмысловую вандроўку па Ушацкім раёне. Работнікі культуры і бібліятэкі расказвалі пра знакамітых землякоў, традыцыі, звычаі. Смачнай ушацкай выпечкай частаваў гасцей народны клуб “Прысмакі”. Падмацоўвалі ўяўленне аб Ушаччыне пляцоўкі-выставы нашых арганізацый і прадпрыемстваў. Так, Ушацкі лясгас не толькі расказваў пра сваю дзейнасць, а і прадаваў мёд, саджанцы туй. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, як заўсёды, падрыхтаваў цудоўную выставу-продаж сувеніраў, зробленых работнікамі і наведвальнікамі аддзяленняў цэнтра. Захапляліся наведвальнікі ўшацкай пляцоўкі і вырабамі хлебапякарнага цэха Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Спецыяльна да фестывалю яго работнікі выпеклі арыгінальныя караваі, рог багацця, хлебны кошык і многае іншае. Канечне, не абышлося тут і без мінеральнай вады “Вечалле” і ўшацкіх безалкагольных напіткаў. Рэкламавалі свае паслугі таксама санаторый “Лясныя азёры” і фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”.

Ушацкую брэндавую пляцоўку наведала нямала гасцей, сярод якіх быў і міністр культуры Анатоль Мечыслававіч Маркевіч, які застаўся пад уражаннем і паабяцаў у хуткім часе наведаць Ушаччыну.

Дзень прастаяць, ноч пратрымацца

Дзе стаяць палаткі ўшачан, звычайна вызначалі па паху. Спецыяльна за рыбнай юшкай з тэрмасамі прыходзілі нават віцябчане. Сёлета ад азёрнага далікатэсу, на жаль, давялося адмовіцца. Свежых салатаў у меню таксама няма. А вось прыхільнікі ўшацкай кухні засталіся, ішлі на традыцыйнае месца ў парку Пераможцаў.

“Смажаны кальмарчык ды пад “Журавінку”, – усміхаўся мужчына, атрымаўшы насычаны малінавы напой. Аказалася, што акрамя піва і квасу, што ва ўсе філіялы пастаўляла “Аліварыя”, пад фірменнымі палаткамі якой і вёўся гандаль, ушачане прадавалі на разліў яшчэ і сваю настойку з журавін. Вырабілі яе яшчэ летась, тады ж набылі і ліманаднікі – ёмістасці для разліву напояў. Ну і канечне, у халадзільніках уласная мінералка “Вечалле” і безалкагольныя напіткі. Кожную раніцу з Ушач у Віцебск накіроўвалася машына, каб папоўніць рэалізаваныя напоі не толькі ў свае, але і палаткі калег. Ну а фішкай сёлетняга года сталі стравы ва фрыцюры: цыбуля, кальмары, рыба. І, канечне, чыста беларускія, тыя ж каўбаскі.

Самім кааператарам у гэтыя дні не пазайздросціш. Працавалі кругласутачна, вентылятары не надта ратавалі, вельмі спякотна і ад сонца, і ад гарачых страў. Не прысесці, пастаянна людзі. Адпачывалі ў інтэрнаце, праз суткі зноў вяртаючыся за прылавак. Кожны дзень дамагала сваім падначаленым, разліваючы напіткі, і загадчык аддзела грамадскага харчавання Таццяна Анатольеўна Глінская.

Па рэйтынгу выручкі, што складаўся Віцебскім аблспажыўтаварыствам, Ушацкі філіял знаходзіцца на другім месцы, саступіўшы толькі калегам з Лепеля. За шэсць дзён яна склала 27 тысяч. Наогул на фестывалі гандлявалі толькі 4 філіялы. Бойкія месцы адпачынку гасцей даверылі самым адказным і правераным: Докшыцкаму, Лепельскаму, Сенненскаму і Ушацкаму філіялам.

Танцавала і спявала ўся плошча

Традыцыйны турнір народных побытавых танцаў сабраў на плошчы Свабоды 350 удзельнікаў. Гонар Ушаччыны на ім абаранялі ўдзельнікі дзіцячага Узорнага фальклорнага гурта “Спадчына” – Кацярына Дунец і Раман Літвін, Кірыл Шалыга і Анастасія Макрыдзіна, Арсеній Логінаў і Злата Бойчанка. Кожная пара, выконваючы некалькі танцаў, павінна была не толькі дакладна прадэманстраваць класічныя элементы, але і перадаць іх мясцовыя асаблівасці. Ускладнялася задача спякотным сонцам. Хоць і не ўвайшлі сёлета нашы танцоры ў лік прызёраў, аднак паказалі сябе дастойна і вярнуліся дадому з падзякамі за ўдзел.

Работнікі культуры кожнага раёна выступалі і з канцэртнай праграмай. Шмат авацый у гледачоў выклікала выступленне гурта “Ушачаначка” (на здымку). “Было прыемна, калі пасля канцэрта падыходзілі незнаёмыя людзі і дзякавалі за добрыя песні, настрой, а яшчэ прыкмячалі прыгажосць нашых блакітных касцюмаў”, – падзяліліся ўдзельніцы вакальнага гурта Валянціна Літвін і Святлана Муша.

Жывуць традыцыі

“Горад майстроў” – пастаянны спадарожнік творчага форуму ў Віцебску і месца, дзе прадстаўнікі Ушацкага Дома рамёстваў дэманструюць свае таленты. Сёлета, удала размясціўшыся ў эпіцэнтры фэсту вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, яны таксама прадавалі свае работы, выкананыя ў розных тэхніках. На “ўра” разыходзіліся арыгінальныя драўляныя вырабы, распісная кераміка, сувенірная прадукцыя з тканіны, бісеру і саломкі. Па словах Дар’і Алексяёнак і Валянціны Мугака, першымі прадалі рэчы з нацыянальнай сімволікай, выявамі бусла.

Своеасаблівым “тварам” кропкі нашых майстроў традыцыйна стала прыгожае пано з надпісам “Ушачы”, выкананае ў тэхніцы лапікавае шыццё. Ну а побач размясцілася каларытная лялька ў рост чалавека, з якой мусілі сфатаграфавацца многія госці абласнога цэнтра.

Масава і крэатыўна

Па добрай традыцыі падчас “Славянскага базару” ў Віцебску не абыходзіцца без святкавання Дня моладзі, ініцыятарам і арганізатарам якога выступае БРСМ. Вось і 17 ліпеня творчым, крэатыўным людзям з розных куточкаў Беларусі былі аддадзены многія сцэнічныя пляцоўкі горада над Дзвіной. Не засталіся ў баку ад падзеі і ўшачане, якія на свае вочы пабачылі размах свята.

Па традыцыі ў Дзень моладзі ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў адбылася патрыятычная акцыя “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. І тут нашым землякам была даверана пачэсная місія: вітаць удзельнікаў сцягамі расквечвання.

– Уразіў арт-парад, узначалілі які прадстаўнікі самага маладога грамадскага аб’яднання краіны “Патрыёты Беларусі”, – падзяліліся з намі Дзіяна Калбасава і Ілья Спірыдовіч, якія прымалі ўдзел у Дні моладзі ў Віцебску ўжо неўпершыню. – А колькі ўдзельнікаў сабраў гранд-фінал нацыянальнага фестывалю маладзёжнай творчасці! Тут не толькі танцавалі і спявалі – былі светлавое шоу, акрабатычныя трукі, выступленні ілюзіяністаў… На спартыўных майстар-класах, турніры па гіравым спорце, фестывалі аўтагуку захацелася штосьці падобнае правесці ва Ушачах.

***

Гран-пры міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2021» заваяваў прадстаўнік Чарнагорыі Комнен Вукавіч. Уладальнікам I прэміі конкурсу стаў беларус Канстанцін Мазуркевіч. У бягучым годзе на дзіцячым конкурсе выступілі прадстаўнікі 16 краін.

Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні ў напружанай барацьбе вырвала прадстаўніца Казахстана Рухія. Першае месца заняла Ірына Арсеніевіч з Сербіі. Дыплом другой ступені ўручылі беларусу Даніілу Мышкаўцу і ўкраінцы Рэнаце Штыфель. Трэцяе месца падзялілі Іванна са Славакіі і Тофік Гаджыеў з Азербайджана. Таксама Спецыяльны прыз Прэзідэнта «Славянская надзея» атрымала Ірына Арсеніевіч з Сербіі.

Падрыхтавалі Вольга КАМАРКОВА, Вольга КАРАЛЕНКА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *