Общая сумма выплат из-за июньской непогоды на Ушаччине превысила 30 тыс. рублей

Общество

Стыхія па Ушацкім раёне прайшлася месяц таму і яшчэ нагадвае аб сабе свежымі пнямі замест прыдарожных бяроз ці неадноўленымі пабудовамі. Аператыўна справіцца з невялікімі пашкоджаннямі людзям адразу дапамаглі выратавальнікі, камунальнікі і іншыя арганізацыі раёна – быў створаны штаб па ліквідацыі наступстваў. А вяскоўцы, якія пацярпелі ад урагану, ужо атрымалі грошы па абавязковых і добраахвотных страхоўках і прыступілі да рамонту, а то і завяршылі яго.

У Белдзяржстрах пасля ўрагану 25-26 чэрвеня было пададзена 58 заяў. Пераважная большасць з іх – добраахвотнае страхаванне маёмасці. Больш за ўсіх пацярпелі жыхары Сарочынскага, Глыбачанскага і Вяркудскага сельсаветаў.

Сумным лідарам па наступствах стала вёска Слабада Сарочынскага сельсавета. Адтуль паступіла 14 зваротаў. Ну а каб аднавіць пабудовы да нармальнага ладу, страхоўшчыкі выплацілі грамадзянам больш за 20 тысяч рублёў. Менавіта на гэтую вёску прыходзяцца і самыя вялікія сумы персанальных кампенсацый. Так, двум дачнікам-суседзям заплацілі па 1384 і 1244 рублі адпаведна. Людзі змогуць усё поўнасцю аднавіць, паколькі былі застрахаваны – дачнікі не падпадаюць пад абавязковы від. А вось мясцовым жыхарам, хто эканоміў і абмежаваўся толькі ім, выплацілі палову сумы.

Агульная сума выплат перавысіла 30 тысяч рублёў. Больш за 26 тысяч з іх – па добраахвотных дагаворах.

Пераважная частка выплат пайшла на аднаўленне нерухомасці. На збудаваннях рознага прызначэння зрывала дахі, самы вялікі аб’ём у жылым сектары – 42 квадратныя метры. Моц урагану можна ацаніць па пашкоджаннях уласнасці наваполацкага дачніка: на доме ў Слабадзе ветрам зрушыла нават франтон з газасілікатных блокаў. Не вытрымала і адна цагляная труба. Паколькі пабудовы стаялі без стрэх, адной з заяўніц выплацілі ўрон і на замену столевай пліткі, якая зацякла і пачала адвальвацца.

Зразумела, не маглі ўстаяць парнікі і альтанкі. Яны адносяцца да прадметаў хатняй маёмасці, але страхуюцца асобна па вопісе. За гэтую шкоду прадбачлівыя людзі атрымалі каля пяці тысяч рублёў.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *