Традиционно в Стайском бору прошло празднование Дня святого пророка Ильи

Общество

Замест падсвечніка – скрыня з пяском. Ікона прарока Іллі. Яна – пад адкрытым небам побач з крыжом. І хоць малебен ужо распачаўся, людзі ўсё падыходзяць і ставяць свечы. Толькі ў адным месцы Ушацкага раёна купалам раз у год служыць неба. Канечне, гэта Стайскі бор і свята прарока Іллі.

Складана сказаць, чаму з мноства рэлігійных святаў менавіта гэта на Ушаччыне з’яўляецца такім любімым і мае багатыя карані. Нават калі ў раёне не існавала ніводнага прыходу, людзі ўсё роўна накіроўваліся сюды за святой вадзіцай. “У мяне ў Вялікіх Дольцах жыла сястра, а потым і сам працаваў там, памятаю – камбайны жнуць, а людзі ў Стайскі бор рушаць. Пешшу ці на конях. І святар прыязджаў на матацыкле з Лепеля”, – прыгадвае Анатоль Ягоравіч Прашкевіч.

Гэта было ў часы, калі ні крыжа, ні альтанак, ні насцілу да крыніцы не існавала, толькі люстэрка вадзіцы ў балоцістай нізіне. І стараста прыходу святой пакутніцы Параскевы Пятніцы мае непасрэднае дачыненне да добраўпарадкавання гэтага святога месца. Спачатку прыхаджане арэхаўскага храма, адзінага на той час у раёне, паклалі невялікі насціл з бярвенняў. Потым зрабілі калодзеж і накрылі крыніцу. Ініцыятарам доміка для яе былі вернікі Аляксей і Зоя Краснянскія. Палачане ў летні час, калі жывуць на дачы, наведваюць арэхаўскі храм. Вось і ахвяравалі вялікую суму, каб устанавіць альтанкі ля крыжа і крыніцы, Аляксей прымаў удзел і ў іх будаўніцтве. Дапамаглі ў добраўпарадкаванні раённыя ўлады: Ушацкі лясгас паклаў да крыніцы ўжо новы шырокі і даўгі насціл, паставіў лаўкі. Штогод падаецца аўтобус, каб прывезці на службу ўсіх жадаючых, арганізаваны і выязны гандаль. Ну а сіламі прыходу Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры наладжана падача вады з кранаў.

– Раней зачэрпвалі вёдрамі, вада каламуцілася, і вось на працягу ўжо многіх гадоў прывозім генератар, апускаем помпу – і вада хутка напаўняе самыя розныя ёмістасці, – кажа настаяцель храма протаіерэй Вячаслаў Лобец. – Звычайна ў храмах на Іллю вада не асвячаецца. Гэта Ушацкая традыцыя. Прыемна, што жыве яна столькі год, здзіўляе і геаграфія – ёсць нават госці з Докшыцкага, Глыбоцкага раёнаў. Не менее і жадаючых ахрысціць дзіця менавіта на Іллю.

У гэтым пераканацца было нескладана. Рыгор Жаваранак прымаў таямніцу разам з братам і сынамі Дзянісам і Цімафеем. Сям’я Сазонавых менавіта ў Стайскім бары хрысціла старэйшую дачку, і сёлета прывезлі двухгадовую Насцю. Ну а бацька самай маленькай васьмімесячнай Міраславы Прашкевіч на пытанне, чаму менавіта тут, са здзіўленнем адказаў: “А дзе яшчэ?”. Так, за Стайскім борам трывала замацавалася і месца для хрышчэння, хоць здзяйсняць таямніцу насамрэч можна ў царкве ў любы дзень па дамоўленасці са святаром. Але хоць і “палявыя” ўмовы ў бары, дакладней лясныя – усё як і ў храме, у тым ліку і купель. Праўда, ні малых, ні дарослых не акунаюць, а паліваюць святой вадой.

Што датычыцца асвячэння крыніцы, то сёлета гэта здзейснілі благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі іерэй Аляксандр і настаяцель храма ва Ушачах протаіерэй Вячаслаў. Хоць і ішоў невялікі дождж, людзі ахвотна ўбіралі парасоны, каб іх акрапілі. І кожны набіраў столькі вадзіцы, колькі жадаў.

У Стайскім бары стаяла драўляная Свята-Іллінская царква. Разабрана яна яшчэ да вайны, у трыццатых гадах. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, няшчасці пастаянна суправаджалі сям’ю, якая пабудавала сабе ў Судзілавічах дом з бярвенняў храма.

– Будзе чакаць “гасцінца” са Стайскага бору цётка Кацярына Дрозд з Глінішча, – казала Наталля Конан. – Ёй 94, сама ўжо не можа сюды трапіць, як раней. А прынясеш ёй вады, вып’е і кажа: “Па ўсіх костачках пайшла”. У нашай акрузе, а сама я родам са Стараселля, усе на Іллю сюды ехалі”.

В.Конан.

У царкве ж ваду будуць асвячаць на Мядовы спас 14 жніўня. Дарэчы, як і салодкі пчалярскі прадукт. Ведаючы пра хуткае свята, напэўна, і прывёз мядку на продаж Васіль Конан. Ну а з палаткі Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства хутка знікалі піражкі ды булачкі. Мабыць таму, што дзяцей было шмат, якія нагульвалі апетыт у сасновым лесе.

Не зарастае народная сцяжына ў Стайскі бор. А прыжылася гэта традыцыя не толькі сярод мясцовых. Вось і сям’я Рабчэўскіх, якая набыла ў Замошшы дачу, наведваецца ў Стайскі бор з 2002 года. А колькі людзей яшчэ прыехала сюды на працягу дня.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *