Ссора с сожительницей, кража фотоловушки в лесу и любопытный сосед — происшествия в Ушачском районе

Происшествия

У парыве эмоцый

Сур’ёзнымі непрыемнасцямі скончылася для беспрацоўнага ўшачаніна 1981 года нараджэння сварка з сужыцельніцай. Абмяжоўвацца толькі з’едлівымі словамі, абразамі мужчына не стаў – у парыве эмоцый моцна піхнуў каханую, у выніку чаго тая ўпала, ударыўшыся галавой аб крэсла. Па факце прычынення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў узбуджана крымінальная справа.

Фотапастцы “зрабілі ногі”

Лес, як высветлілася нядаўна, вабіць не толькі грыбнікоў ды ягаднікаў. Іншы скарб здолела знайсці ў лясным масіве непадалёк ад Вялікіх Долец пакуль невядомая асоба. Фотапастка коштам 522 рублі, прымацаваная да аднаго з дрэў, “знікла”. Мабыць, таму што паспела зафіксаваць незаконную выхадку свайго новага гаспадара. Яго пошукам займаюцца праваахоўнікі.

Гаспадарлівы зламыснік

Усяго два дні на сваёй дачы ў вёсцы Селішча адсутнічаў жыхар Наваполацка. Аднак гэтага часу пакуль невядомаму злодзею хапіла, каб правесці “рэвізію” ў двары мужчыны. Прычым, разменьвацца на дробязі ён не стаў – узяў мотаблок коштам 2 тысячы рублёў. У агародных справах тэхніка, вядома, запатрабаваная, аднак можа прывесці незаконнага гаспадара да вывазу “ўраджаю” крымінальных спагнанняў.

Падарунак сярод поля

Няўдача чакала нядаўна маладога матырынца: ля вёскі Забалацце, куды прыехаў па справах, згубіў свой мабільны тэлефон. Пошукі вынікаў не прынеслі – юнак расчараваны паехаў дамоў. А ўжо хутка пляскаў у далоні ад удачы, што выпадкова падвярнулася ледзь не сярод поля, ушачанін 1989 года нараджэння, работнік адной з гаспадарак раёна. Развітвацца з крутой знаходкай той не збіраўся, у выніку чаго “зарабіў” крымінальную справу.

Дзіўны выбар

“Рэкордную” па сваім маштабе нястачу зведаў нядаўна жыхар вёскі Скачыхі. Сярод белага дня з яго незачыненага дома нехта выкраў сталовы нож і 1,5 літра бензіну агульным коштам 5 рублёў. Каму спатрэбіўся такі “скарб”, застаецца загадкай.

Уваход адкрыты

А вось гаспадары аднаго з дамоў у вёсцы Замошша вельмі дарма пакідалі дзверы незачыненымі. Хтосьці гэтым скарыстаўся і незаконна завалодаў 1495 доларамі ЗША, што захоўваліся ў памяшканні. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Валюта розніцы не мае

Грошы, а менавіта 20 тысяч расійскіх і 100 беларускіх рублёў, фігуравалі і ў крымінальнай справе, узбуджанай некалькі дзён таму. Названая сума знікла ў вёсцы Кублічы. Ніякіх абставінаў здарэння гаспадары назваць не змаглі, аднак гэта не перашкодзіла праваахоўнікам знайсці злодзея – ім аказаўся беспрацоўны жыхар Белюкоўшчыны 1970 года нараджэння.

Дзень белы – справы чорныя

Сярод белага дня на вачах дзясяткаў сведак пайшоў на супрацьпраўныя дзеянні беспрацоўны ўшачанін 1977 года нараджэння. У свайго таварыша (цяпер, па ўсім відаць, былога) ён адкрыта выкраў 200 долараў ЗША, якія ляжалі ў кішэні кашулі. Адкуль ведаў пра такую “заначку”, невядома. Цяпер гэтыя і іншыя абставіны крамінальнай справы мужчына тлумачыць праваахоўнікам.

Не па-суседску

Беспрацоўны дубраўчанін 1976 года нараджэння задаволіў сваю крымінальную цікавасць, прабраўшыся ў чужы гараж. Прычым, далёка не пайшоў – прыгледзеў практычна па-суседстве. Ну а ведаючы, што гаспадара – жыхара абласнога цэнтра – дакладн няма на месцы, сарваў навясн замок і вынес усё, што трапілася на вочы: бензапілу “Урал”, 4 металічныя швеллеры, 3 металічныя вугалкі, плуг, акучнік, касілку ад мотаблоку – агульны кошт гэтых рэчаў склаў 445 рублёў. Вось толькі радасці ад гэтага ніякай – “аперацыю” хутка раскрылі, а ў адносінах вяскоўца ўзбудзілі крымінальную справу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *