Молодёжь Ушаччины посетила Новолукомль в рамках межрегионального сотрудничества

Общество

У мінулы чацвер у Новалукомлі ў рамках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва адбылася сустрэча працоўнай моладзі Ушацкага і Чашніцкага раёнаў, прысвечаная Дню народнага адзінства.

Пачалося ж мерапрыемства з экскурсіі па Лукомльскай ДРЭС – цеплавой электрастанцыі, уведзенай у эксплуатацыю ў 1969 годзе. Яна з’яўляецца самай моцнай у краіне. Так, планаваная магутнасць пры ўвядзенні ў дзеянне ўсіх энергаблокаў на Беларускай атамнай электрастанцыі складае каля 2400 МВт, а на Лукомльскай – практычна 2900 МВт! З пачатку эксплуатацыі электрастанцыяй выпрацавана 580,531 млрд кВт/г электраэнергіі. Нам расказалі пра ўнутранае абсталяванне, паказалі агульны зал з мноствам труб і моцным шумам, завялі ў галоўны цэнтр упраўлення, дзе практычна па ўсёй плошчы, акрамя падлогі, усталяваны кнопкі, рэгулятары, тумблеры і маніторы. Здаецца, як гэта можна ўсё запомніць? Але тут зладжана працуюць прафесіяналы, якія ў кожны момант гатовы рэагаваць на любую экстранную сітуацыю. Размешчана станцыя на беразе Лукомльскага возера і тут вельмі прыгожа.

Пабывалі мы і на яшчэ адным цікавым аб’екце – у забаўляльным цэнтры “Электрон”. Ён пабудаваны на месцы былога кінатэатра чашніцкім прадпрымальнікам. Гэты праект – прыклад працавітасці і вялізнага жадання ажыццявіць задуманае. Тут маецца ўсё і для дзетак, і для дарослых: гульнявы комплекс, лабірынты, 5D-7D кіназала і шмат чаго яшчэ. Ёсць у цэнтры і месца, дзе юныя наведвальнікі з супрацоўнікамі МНС вывучаюць асновы бяспекі жыццядзейнасці. І як гэта ўсё атрымалася ўмясціць ўнутры не надта вялікага будынка?! Сюды прыязджаюць з суседніх раёнаў, а ў выхадны дзень колькасць наведвальнікаў можа дасягаць 300 чалавек!

Фінальнай кропкай падарожжа стаў адкрыты зусім нядаўна цэнтр прафілактыкі “Альтэрнатыва”. Памяшканне падзелена на канферэнц-залу і выставачна-дэманстрацыйную частку, якая ўключае тэматычныя пляцоўкі, дзе выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы падачы інфармацыі. Тут у даступнай для дзяцей і моладзі форме расказваюць аб неабходнасці вядзення здаровага і бяспечнага ладу жыцця, уплыве наркотыкаў, алкаголю, гульнявой залежнасці на іх будучыню. У апошняй зоне, прысвечанай рэлаксу, усе маглі загадаць жаданне і пакінуць яго на дрэве, прывязаўшы стужку да галінкі.

На дыялогавай пляцоўцы мы не толькі падвялі вынікі сустрэчы, а і расказвалі пра свае раёны. Як прызналася чашніцкая моладзь, яны б хацелі таксама мець фізкультурна-аздараўленчы комплекс, як ва Ушачах, ну а мы, канечне, былі б не супраць адкрыцця забаўляльнага цэнтра накшталт іх “Электрона”. Завяршылася мерапрыемства ўручэннем памятных падарункаў. І канечне, у рамках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, прадстаўнікі рабочай моладзі Чашнікаў былі запрошаны да нас, бо на Ушаччыне таксама ёсць што паказаць і чым здзівіць!

Яўген ЖОДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *