В рамках Года исторической памяти в Ушачской школе провели урок мужества для учащихся

Образование и молодежь Общество

Год гістарычнай памяці надаў новы імпульс справе патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. І вельмі важна, каб мерапрыемствы гэтага накірунку былі змястоўнымі, знаходзілі водгук у дзяцей і падлеткаў. Менавіта такім стала пасяджэнне маладзёжнага клуба “Прававы навігатар”, якое прайшло ў форме ўрока мужнасці для дзевяцікласнікаў Ушацкай школы.

Госцем сустрэчы стаў начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў маёр Дзмітрый Юр’евіч Заікін. Разам з кіраўніком клуба бібліятэкарам Галінай Пятроўнай Талстой яны нагадалі школьнікам падзеі мінулага, расказалі пра подзвігі, якія нашы землякі здзейснілі на палях ратных бітваў. Адкрыццём для вучняў сталі імёны ўраджэнцаў Ушаччыны Восіпа Кавалёва, Барыса Пахілкі, якія праявілі сябе ў гады Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў і былі адзначаны ўзнагародамі. Легендарнай старонкай савецка-фінскай вайны стаў подзвіг танкавага экіпажа на чале з Барысам Волкам, якому пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Прыгадалі на ўроку баявы шлях ганаровага грамадзяніна Ушаччыны Аніса Клопава – поўнага кавалера ордэна Славы, агучылі ўспаміны маршала Баграмяна, які ўзначальваў войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту, што вызвалялі нашы мясціны.

З часоў мінулых вучні вярнуліся ў сучаснасць: пра вайсковыя будні ім расказаў фільм “Гарнізон Заслонава”. Напрыканцы ж мерапрыемства некаторыя яго ўдзельнікі прызналіся, што разглядаюць варыянты паступлення пасля школы ва ўстановы, што рыхтуюць афіцэрскія кадры. Адметна, што такую цікаўнасць праяўляюць і дзяўчаты, таму Д.Заікін падрабязна патлумачыў, дзе іх могуць прыняць на вучобу, распавёў і пра тое, як яны могуць трапіць на службу па кантракце: для гэтага папярэдне трэба набыць у грамадзянскіх навучальных установах адну з так званых ваенна-уліковых спецыяльнасцяў (тэлеграфіст, тэлефаніст, сувязіст, медработнік).

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *