Для чаго школьнікам лета? Вядома ж, каб адпачываць – адкажуць многія. Але не ўсе! Для значнай часткі старшакласнікаў нашага раёна вольныя месяцы сталі парталам у больш самастойнае дарослае жыццё.
Сёлета на Ушаччыне дзейнічала шэсць студатрадаў, у якіх працавала каля 40 чалавек, а прымалі іх лясгас, ЖКГ, “Сафійскія дары” і раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Некаторыя юнакі і дзяўчаты прайшлі па дзве змены працоўнага семестра, а ўшачанка Маша Мялешка стала абсалютным рэкардсменам, бо паспела паўдзельнічаць аж у трох. “Я ў гэтай справе ўжо не навічок – летась таксама ў студатрадзе была. Работы не баюся, бо з дзяцінства многае ўмею”, – патлумачыла дзяўчына. “Напэўна, цяжка было ў полі працаваць? Мабыць, шкадавалі, што згадзіліся?” – запыталася ва ўдзельнікаў студатрада “Колас”, якія займаліся відавой праполкай на збожжавых палетках. “Зусім не! – у адзін голас адказалі Аня Дрозд, Оля Цімафеева і Павел Шакута. – Няпроста, канечне, затое, ведаеце, як весела! Музыку на поўную моц уключым – і наперад! Яшчэ і песні любімыя спявалі – яны цяпер заўжды пра наша лета нагадваць будуць”. З нецярплівасцю чакала 1 жніўня Дамініка Бародзіч – не з-за належных у Дзень нараджэння падарункаў: з дасягненнем 14-годдзя яе запісалі ў студатрад, які займаўся доглядам дэкаратыўных насаджэнняў у гарпасёлку. А вось маладыя педагогі ў час свайго адпачынку вырашылі папрацаваць выхавальнікамі ў лагеры “Турасполле” – і ўзбагацілі прафесійны багаж карысным вопытам.
Сёлетні ж працоўны семестр афіцыйна завершаны: менавіта з гэтай нагоды сабраліся за круглым сталом у зале райвыканкама яго ўдзельнікі – праўда, не ўсе: многія з верасня сталі студэнтамі. Прывітаў дзяўчат і хлопцаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў, падкрэсліўшы, што ўсё вялікае ў гэтым свеце зроблена маладымі. Першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель уручыла Падзякі студатрадаўцам і прадстаўнікам арганізацый, якія прымалі ў сябе юных памочнікаў.
Сёлета на розных аб’ектах Беларусі і за межамі краіны працавала 443 студатрады Віцебшчыны, у складзе якіх было 7,2 тысячы байцоў.
Ну а былыя ўдзельнікі будаўнічых атрадаў савецкіх часоў падзяліліся ўспамінамі. З захапленнем слухала моладзь аповед Аляксандра Сяргеевіча Лосева пра ўдарную працу на ўзвядзенні жывёлагадоўчага комплексу і цікавыя эпізоды студэнцкага быту. На заробленыя падчас трэцяга семестра грошы ён набыў модны касцюм-тройку, матацыкл “Усход” і… заручальны пярсцёнак для сяброўкі па будатрадаўскіх буднях, якая стала спадарожніцай яго жыцця… У юных ушацкіх працаўнікоў заробкі, канечне, былі не такімі вялікімі. Канкрэтнымі лічбамі я цікавіцца не стала, але задала пытанне пра планы на наступнае лета. Адказам было дружнае: “Канечне, студатрад!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.