Традиционно Ушаччина присоединилась к республиканской акции «Чистый лес»

Общество

4 тысячы кубаметраў смецця, больш за 2 тысячы ачышчаных участкаў і больш мільёна высаджаных дрэў. Міністэрства лясной гаспадаркі агучыла вынікі рэспубліканскай акцыі “Чысты лес”, якая прайшла 9 кастрычніка. Да маштабнай уборкі падключыліся 40 тысяч беларусаў. Традыцыйна свой уклад у чысціню лясоў унесла і Ушаччына.

Вучні Вялікадолецкай школы.

Талакой па навядзенні парадку ў лясным фондзе сёлета збіраліся ў 11 раз. Прыцягнуць увагу да неабходнасці беражлівых адносін да галоўнага прыроднага рэсурсу краіны – яе галоўная мэта.

– Такое паветра, цудоўныя краявіды! Як вось тут можна кідаць смецце? – разважалі работнікі Ушацкага раёна газазабеспячэння і раённага аддзела Следчага камітэта, убіраючы яго на адной з палян ва Ушацкім лясніцтве. Непадалёк ад павароту на Кавалеўшчыну хтосьці не паленаваўся паставіць зручныя лавачкі і стол. А вось убраць за сабой бутэлькі пасля застолля (і яўна не аднаго!) жадання і сіл не хапіла. “Газавікі вобласці кожны год не прапускаюць акцыі “Тыдзень лесу” і “Чысты лес”. Добрая справа, тым больш у Год народнага адзінства. Папрацавалі з задавальненнем!” – адзначыў начальнік Ушацкага РГЗ Л.В.Рудак.

Адгукнуліся на заклік прыняць удзел у акцыі прадстаўнікі БРСМ, а таксама працаўнікі аддзела аказання страхавых паслуг па Ушацкім раёне на чале з Т.В.Зімніцкай, якія зрабілі чысцейшымі прыдарожныя палосы ў накірунку Завячэлля. Не адзін мех, напоўнены бутэлькамі, пакетамі і іншым сведчыў, што ўсё непатрэбнае грамадзяне маюць звычку выкідаць з аўто ці ідучы ў лес.

“А ў нас кожны дзень “Чысты лес”! Мы не можам прайсці міма, калі бачым смецце, але і падчас акцыі справа знойдзецца”, – казалі работнікі Ушацкага лясніцтва. Супрацоўнікі гэтага структурнага падраздзялення лясгаса, як заўсёды, прыбіралі не толькі лясныя паляны, а і дэндрапарк. Смецця тут практычна не было – парадак у аблюбаваным ушачанамі месцы падтрымліваецца пастаянна, таму ўдзельнікі ўбіралі сухія галіны з прылягаючай тэрыторыі, лісце. Не абмінулі ўвагай і “пянькі” – зона адпачынку карыстаецца папулярнасцю, але, на жаль, не ўсе пакідаюць пасля сябе чысціню.

Работнікі газавай службы.

Актыўна і карысна правялі ў суботу час і вучні Вялікадолецкай і Арэхаўскай школ, якія са сваімі настаўнікамі таксама прыбіралі паляны ў Вялікадолецкім і Сарочынскім лясніцтвах. А за свае старанні дзеці атрымалі яшчэ і каштоўныя падарункі – флэш-накапляльнікі.

– Выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды трэба з дзяцінства, менавіта таму сёлета асаблівы акцэнт падчас акцыі зроблены на работу з маладым пакаленнем. Лічу, калі дзеці ўдзельнічаюць у акцыі, яны бачаць, як няпроста наводзіць парадак у лесе, і разумеюць, як сябе паводзіць. Згадзіцеся, што прыходзіць у чысты лес надзвычай прыемна, – адзначае намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Т.К.Даніловіч.

“Кіпела” работа суботнім днём ва ўсіх лясніцтвах, супрацоўнікі не толькі прыбіралі лес ад смецця і захламленасці, а і на розных участках займаліся дапаўненнем культур.

Ушацкі лясгас дзякуе ўсім, хто прыняў удзел у мерапрыемстве і ўнёс свой уклад у добрую справу. Таксама работнікі лесу спадзяюцца, што чыстым лес будзе заставацца не толькі пасля валанцёраў, але і тых, хто там адпачывае.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *