Ушачанка Елена Мамон своими работами вдохновляет на творчество

Общество

Папера і фарбы для ўшачанкі А.С.Мамон – цэлае жыццё. Малюе, колькі сябе памятае. Зараз жа, маючы педагагічную і мастацкую адукацыю, настаўнік пачатковых класаў Ушацкай школы натхняе на творчасць і сваіх вучняў.

Гледзячы на сястру Ірыну, якая простым алоўкам ці стрыжнем аўтаручкі стварала ў школьныя гады прыгожыя замалёўкі, зацікавілася творчасцю і Алена. Вось толькі, любячы ўсё яркае, узялася ўсё ж за фарбы – з іх дапамогай не проста рэалістычна рэчы на паперы адлюстроўвала, але і настрой пазітыўны ў “гледачоў” стварала. У іх якасці на старце былі выключна блізкія. Пазней жа маці, а па “сумяшчальніцтве” класны кіраўнік Марыя Іванаўна Сіняўская ўгаварыла паўдзельнічаць у раённым творчым конкурсе – так работы школьніцы ўбачылі многія яе землякі. І такая “публічнасць” захапіла – у скарбонцы юнай мастачкі было нямала ўзнагарод самага рознага ўзроўню.

І хоць сваю прафесійную дзейнасць А.С.Мамон вырашыла звязаць з педагогікай (зносіны з малышамі заўсёды прыносілі задавальненне), ад творчасці адмовіцца таксама не змагла – завочна скончыла ў ВДУ імя П.М.Машэрава мастацка-графічны факультэт і цяпер у любую вольную хвілінку, ды і на ўроках з дзецьмі займаецца любімай справай. Дарэчы, з работамі Алены Сяргееўны завочна знаёмы многія: напрыклад, яе трыпціх з жырафамі, выкананы па заказе адміністрацыі, упрыгожвае сцены на другім паверсе Ушацкай школы.

Шмат прыхільнікаў работ А.С.Мамон і ў сацыяльных сетках.

– Неяк мая калега Святлана Пятроўна Бялова, якая гэтак жа займаецца творчасцю, параіла стварыць асобную старонку ў Інстаграме, праз якую можна было б знаёміць інтэрнэт-карыстальнікаў з маімі малюнкамі, – расказвае ўшачанка. – Я прыслухалася да парады – і, прызнаюся, была шчыра ўражана такой актыўнасцю з боку гасцей акаўнта! Многія пісалі мне паведамленні, тэлефанавалі, пакідалі станоўчыя водгукі… Паколькі ж пачалі паступаць яшчэ і просьбы персанальна штосьці для іх намаляваць, задумалася пра рэгістрацыю ў якасці рамесніка. На днях планую ажыццявіць гэтую мару.

Сярод любімых тэм Алены – прырода і партрэты ў стылі пап-арт. Разнастайная палітра колераў, дэталі, метафары складаюць яе індывідуальны стыль. Абапіраецца ж ушачанка на першае ўражанне.

На стварэнне адной карціны, па яе словах, патрабуецца ад аднаго дня да некалькіх тыдняў. Усё залежыць не толькі ад натхнення, але і ад матэрыялу, з якім працуе. У яе арсенале – туш, акварэль, пастэль, масла… Але найбольш палюбіліся акрылавыя фарбы – яны максімальна яркія, добра кладуцца на любую паверхню, ды і паху практычна не маюць, што зручна ва ўмовах работы дома.

Такое захапленне А.С.Мамон яе родныя падтрымліваюць. Дзевяцігадовы ж сын Марат і сам праяўляе сябе ў творчасці: нярэдка прыносіць са школы даволі якасныя малюнкі, а ў вольны час любіць пасядзець за алмазнай вышыўкай, якую таксама “прарэкламавала” маці.

Урокі ў школе, праверкі сшыткаў, розныя гаспадарчыя і сямейныя справы… На стомленасць, недахоп часу наша гераіня не скардзіцца. Пакуль у ёй б’ецца творчая жылка, працягвае размалёўваць сваё жыццё яркімі фарбамі. І імкнецца, каб мастацтва прыносіла радасць не толькі ёй, але і ўсім акружаючым яе людзям.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *