Более сотни детей боролись за победу на турнире по плаванию «Восходящие звёзды» в спорткомплексе «Юность-Ушачи»

Cпорт

Спарткомплекс “Юнацтва-Ушачы” зноў нагадаў аб сваім статусе аднаго з цэнтраў спартыўнага жыцця краіны: у суботу тут прайшоў першы этап І адкрытага турніру па плаванні “Узыходзячыя зоркі”.

Сям’я Салодкіных.

На спаборніцтвы, якія арганізуе Беларуская федэрацыя плавання і грамадскае аб’яднанне “Спартыўны клуб “Белы мядзведзь”, у гэты раз сабралася больш сотні плыўцоў самай юнай узроставай групы. На водных дарожках паказвалі свой спрыт 7-9 гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі з Мінска, Ліды, Смаргоні, Полацка, Наваполацка, Пастаў, а таксама выхаванцы Ушацкай ДЮСШ. Яны пераадольвалі дыстанцыю 25 метраў на спіне і змагаліся за камандную перамогу ў эстафеце.

Аддзяленне плавання ва Ушачах яшчэ зусім маладое і не мае багатых традыцый, тым не менш, нашы дзеці дастойна выглядалі ў кампаніі выхаванцаў масцітых школ і клубаў. У афіцыйным заліку Ушацкую ДЮСШ прадставілі Аляксей Салодкін, Ягор Садоўскі, Мацвей Пугач і Ілья Птушко, якія падпадалі пад азначаную ўзроставую катэгорыю. Для двух апошніх хлопчыкаў гэта былі, дарэчы, першыя ў жыцці спаборніцтвы. Магчымасць праверыць свае сілы атрымалі таксама Мар’яна Заруба, Ксенія Уліновіч, Злата Коршун і Мікіта Садоўскі, якія плылі па-за залікам.

Канечне, усе гаспадары басейна пастараліся паказаць свае лепшыя вынікі. Прыемна здзівіў сямігадовы Мацвей Пугач, які спыніўся ў адным кроку ад тройкі прызёраў. “Хлопчык займаецца ў нас другі год, і ўжо на першых трэніроўках было бачна, які ён упарты і бясстрашны, а гэта вельмі важна ў плаванні”, – адзначае трэнер Уладзіслаў Бабкін. Зрэшты, пасля спаборніцтваў дэбютант выглядаў засмучаным: хоць і паказаў рэкордны для сябе вынік, але ж вельмі марыў узысці на п’едэстал – такі вось спартыўны максімалізм.

М.Пугач, У.Бабкін.

Затое гэта ўдалося яго сябру па камандзе Аляксею Салодкіну, які змагаўся ў заплыве хлопчыкаў 2012 года нараджэння. 25-метровую дыстанцыю ён пераадолеў за 20 секунд і стаў сярэбраным прызёрам спаборніцтваў. Трэба было бачыць, як радаваліся за Лёшу яго персанальныя балельшчыкі – тата Дзяніс і бабуля Ганна Васільеўна. “У школьныя гады я паспяхова займаўся воднымі лыжамі і вельмі рады, што сын працягвае сямейныя спартыўныя традыцыі”, – кажа бацька хлопчыка. Сваю лепту ў поспех унесла і бабуля, якая прыводзіла ўнука на трэніроўкі – Лёша, дарэчы, адзін са старажылаў аддзялення, бо ходзіць на плаванне з моманту адкрыцця комплексу.

У ліку самых зацікаўленых гледачоў была і Ганна Цімафееўна Кроцік: хоць яе блізкія не спаборнічалі на дарожках, але жанчына, якая адказвае за чысціню ў басейне, ведае кожнага выхаванца і сочыць за іх поспехамі. “Бачу, як стараюцца дзеці на трэніроўках, як цярпліва працуюць з імі трэнеры, – зазначае яна. – Вікторыя Лукашэвіч і Улад Бабкін – выдатныя спецыялісты і прыемныя людзі, дзеці іх вельмі любяць! Сапраўдныя трэнеры пакідаюць у душы след на ўсё жыццё: ведаю гэта на ўласным прыкладзе, бо ў юнацтве займалася дзюдо пад кіраўніцтвам Станіслава Анатольевіча Шэдзько, была кандыдатам у майстры спорту”.

Ну а трэнеры і бацькі юных плыўцоў, многія з якіх упершыню пабывалі ва Ушачах, засталіся ўражанымі ад нашага цудоўнага аб’екта, дзякавалі за цёплы прыём. Арганізатары ж у чарговы раз упэўніліся: калі спаборніцтвы праходзяць ва ўшацкім спарткомплексе – усё будзе на самым лепшым узроўні.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *