В Ушачском районе открылся современный цех по выращиванию крупного рогатого скота

Общество Сельское хозяйство

У Віцебскай вобласці ў аснашчэнні жывёлагадоўчых аб’ектаў абраны два напрамкі. Гэта будаўніцтва новых, рабатызаваных комплексаў і аднаўленне старых памяшканняў. Пры мінімуме затрат атрымаць максімум эфекту – такая мэта другога шляху, бо сабекошт прадукцыі на іх будзе ніжэйшым у параўнанні з узвядзеннем новых ферм. Менавіта такі аб’ект адкрыты ў панядзелак з удзелам старшыні Віцебскага абласнога камітэта Мікалая Мікалаевіча Шарснёва ў філіяле “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”. А паколькі на мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі раёнаў і аграпрамысловых холдынгаў з усёй вобласці, то на прыкладзе комплексу “Пліна” падрабязна паказана, як і за якія крыніцы гэта можна ажыццявіць у кароткі тэрмін.

Чырвоную стужку перарэзалі У.Аўдошка, У.Сафронаў, дырэктар канцэрна “Віцебскмясамалпрам” Н.Бортнік, М.Шарснёў.

“Мы для сябе паставілі задачу – за бліжэйшыя пяць гадоў абнавіць жывёлагадоўчы комплекс Віцебскай вобласці, і тады мы атрымаем вынік, які зводзіцца да 100 працэнтнай загрузкі магутнасцяў нашай малочнай і мясной перапрацоўкі”, – зазначыў падчас урачыстага адкрыцця М.М.Шарснёў. Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што паколькі сельскагаспадарчая галіна не мае шмат сродкаў, трэба выкарыстоўваць тыя аб’екты, што засталіся з ранейшых часоў, аднак ствараць на іх сучасныя ўмовы, каб захоўвалася тэхналогія і ахвотна працавала моладзь. Ужо адноўлены прафілакторыі для цялят, а праграма на 2022 год – палепшыць умовы ўтрымання дойнага статку. Для Віцебскай вобласці Прэзідэнам краіны ўзгоднена спрошчаная сістэма будаўніцтва і фінансавання такіх аб’ектаў. Губернатар назваў абсалютна рэальнымі сярэднія надоі ў 6 тысяч літраў ад каровы і менавіта гэтая лічба пастаўлена як задача на блізкую перспектыву.

Г.Буркенадзэ.

Старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка падзякаваў кіраўніцтву Полацкага малочнага камбіната і наогул усім, хто прымаў удзел у рэканструкцыі, за тое, што Ушаччына мае такі жывёлагадоўчы аб’ект, уручыў узнагароды, а таксама сімвалічны ключ ад адноўленага будынка дырэктару філіяла “Маяк-Ушацкі” Гурамі Гівіевічу Буркенадзэ.

Ад комплексу па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, пабудаваным ля вёскі Двор Пліна, які не эксплуатаваўся з 1992 года, да нашых дзён засталося некалькі памяшканняў. Самае вялікае з іх пазаўчора атрымала другое нараджэнне. Ферма, разлічаная на 840 галоў, ужо прыняла першых 320 насельнікаў. Цялушкі завозяцца з розных гаспадарак – першыя з “Агра-Селішча”, “Дземенца” і “Вялікадолецкага” – і будуць утрымлівацца тут, каб набраўшы адпаведныя кандыцыі сцельнымі папоўніць малочныя статкі сельгаспрадпрыемстваў. На сённяшні дзень мала хто з іх можа пахваліцца аднаўленнем гуртоў штогод на 25 працэнтаў – як прадугледжана тэхналогіяй. І менавіта на захаванне апошняй будзе зроблены ўпор у цэху па вырошчванні рамонтных цёлак, каб скараціць перыяд іх росту, які часам з-за неадпаведнага догляду расцягваецца і да трох гадоў. Гэта яшчэ і эканомія кадраў, якіх не хапае ў жывёлагадоўлі.

М.Фядосенка.

Рэканструкцыяй з красавіка займалася будаўнічая брыгада Полацкага малочнага камбіната – пераважна спецыялісты былога ўшацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Заменены дах, забетанавана падлога, бяспрывязнай на глыбокім подсціле будзе сістэма ўтрымання – таму хлеў разбіты на секцыі, дзе замест ранейшых рашотак зараз “пярына” са здрабнёнай саломы. Гэта робіцца тэхнікай, як і раздача кармоў. У паілкі падаецца цёплая вада, што награваецца бойлерам. Частка акон, якія, дарэчы, былі падняты вышэй, каб не даставалі цялушкі, адкрываецца лябёдкай для праветрывання памяшкання. Асвятленне – люмінесцэнтнае, якое рэгулюецца і адключаецца аўтаматычна ў залежнасці ад часу сутак. Для эканоміі вокны прарэзаны і ў столі.

У.Аўдошка, С.Гарбаценка.

Полацкі малочны камбінат на сённяшні дзень атрымлівае з гаспадарак, якія ўваходзяць у холдынг, 83 тысячы тон малака пры патрэбным аб’ёме – 154. Астатняя сыравіна закупляецца за межамі аб’яднання.

Непасрэдна ў памяшканні ўстаноўлены станок для асемянення, а таксама артапедычны для абрэзкі капытоў вытворчасці Полацкага аграрнага аб’яднання. Былі прадстаўлены на адкрыцці цэху таксама ўласны пастэрызатар малака і навінкі камбікармоў. Спадабаўся апошні, па ўсім відаць, і цялушкам, бо ў прысутнасці гасцей яны паводзілі сябе больш чым спакойна: накормленыя (раніцай прайшоў кормараздатчык) ляжалі на свежым подсціле. Дарэчы, на пажаданую наяўнасць здрабняльніка саломы звярнуў увагу прысутных генеральны дырэктар ААТ “Полацкі малочны камбінат” У.Л.Сафронаў, які непасрэдна ў цэху расказаў пра ўсе этапы рэканструкцыі. Каб зрабіць новы саламяны “матрац”, тэхніка на адзін праход затрачвае толькі паўгадзіны і два з паловай рулоны, калі пры ручной раскрутцы ідзе да дванаццаці. Падказаў калегам, на чым можна зэканоміць. Напрыклад, каля 200 тысяч з-за таго, што рабілі бетон на месцы, таксама на адзінарнай трубе, што аддзяляе секцыі ад кармавога стала. Наогул жа Полацкім малочным камбінатам на рэканструкцыю патрачана каля 1370 тысяч рублёў, ці паўтары тысячы на адно месца. А акупіцца ўкладанні, па разліках, павінны праз чатыры гады.

“Для ўтрымання цёлак гэта самая лепшая сістэма, – тлумачыць начальнік жывёлагадоўчага комплексу Валерый Уладзіміравіч Літвін. – Ім патрэбны мацыён і яны вольна ходзяць як у секцыях, так і на прагулачных пляцоўках. Дарэчы, для абслугоўвання памяшкання мы не бралі дадатковых людзей, бо толькі адзін даглядчык будзе пераганяць іх на выгул, а раздача кармоў і ачыстка праводзіцца тэхнікай”.

З гісторыі
Тысячнік у саўгасе “Ушацкі” быў здадзены ў эксплуатацыю 31 снежня 1977 года. Не трэба тлумачыць, чаму так называлі ферму па ўтрыманні быкоў. Менавіта столькі іх стаяла на ланцуговай прывязі. “Побач функцыянавала яшчэ тры хлявы: на 320 і два па 200 галоў, а таксама кацельня, дом жывёлавода, шэсць сянажных вежаў, кормараздатачны цэх, дзе сянаж, сілас, буракі, камбікорм перамешваўся, загружаўся ў раздатчыкі і развозіўся трактарамі па хлявах. Усё механізавана. Заказчыкам выступаў “Полацкводбуд”, а ўзводзіла за бюджэтныя сродкі ПМК №12 , – прыгадвае былы майстар па будаўніцтве саўгаса І.Д.Смальніцкі, які на гэтым аб’екце выконваў функцыі тэхнагляду. – Пад памяшканні была зроблена самацёчна-сплаўная сістэма выдалення гною, які потым вывозіўся бочкамі на палі”. Функцыянаваў той комплекс нядоўга, у перабудовачны час саўгас прыйшоў у заняпад і не працаваў пэўны час нават пабудаваны на той час трохтысячнік.

І калі сістэма бяспрывязнага ўтрымання з’яўляецца правераным дзедаўскім спосабам, то адна супер-навінка выклікала павышаную цікавасць у прысутных, бо маецца далёка не ва ўсіх раёнах. У новым цэху абсталявана аўтаматызаваная сістэма выяўлення цялушак у ахвоце. Прадстаўнікі мінскай фірмы – адзінага ў Беларусі вытворцы такіх сістэм – зманціравалі на комплексе дзве антэны, якія перадаюць даныя на камп’ютар. Для гэтага на цялушак перадзлучнога перыяду надзяваюць спецыяльныя нумарныя ашыйнікі, якія і падкажуць пра змяненні ў стане жывёлы. Прыходзіць раніцай на комплекс асемянатар (у ахвоце каровы і цялушкі звычайна ноччу) і бачыць, якую з іх трэба пакрыць. Эфектыўнасць падобных сістэм – 97 працэнтаў, падкрэсліў на прыкладзе “Мазурава-Агра” першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама У.А.Машэра. Гэта выгадна, паколькі эканоміцца матэрыял і не прапускаецца час для пакрыцця.

На гэтым рэканструкцыя былых ферм на Ушаччыне не закончыцца. На наступны год плануецца ўвесці ў эксплуатацыю суседні будынак, разлічаны на ўтрыманне прыкладна 550 рамонтных цялушак.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *