Сотрудники ОГАИ Ушачского РОВД проводят рейды по предупреждению ДТП с участием пешеходов

Общество Профилактика и безопасность

На Віцебшчыне праваахоўнікі працягваюць правядзенне комплексу прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне аварый з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў. Раніцай мінулага тыдня мы разам з інспектарам ДПС Д.Бабянком і супрацоўнікам аператыўна-дзяжурнай службы С.Сабіным падзяжурылі на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай у райцэнтры. Не на самім пераходзе, а метрах у 50 ад яго, каб здалёк паназіраць за паводзінамі ўдзельнікаў дарожнага руху. У прыватнасці, ці прапускаюць вадзіцелі пры ажыццяўленні павароту пешаходаў, а тыя, у сваю чаргу, ці выконваюць вызначаныя заканадаўствам правілы.

Ідзе снег, слізка, бачнасць на дарозе не самая лепшая… На шчасце, веласіпедыстаў не сустрэлі – ушачане захоўваюць здаровы сэнс! Пешаходы спяшаюцца, а некаторыя – амаль бягуць, не гледзячы, ці ёсць паблізу транспарт. Так, яны маюць перавагу на пераходзе, аднак не ўлічваюць, што вадзіцелі могуць проста не паспець своечасова затармазіць, аб’ехаць ці заўважыць чалавека ў цемры.

Падчас рэйду аўтамабілісты адназначна парадавалі. За гадзіну нашага назірання практычна ўсе прапусцілі пешых удзельнікаў дарожнага руху. Толькі ў адным выпадку вадзіцель легкавушкі не стаў чакаць на “зебры” чалавека, які быў на падыходзе, і без прыпынку працягнуў рух. Так, ён нікому не перашкодзіў і закон не парушыў. Вось толькі ў такім выпадку праваахоўнікі раяць усё ж перастрахоўвацца: ніколі не вядома, як павядзе сябе ў наступныя секунды пешаход – раптам захоча паскорыцца і выбежыць на праезную частку, парушыўшы тым самым правілы (перад тым, як выйсці на праезную частку ён павінен пераканацца ў адсутнасці транспартных сродкаў або правільна ацаніць адлегласць да тых, што едуць, іх хуткасць. Бяспечнымі на загараднай дарозе з’яўляецца 150-200 метраў, у населеным пункце – 100-150).

Дарэчы, да пешых удзельнікаў дарожнага руху ў праваахоўнікаў у гэты дзень было нямала пытанняў. Так, на адной з вуліц райцэнтра нецвярозы мужчына ішоў па краі праезнай часткі без флікера. Супрацоўнік ДАІ патлумачыў магчымыя наступствы такіх паводзін. Звярнуў увагу на тое, што на першы раз парушальніку выносіцца папярэджанне. Калі ж на працягу года падобнае паўтарыцца, гаворка пойдзе ўжо пра штраф у адну базавую велічыню.

Наступная парушальніца, убачыўшы машыну супрацоўнікаў ДАІ, меркавала перабегчы дарогу – спадзявалася застацца незаўважанай. Дарэчы, убачыць жанчыну вадзіцелям, сапраўды, было б праблематычна: святлоадбівальных элементаў ні на вопратцы, ні на сумцы не было. Як зазначыла пешаход, ішла з магазіна дамоў, флікер жа не мацавала, паколькі на вуліцы ўжо пачынала віднець. Жанчыне патлумачылі, што цёмны час сутак – гэта прамежак пасля заходу сонца і да яго ўсходу, канкрэтныя даныя на кожны дзень вызначаны каляндарна. Ва ўзгаданай сітуацыі да яго заканчэння было яшчэ каля паўгадзіны. Зрэшты, як высветлілі праваахоўнікі, не прайшло і года з папярэдняга аналагічнага парушэння жыхаркай Ушач. Таму ў яе выпадку парушэнне абярнулася штрафам у 32 рублі.

Усяго за гадзіну патрулявання па дарогах райцэнтра выяўлена 5 парушальнікаў-пешаходаў. Дарэчы, падобныя рэйды супрацоўнікі ДАІ праводзяць рэгулярна, асабліва ў асенне-зімовы перыяд.

– Пешаходы і веласіпедысты менш абароненыя ў параўнанні з аўтамабілістамі, – кажа Д.Бабянок. – Тлумачым ім правілы дарожнага руху, расказваем аб магчымых наступствах парушэнняў, прыводзім прыклады – каб усведамлялі, што сваё жыццё, здароўе трэба берагчы. Прыемна бачыць станоўчыя вынікі такой работы – дагэтуль прынцыповыя праціўнікі флікераў пачынаюць іх насіць. І хто ведае, ад колькіх непрыемных сітуацый такая яркая палоска іх ужо выратавала…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *