Районная библиотека имени Е.Лось выпустила сборник произведений «Через призму времени» ушачанки Лидии Сидоренко

Культура Общество

У шуфлядцы рэдакцыйнага стала ляжыць стос простых школьных сшыткаў, старонкі якіх спісаны акуратным почыркам: так сталася, што мы першымі знаёмімся з новымі творамі Лідзіі Кірылаўны Сідарэнкі і праз старонкі “Патрыёта” адпраўляем іх на суд чытачоў. Аналізуем і водгукі – а яны практычна заўсёды захопленыя. Сакрэт прывабнасці яе апавяданняў у вельмі жыццёвых сюжэтах, выкладзеных проста і дасціпна, у героях, з якімі, здаецца, мы самі сустракаліся, у пазітыве і мяккім гумары, якімі прасякнуты творы. Цяпер жа апавяданні Лідзіі Кірылаўны можна будзе прачытаць і ў кніжным фармаце – днямі раённая бібліятэка імя Еўдакіі Лось выпусціла зборнік яе твораў “Праз прызму часу”.

Зрэшты, гэта не першая яе кніга: у 2011-м годзе ўбачыў свет зборнік вершаў “Філасофія жыцця”. Што датычыцца апавяданняў, то іх публікаваў не толькі “Патрыёт”, а і іншыя газеты і часопісы, аднак было відавочна, што празаічны матэрыял заслугоўвае асобнага выдання. “Задумвалі кнігу да юбілею аўтара, які яна святкавала летась – але з-за розных, у тым ліку і эпідэмічных момантаў, справа зацягнулася аж на год. І тым больш прыемным было яе завяршэнне!” – адзначае бібліятэкар Таццяна Браніславаўна Гарбаценка, якая ўзяла на сябе асноўную работу па выпуску зборніка. Прэзентацыю ж кнігі было вырашана правесці ў коле верных сяброў і прыхільнікаў творчасці Лідзіі Кірылаўны – на пасяджэнні клуба цікавых сустрэч “Ушачане”, што ўжо амаль дваццаць год працуе пры бібліятэцы.

Літаральна ўсе творы зборніка – аўтабіяграфічныя, хоць цалкам атаясамліваць аўтара і яго герояў не варта. Нарадзілася Ліда апошняй даваеннай зімой у пасёлку ля Харкава – і ўжо першыя дні Вялікай Айчыннай прынеслі ў іх дом трагедыю: пад Кіевам быў смяротна паранены бацька. Уражанні тых часоў ляглі пазней у аснову апавядання “Памяць пра дзяцінства”. Ведаем, што ў многіх нашых чытачоў любімым творам аўтара з’яўляецца шчымлівае апавяданне “Лялька” – яно пра пасляваенную галечу і цеплыню чалавечых адносін. Няпростая рамантыка камсамольскіх будоўляў, дзе праходзіла маладосць Лідзіі Кірылаўны – у творы “Вуліца Таежная”. “Праз 26 год” – незвычайная гісторыя пра тое, як яе муж на неабсяжнай прасторы Савецкага Саюза змог знайсці сваю матулю, з якой яго разлучыла вайна. Лірыка-гумарыстычныя малюнкі вясковага жыцця вы знойдзеце ў творах “Ля весавой” і “Казёл Борка”. Уражанні, атрыманыя ў дальніх падарожжах, на якія было багата яе жыццё, – у апавяданнях “Поезд “Масква-Улан-Батар”, “Мая паездка ў Індыю”. А паколькі ў 1999 годзе Лідзія Кірылаўна стала нашай зямлячкай, ёсць сярод герояў зборніка і ўшацкія прататыпы – у якіх творах, казаць не будзем: але, магчыма, прачытаўшы іх, вы пазнаеце сябе ці сваіх суседзяў.

“Перш чым узяцца за выпуск кнігі, доўга вагалася, бо чалавек я зусім не славалюбны і ўвогуле не надта публічны, – прызнаецца Лідзія Кірылаўна. – Але ўсё ж зрабіла гэта – дзеля дзяцей і ўнукаў. Каб застаўся ў іх душы след, каб ведалі, як і чым жыло наша пакаленне. Людзі сыходзяць, а гісторыя застаецца і працягваецца…”

Як падкрэслівае сама аўтарка, вялікая заслуга ў тым, што яе апавяданні знайшлі шлях да чытача, належыць творчаму клубу “Муза” і яго былому кіраўніку Галіне Аляксандраўне Варатынскай. “Выхад зборніка асабліва сімвалічны ў “Год гістарычнай памяці”, – падкрэсліла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская. “Мяне асабліва здзіўляе, наколькі чалавек можа бачыць добрае і светлае ў цяжкім жыцці”, – вылучыла характэрную рысу творчасці аўтара калега па пяры, паэтэса Тамара Барадзёнак. “Ну а я пажадаю не спыняцца на дасягнутым: хочацца, каб наступны Ваш зборнік выйшаў не праз 11 год, а намнога хутчэй!” – зазначыла старшыня клуба “Ушачане” Ніна Аляксандраўна Багдановіч. Пытайцеся пра кнігу ў бібліятэцы і, канечне, чакайце новых апавяданняў Лідзіі Кірылаўны на старонках “Патрыёта”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *