На Ушаччине 23 февраля традиционно возложили венки к памятнику погибшим воинам и партизанам

Общество

23 лютага жыхары Ушаччыны ўрачыста адзначылі Дзень абаронцаў Айчыны і ­104-ю гадавіну ўтварэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэтае свята ўжо многія дзесяцігоддзі з’яўляецца агульнанародным, днём усіх мужных, цвёрдых духам людзей. З пакалення ў пакаленне  перадаецца і глыбокая павага да тых, хто абараняў свабоду, незалежнасць нашай дзяржавы.

Шчырыя віншаванні, моцныя рукапацісканні, сціплыя, але ад таго не менш мілыя ўсмешкі людзей у форме, тых, хто стаіць на варце нашага спакою зараз. Яшчэ задоўга да пачатку ўрачыстага мітынгу ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку было ажыўлена. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый сабраліся тут, каб ускласці вянкі і кветкі да падножжа манумента, пліт. Даніна памяці загінуўшым у баях за вызваленне Ушаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – хвіліна маўчання як напамін: такое не павінна паўтарыцца!

Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны сёлета сярод прысутных не было – усё менш застаецца іх у страі, усё часцей падводзіць здароўе. Між тым, цёплых слоў у адрас герояў было сказана шмат. Прычым, не толькі завочна. Адразу пасля мітынгу актывісты раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” накіраваліся да кожнага з іх па месцы жыхарства. Дарэчы, з сабой прыхапілі не толькі святочны настрой, цёплыя віншаванні, але і падарункі (харчовыя наборы) ад грамадскага аб’яднання.

Пачуўшы ад прадстаўнікоў сацслужбы словы ўдзячнасці за праяўлены ў гады Вялікай Айчыннай гераізм, не змагла ўстрымаць слёз Ефрасіння Нікіфараўна Хадан з райцэнтра. “Галоўнае – каб было здароўе і вайна не паўтарылася!” – шчыра жадала яна ў адказ землякам. Дарэчы, у сям’і ветэрана падзеі, што адбываюцца зараз ва Украіне, трымаюцца ў строгім сакрэце – блізкія не хочуць каб 95-гадовая жанчына, якая ў 1944-м у складзе легендарнай украінскай дывізіі Каўпака змагалася за вызваленне краіны, перажывала.

Е.Хадан, К.Коршун.

Дзякавалі ўшачанам за ўвагу у гэты дзень таксама Міхаіл Сцяпанавіч Іваноў  з Рагуцкіх, Васіль Мікалаевіч Казачонак з Завыдрына, Сямён Сцяпанавіч Кляпец з Прудоў, Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня з Глыбачкі, а таксама Марыя Іванаўна Дворка, якая знаходзіцца зараз у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Вяркудах. Менавіта на прыкладзе іх – нашых ветэранаў – выхоўваюцца сённяшнія абаронцы Айчыны, а гісторыя Беларусі свята захоўвае прыклады доблесці і адвагі, стойкасці і гераізму.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *