Учитель Плинской школы Галина Миранович встретила юбилей в атмосфере учеников, коллег и теплых воспоминаний

Общество

Галіне Серафімаўне Мірановіч (у дзявоцтве Струннікавай) учора споўнілася… не важна колькі год, бо чарговы дзясятак не здольны ні памяняць характар, ні сцерці гарэзлівага бляску вачэй. А яны гараць, калі чуе галасы шматлікіх вучняў, любімых унукаў, калег з Плінскай школы, у якой панавала асаблівая атмасфера падтрымкі і сяброўства.

Школьнае лясніцтва

На паперы, у генеральным плане Ушацкага лясгаса ў 1971 годзе яно ўжо існавала. А вось распачыналі гаспадарыць на дзясятках гектараў юныя леснікі пад кіраўніцтвам Галіны Серафімаўны: збіралі ва Угрынскім бары шышкі, садзілі лес, развешвалі сінічнікі і нават вучыліся ўпраўляцца з бусолем. Спецыфічныя навыкі дзецям даносіў ляснічы і муж Галіны Серафімаўны Якаў Паўлавіч Мірановіч. Яна ж выходзіла з навучэнцамі на ўсе практычныя заняткі. Невыпадкова першы школьны ляснічы Сяргей Філімонаў з лёгкасцю скончыць пазней Полацкі лясны тэхнікум, а Святлана Смірнова (Азевіч) трапіць на Усесаюзны злёт працоўных аб’яднанняў школьнікаў. Канкурэнцыі ў раёне ў плінцаў не было – не існавала лясніцтваў пры навучальных установах, ды і на саюзным узроўні дзяўчына не падвяла, вярнулася з мноствам узнагарод – каманда заняла другое месца. Было б першае, ды “спатыкнуліся” на кліматычных асаблівасцях Казахстана (месцы правядзення). Вось калі б запыталі пра беларускія!

“Памятаю нашы ўрокі на экалагічнай трапе, – расказвае былая вучаніца Г.С.Мірановіч Вера Васільеўна Дрозд. – Ідзём полем – Галіна Серафімаўна расказвае пра яго насельнікаў, лугам – распавядае пра яго біягеацэноз – да гэтага часу слова спецыфічнае ў памяці захавалася. Таксама ў бары ці на рэчцы Пескаватцы. З намі яна заўсёды была і падчас летняй практыкі, паколькі адказвала за прысядзібны ўчастак. А як мы стараліся добра накарміць трусоў і бездакорна выпалаць градкі – атрымаць пахвалу, а на школьнай лінейцы – узнагароду: Галіна Серафімаўна заўсёды дарыла кніжкі, якія купляла за свой кошт”.

На ўчастку настаўніца шчыравала разам з дзецьмі, а за школьнае лясніцтва атрымлівала даплату ў нуль цэлых нуль дзясятых – так жартавала сама, калі пыталіся. Толькі хіба ж грошы былі каштоўнасцямі ў дзяцей вайны?!

А я паспрабую

А вось ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга каштаваў дарагога, ды і гаварыў пра многае. Атрымала яго Галіна Серафімаўна не за школьнае лясніцтва ці, дакладней, не толькі за яго, а за ўсю працоўную дзейнасць і ў большай ступені за вялікую колькасць алімпіяднікаў.

– Тэлефануюць неяк і кажуць падрыхтаваць вучня на вобласць. Зазначу, што ніякіх спаборніцтваў ведаў тады яшчэ не праводзілі, – прыгадвае Галіна Серафімаўна. – Я ў разгубленасці. Дзеці, маючы чатыры ў дзённіку, таксама крытычна ацэньваюць свае веды і не пагаджаюцца. А Волечка Краснова кажа: “А я паспрабую”. Пачалі займацца. Бяжыць, памятаю, пасля іспытаў да мяне дадому і паперай махае. Вярнулася з дыпломам 3 ступені. Я, праўда, запыталася, чаму не першай. Аказалася, што гэта і была адзнака самага высокага ўзроўню – іншых не прысуджалі. Так Волечка, якую ўшачане ведаюць як Вольгу Віктараўну Васілеўскую – былога дырэктара Матырынскай школы – была маім першапраходцам, а потым на вобласць ездзілі Галечка Касцюковіч, Светачка Смірнова, Валечка Бездзель, Людачка Пугачова… Гэта ў вясковай школе. А мяне ўключалі ў склад журы.

Усіх сваіх вучняў Галіна Серафімаўна называе ласкава. Падкрэслівае, а як жа інакш, яны ж такія разумнікі. А літаральна ўсе яе выхаванцы, у якіх распытвала пра настаўніцу, паўтарыліся, што пры ўсёй яе патрабавальнасці, прынцыповасці, яе любілі і паважалі. Больш таго, Г.С.Мірановіч заставалася прыкладам ва ўсім, а ў дзяўчат была яшчэ і эталонам элегантнасці. Стройная, заўсёды ў прыгожых касцюмах, з прычоскай і нават дагледжанымі пазногцямі, гэта пры тым, што шмат часу праводзіла на ўчастку, ды і дома Мірановічы трымалі дзве каровы і поўны набор іншай жыўнасці.

Знешні лоск, а Галіна Серафімаўна і ў сталыя гады не можа дазволіць сабе неахайнасці ў вопратцы – толькі адна са струн яе арганнай інтэлігентнасці. Спакойная і тактоўная, з пачуццём гумару, яна ніколі не ўдзельнічала ў перасудах, не павышала голасу, не крыўдзіла і тым больш не абражала. “Для мяне мама прыклад у многім, але перш за ўсё ў адносінах да людзей. Яна і дома ў чатырох сценах не магла дазволіць сабе дрэнна выказацца ні пра аднаго чалавека, ні тое што сказаць брыдкаслоўе, – дзеліцца дачка Алена Якаўлеўна Мацюшэнка. Такія ж паважлівыя адносіны былі ў сям’і. Хоць з намі, дзецьмі, ні сюсюкала. Мы атрымалі наказ, каб яна за нас не чырванела, хоць і не заўсёды гэта атрымлівалася. Ніколі не папярэджвала, калі падыме – падрыхтаваным ты павінен быць заўсёды. А дома потым і падкрэсліць, што адказаць магла і лепш. Максімалістска па натуры, яна і да сябе ставілася крытычна, і ад іншых патрабавала поўнай аддачы”.

Да кожна ўрока – як да адкрытага

Аднойчы ў школу нечакана прыехалі з праверкай, на ўрок без папярэджання накіравалі да Г.С.Мірановіч. Яна не разгубілася, правяла яго выдатна. А рабіла ўсё як звычайна: з адпрацоўкай мінулага задання і разборам новага, з нагляднымі дапаможнікамі і цікавымі прыкладамі. “Толькі стаўшы настаўніцай, я зразумела, наколькі выключна арганізаваны, з максімальнай загрузкай быў кожны яе ўрок ці біялогіі, ці працы, – расказвае Святлана Васільеўна Азевіч. – Маладым спецыялістам я потым неаднойчы звярталася да яе за парадай. Галіна Серафімаўна ніколі не ставіла двоек. Іх кожны выпраўляў пасля ўрокаў, як і пры жаданні павысіць адзнаку. А гэта зноў жа ў вольны час настаўніка”.

Адкрывала прыгажосць

“Здаецца, усе раслі ў сельскай мясцовасці, але ўпершыню па-сапраўднаму адкрывалі для сябе зямлю, расліны на ўроках Г.С.Мірановіч. Яна так граматна расказвала пра асаблівасці кожнай агародніны ці кветкі, якія вельмі любіць і якіх было шмат як у нашым класе – кабінеце біялогіі, так і на тэрыторыі, а таксама ў яе дома, – прыгадвае Ніна Васільеўна Крахотка. – Яна была нашым класным кіраўніком, і мы шмат падарожнічалі: ездзілі ў дэндрапарк у Глыбокае, хадзілі ў паходы на Маладалеччыну. Яна імкнулася перадаць прыгажосць, якую бачыла і стварала сама”.

Так, ужо вялікая алея вырасла з туй ля школы – а маленькія дрэўцы некалі на грузавой машыне везлі з заказніка, рэдкія кусты і дрэвы раслі і ў панскім парку, за які таксама адказвала школа. А на іх участку быў нават пітомнік каштанаў, якімі потым азелянялі наваколле.

На дзень настаўніка Галіна Серафімаўна заўсёды з букетам уласных кветак заходзіла павіншаваць калегу, сяброўку, але найперш сваю настаўніцу любімай хіміі Зінаіду Захараўну Парашкіну. У пачатковых класах выкладала яе маці Ніна Сільвестраўна Струннікава. Слова НАСТАЎНІК заўсёды заставалася для яе вялікім, і сама нясе яго Галіна Серафімаўна бездакорна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *