Владимир Терентьев провел в Ушачах штаб по подготовке к открытию обновленного музея народной славы имени В.Е.Лобанка

Общество

У суботу старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў правёў ва Ушачах штаб па падрыхтоўцы адкрыцця абноўленага музея народнай славы імя героя Савецкага Саюза Уладзіміра Елісеевіча Лабанка.

Рэканструкцыя Ушацкага музея распачалася ў 2018 годзе. Спачатку праходзіў рамонт будынка, узведзенага ў 1985-м: уцяпляліся сцены звонку, умацоўваліся перакрыцці падвальных памяшканняў, поўнасцю мяняліся сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, ліквідаваліся працяканні ў даху, уваход у музей і санітарныя пакоі абсталяваны пандусамі. Касметычны рамонт адбыўся і ва ўсіх залах, ад выставачнай да фае. Дарэчы, у ім таксама ўпершыню за 37 гадоў аўтарам Уладзімірам Крываблоцкім абноўлены манументальны роспіс “У імя жыцця на зямлі”.

Новымі фарбамі ў прамым і пераносным сэнсе зайгралі экспазіцыі першага і другога залаў, пры гэтым захаваўшы канцэпцыю ўшацкага музея. Над гэтым працавалі дызайнеры наваполацкай кампаніі “Мастак-сэрвіс”, той самай, што займалася “абліччам” кабінетаў у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”. У кіназале абсталяваны кабінет патрыятычнага выхавання са стацыянарным экранам і праектарам, набыта падвесная сістэма для мацавання карцін у выставачнай зале, гукавая і музыкальная апаратура, з’явіліся і мяккія лавачкі, каб няспешна разгледзець палотны, усе з якіх – і партызанскія, і сучасныя – са сховішчаў музея.

– Вам сюды да адкрыцця трэба абавязкова прывезці перасоўную выставу, прысвечаную генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – сказаў У.У.Цярэнцьеў. – І трэба абавязкова дапаўняць экспазіцыю ўласнымі матэрыяламі па гэтай тэме. Увогуле ж Ушацкі музей народнай славы ўнікальны, падобных на Віцебшчыне няма, да таго ж вы знаходзіцеся ў самым цэнтры Прыдзвінскага краю, і трэба, каб тут пабывала як мага больш людзей, абавязкова варта арганізаваць экскурсіі для школьнікаў з усіх раёнаў.

На пачатку ж тыдня старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі правёў на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў” штаб па падрыхтоўцы да святкавання Дня прарыву партызанамі Полацка-Лепельскай брыгады варожай блакады (на здымку). Як вядома, 4 мая на Ушаччыне праходзіць урачыстасць абласнога маштабу, прысвечаная гэтай даце. З 2016 года, пасля рэканструкцыі комплексу, упершыню праводзіцца грунтоўная рэвізія аб’ектаў мемарыяла. Некаторыя элементы, напрыклад адна з зямлянак, ужо мяняліся, а па заканчэнні шасці гадоў рамонт, падфарбоўка і частковая замена патрабуюцца на шматлікіх. Трэба абнавіць афарбоўку пліт з імёнамі загінуўшых, скульптуры партызана, флагштокаў, замяніць прагарэўшыя лямпы падсветкі і паламанаю плітку. Камунальнікам даручана памяняць падлогу са спілаў бярвён у партызанскай школе, а таксама лазовую агароджу. Канкрэтныя даручэнні падчас штаба атрымалі многія прадпрыемствы і арганізацыі. Фронт работ, якія будуць выконвацца выключна за ўласныя сродкі падчас суботнікаў, фронт вялікі. А часу да знакавай для Ушаччыны даты і Дня Перамогі няшмат.

І хаця асноўныя ўрачыстасці праходзяць на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, наведзены парадак будзе ля помнікаў загінуўшым вызваленцам і мірным жыхарам на тэрыторыі ўсяго раёна. Рамонту патрабуе, дарэчы, і пастамент салдата ў скверы гарпасёлка.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *