Весенняя ярмарка прошла в Ушачах

Общество

Беларускія кірмашы спрадвеку былі важнымі эканамічнымі і культурнымі падзеямі для сваіх рэгіёнаў: жыхары наваколля не толькі набывалі тут патрэбны (і не вельмі) тавар, а і наладжвалі стасункі, заключалі пагадненні. Гэтыя мерапрыемствы былі своеасаблівай візітоўкай горада ці мястэчка, таму для муніцыпальнай улады іх арганізацыя была важным выпрабаваннем. І нават у наш высокатэхналагічны час гэта, здавалася б, архаічная форма жывых гандлёвых зносін застаецца актуальнай.

Вось і ў мінулую суботу ўшачане пачалі сцякацца на цэнтральную плошчу, дзе ладзіўся вясенні кірмаш, задоўга да яго афіцыйнага пачатку. Пакупнікі прыехалі з розных кропак раёна, а гандляры – нават з-за яго межаў. Аснову ж радоў традыцыйна склалі машыны ўшацкіх гаспадарак: на старце пасяўной аграрыі ацанілі свае стратэгічныя запасы і падзяліліся з прыватнікамі лішкамі зерня. Вялікадальчан Ірыну і Васіля Мычко мы сустрэлі ў чарзе да селішчанскай машыны. “Прыехалі найперш за ячменем. Гадуем парсючка, курэй, ды і ад немалога ўчастка пакуль не адмаўляемся”, – патлумачылі яны. Два мяхі гэткага ж насеннага збожжа набылі на кірмашы Сяргей і Вольга Яскевічы – у вёсцы Двор Пліна яны лічацца аднымі з самых руплівых гаспадароў: трымаюць кароўку, свіней, а таму сеюць вялікі ўчастак зерневых.

“Ячмень, які мы прадавалі па кошце 70 капеек за кілаграм, ­можна назваць хітом сённяшняга продажу, – зазначыў дырэктар “Агра-Селішча” Сяргей Плігаўка. – Прапаноўваем таксама насенны гарох, фуражны авёс па 20 рублёў за мяшок, насенне цімафееўкі і канюшыны, прымаем заяўкі на дастаўку бычкоў”. А вось глыбачанцы, у адрозненне ад сваіх калег, жывёлу прыхапілі з сабой – і рэалізавалі на кірмашы некалькі галоў. Бойка вяло гандаль насеннем ячменю і аўсу, фуражнай пшаніцай трыа маладых ільюшынскіх спецыялістаў, якое склалі галоўныя бухгалтар і эканаміст Таццяна і Ілья Сісковічы і загадчык майстэрнямі Андрэй Пятніца. Па 55 капеек за кілаграм прадавалі фуражную пшаніцу вялікадальчане, па 50 – дземянецкія аграрыі. У розных гаспадарках можна было заказаць арганіку па кошце 10-12 рублёў за тону, а даплаціўшы, арганізаваць яе дастаўку.

Яшчэ адным аб’ектам пакупніцкага попыту стала бульба. Прывезлі яе на кірмаш у асноўным прыватнікі, дастойную канкурэнцыю якім склаў Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства. Так, у палатцы апошняга можна было купіць эліту сорту “Палац” па 2.50, а таксама ўсім вядомы “Скарб” (па 2 рублі за кг) – як сцвярджае статыстыка, у Беларусі на долю гэтага сорту прыходзіцца каля 30 працэнтаў усіх пасадак. Разварваецца ён не надта моцна, таму падыходзіць для смажання і салатаў, а яшчэ ўстойлівы супраць хвароб і выдатна захоўваецца. Па 1.20 за кілаграм рэалізоўваў сарты “Гала” і “Каралева Ганна” жыхар Столінскага раёна Мікалай, які ўпершыню прыехаў на вясновы ўшацкі кірмаш і зусім пра гэта не пашкадаваў. А вось лепяльчанін Уладзімір Захаронак, які, між іншым, нарадзіўся ў нашым пасёлку Мірны, – пастаянны ўдзельнік такіх мерапрыемстваў. Аграном па адукацыі, ён ужо не адзін дзясятак год вырошчвае агародніну і мае ва Ушачах пастаянных пакупнікоў. На кірмашы ж мужчына прадаваў не толькі бульбу, а і квашаную капусту.

Пазнаёміліся мы і з глыбоцкімі фермерамі Яўгенам і Ірынай. Вось ужо 13-ты год бульбаводства з’яўляецца для іх сямейнай справай: на 3 гектарах яны вырошчваюць 8-10 сартоў, на час пасадкі і ўборкі наймаюць некалькіх работнікаў, з астатнімі працэсамі спраўляюцца самі. “Фермерскі хлеб – вельмі няпросты, але я не з тых, хто апускае рукі”, – прызнаецца гаспадар. На кірмаш ён прывёз ранні сорт “Уладар” і сярэдні “Саціна”, прадаваў іх па 1.30 за кг. Калі першы ўшачанам добра знаёмы, то пра вартасці другога мы папрасілі расказаць больш падрабязна. “Клубні пры варцы не развальваюцца, а толькі лопаюцца – як вобразна выказаліся аднойчы пакупнікі, гэта бульба “ўсміхаецца”. З’явілася яна ў нашым арсенале 4 гады таму: насенне прывезлі з Германіі пад заказ па 1 еўра за кіло – але высокі кошт хутка акупіўся”, – ахарактарызаваў адзін са сваіх любімых сартоў бульбавод. А яшчэ глыбоцкая сям’я прызналася, што Ушацкі раён ім вельмі падабаецца. “У вас людзі больш простыя і адкрытыя. А якая прырода! І назвы вёсак такія прыгожыя: Салаўёўка, Бярозава… У свой час у нас нават думкі былі аб пераездзе на Ушаччыну”, – вось колькі прыемных кампліментаў пачулі мы ад шчырых працаўнікоў, якія не першы год забяспечваюць нашых землякоў другім хлебам.

А вось яшчэ адна сямейная пара – Ігар і Даната Карнацэвічы, не шкадавалі добрых слоў у адрас арганізатараў кірмашу. “Працуем у рыбгасе “Навінкі” і пастаянна рэалізуем тавар у розных гарадах і пасёлках, таму ёсць з чым параўнаць. Калі сёння прыехалі ва Ушачы, прыемна здзівіліся колькасці пакупнікоў і прадаўцоў, спадабалася, што можна набыць не толькі сельгаставары, а і харчовую, прамысловую прадукцыю”. І сапраўды, ушачане з задавальненнем куплялі недарагія ручнікі і пледы (ад 15 рублёў) у палатцы наваполацкіх гандляроў, мёд і лазневыя венікі ад лясгасаўцаў, адборныя кавалкі мяса і выпечку ўшацкіх кааператараў. А вялікадалецкія жанчыны ў памяць пра кірмаш набылі шкатулкі, вырабленыя наведвальнікамі аддзяленняў ТЦСАН. “Яны выдатна падыдуць для захоўвання іголак і нітак”, – патлумачылі свой выбар пакупніцы. Як падалося, без якой-небудзь пакупкі з вясенняга кірмашу не пайшоў ніхто.

“Хочацца падзякаваць усім нашым гаспадаркам і прыватнікам за тое, што знайшлі магчымасць далучыцца да мерапрыемства, – зазначыла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак. – Словы падзякі мушу адрасаваць работнікам міліцыі, медыкам, якія дапамаглі забяспечыць належныя ўмовы яго правядзення. Спецыялісты аддзела эканомікі і райсельгасхарча правялі вялікую арганізацыйную работу, запрасілі ва Ушачы шмат прадаўцоў, ладзілі з імі стасункі як па тэлефоне, так і праз інтэрнэт. На жаль, не ва ўсіх патэнцыяльных ўдзельнікаў атрымалася да нас прыехаць: па розных тэхнічных прычынах не змаглі прэзентаваць сваю прадукцыю “Знамя Індустрыялізацыі”, верхнядзвінскія вытворцы сыроў, філіял “Вясна-энерга”, Лепельская сортавыпрабавальная станцыя. З-за халоднага надвор’я не рызыкнулі выставіць тавар прадаўцы саджанцаў – але іх вы зможаце набыць крыху пазней на гарадскім рынку. Дарэчы, некаторыя пакупнікі пыталіся ў нас, чаму мы не перанеслі кірмаш на больш позні тэрмін. Аднак гэтае мерапрыемства заўсёды праводзіцца ў самым пачатку красавіка, таму што потым гаспадаркі не змогуць узяць у ім удзел, бо распачнецца пасяўная. Да таго ж многім прыватнікам ужо зараз патрэбны насенны матэрыял, каб планаваць работы на ўчастку. Так што прыносім прабачэнне, калі нехта не задаволіў свае патрэбы, аднак спадзяёмся, што абсалютнай большасці ўшачан вясновы кірмаш дапамог у набыцці неабходных тавараў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *