Наши земляки Василий Коробов и Александр Чепельников — настоящие патриоты Ушаччины, воспитывающие патриотизм

Общество

Вялізныя калоны машын са сцягамі і паказальныя выступленні картынгістаў, раллі і скачкі з трамплінаў юных матацыклістаў – усім гэтым відовішчам, што арганізуюцца ў гарпасёлку ў фармаце вялікіх святаў або асобна мы абавязаны нашым землякам – кіраўніку Віцебскай абласной структуры ДТСААФ Васілю Васільевічу Корабаву і Наваполацкай аб’яднанай Аляксандру Сцяпанавічу Чапельнікаву. Ды і аўтапрабегі ў гонар прарыву блакады партызанамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны ініцыіраваліся таксама імі. Не па загадзе і не для “галачкі”, а па патрэбе душы, паколькі патрыёты Ушаччыны. Прычым, нашы сціплыя землякі не афішыруюць сваіх заслуг, таму сёння мы вырашылі расказаць пра іх падрабязней.

В.Корабаў, А.Чапельнікаў.

Аўтапрабег не для “галачкі”

– Аўтапрабег да мемарыяльнага комплексу “Прарыў” не на Дзень Перамогі, а менавіта 4 ці 5 мая мы распачалі гадоў 20 таму, – расказвае А.С.Чапельнікаў. – Тады гэта было машын 20-30 толькі Наваполацкага аб’яднанага аддзялення ДТСААФ. Пазней да нас далучыліся лепяльчане і некаторыя іншыя суседзі. Пастраенне – заўсёды на плошчы Ушач, нас заўважылі прадстаўнікі райвыканкама, і хутка мерапрыемства стала праводзіцца сумесна. Зараз яно вырасла да абласнога ўзроўню, а мы як раней ідзём калонай машын, прывозім картынгістаў, Орша – матацыклістаў. Заўсёды хочацца зрабіць для землякоў відовішча, асабліва для дзяцей.

– Работа аўташкол: падрыхтоўка вадзіцеляў розных катэгорый, гэта найбольш бачны, але далёка не асноўны напрамак нашай працы, – знаёміць з дзейнасцю структуры В.В.Корабаў. – Галоўнае, гэта работа з дапрызыўнай моладдзю, выхаванне патрыятызму, занятасць юнакоў і дзяўчат тэхнічнымі відамі спорту. Прычым, робім гэта на добраахвотных пачатках, прыйсці да нас можа любы, бо секцыі бясплатныя, а наша асноўная мэта, каб падлеткі не бегалі па падваротнях, а займаліся карысным, развіваліся фізічна. Праводзім “Зарніцы” і іншыя зборы. У нас многа спаборніцтваў па відовішчных відах спорту, напрыклад, парашутным, падводным. Што датычыцца мерапрыемстваў ва Ушачах, то заўсёды рыхтуемся загадзя, хочацца зрабіць яго асабліва запамінальным. Акрамя паказальных выступленняў я заўсёды праводжу з дзецьмі конкурсы па гісторыі краю і, на жаль, магу заўважыць, што прабелы ў веданні малой радзімы ёсць. Таксама імкнёмся, каб пра маю гераічную Ушаччыну ведалі не толькі ў вобласці. І раней на 4 мая падчас аўтапрабегу прыязджалі калегі са Смаленска, з якімі Віцебскае аддзяленне ДТСААФ доўгі час супрацоўнічае. Сёлета ж дэлегацыя, у якой, дарэчы, былі Героі Расіі, акрамя традыцыйнага вянка прывезла капсулу з зямлёй з магілы Міхаіла Ягорава, ураджэнца горада Рудня, які партызаніў на Ушаччыне, а ў 1945-м узняў сцяг Перамогі над рэйхстагам. Дарэчы, тэлесюжэт з нашага свята “Прарыў Перамогі” паказалі на Смаленскім абласным тэлебачанні, што вельмі прыемна, мяркую, не толькі мне. Ну а ралі наогул былі міжнароднымі. Арганізоўвалі іх сумесна з Беларускай аўтамабільнай федэрацыяй. Прапанаваў свой родны раён зноў жа каб прапагандаваць яго, тым больш што ўшацкі рэльеф выдатна падыходзіць для гэтага.

Трук выконваюць А.Чапельнікаў з вучнем.

Заклікаем да супрацоўніцтва

Рабіць сумесна можна многа, перакананы нашы землякі і прыводзяць прыклады. У Баравухе ёсць матацыкліст- аматар, які на добраахвотных пачатках вядзе з дзецьмі гурток мотасправы. Яны плацяць толькі членскія ўзносы, якія і пакідаюцца цалкам у іх распараджэнні, ну а калі праводзяцца спаборніцтвы, ДТСААФ яшчэ і дапамагае сродкамі для набыцця дыпломаў і прызоў, тых жа куль для заняткаў стралковых ці ваенна-патрыятычных гурткоў пры школах. А ў Расонах ужо тры гады запар праходзіць конкурс “Аўта-лэдзі”. Аўтааматаркі спаборнічаюць у ваджэнні і тэорыі, атрымліваецца цікавае свята, якога ўсе чакаюць.

– Запрашаем да супрацоўніцтва настаўнікаў фізічнай падрыхтоўкі, адказных за ваенна-патрыятычнае выхаванне, – заклікае А.С.Чапельнікаў. – У Расонах і Ушачах у нас ёсць падраздзяленні, а для стварэння пярвічкі дастаткова трох чалавек. А Васіль Васільевіч запрашае землякоў у Віцебск: у музей самалётаў пад адкрытым небам і ў аэраклуб, дзе і зараз развіваюць парашутны, верталётны і авіямадэльны спорт. Абяцае арганізаваць насычаную, незабыўную экскурсію.

Важна, каб побач быў настаўнік

Васіль Васільевіч вырас у Вяркудах. У яго дзяцінстве яшчэ шмат было ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, таму прымацоўвалі на дамы ветэранаў чырвоныя зорачкі, дапамагалі прынесці вады ці пакалоць дровы. А ў вольны час ігралі ў валейбол, футбол, зімой на возеры ў хакей. У Гарбаціцкую школу хадзілі пешшу, загартаваныя былі.

– Вельмі многае залежала і залежыць ад людзей, што знаходзяцца побач, ад настаўніка ў шырокім сэнсе слова, не абавязкова педагога. Пры паступленні ў Даўгаўпілскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча акрамя фізікі і матэматыкі трэба было здаваць фізічную падрыхтоўку. І калі ўбачыў шмат юнакоў са значкамі кандыдатаў у майстры спорту і разраднікаў, крыху засмуціўся. Але прабег дыстанцыю хутчэй за іх. У нашых вясковых школах не абаранялі нарматывы, як у Маскве ці Ленінградзе, а падрыхтаваныя былі не горш. Цягу да ваеннай службы мне прывіў наш ваенрук Уладзімір Ільіч Даўгаполаў, дакладныя навукі выдатна давалі дырэктар школы і яго жонка Уладзімір Дзянісавіч і Тамара Пятроўна Кабякі. Так што з вучобай праблем не было, за ўвесь час толькі адно спагнанне – за дрэнны почырк”.

Васіль Васільевіч 18 год адслужыў у авіяцыйных войсках Узброенных сіл Савецкага Саюза, а пачынаў свой шлях на Балхашы. Быў камсамольскім лідарам палка, дадаткова скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча СПА імя Ю.Андропава. Апошнія месцы вайсковай службы – Куйбышаўскі, а з 1991-га Віцебскі вучэбныя авіяцыйныя цэнтры, дзе ён быў намеснікам начальніка. Там вучылі кіраваць самалётамі, верталётамі, скокаць з парашутам як, дарэчы, і зараз у аэраклубе ДТСААФ. І палкоўнік у запасе з гонарам называе імёны 19 Герояў Савецкага Саюза, якія прайшлі праз цэнтр, а таксама землякоў Міхаіла Хрыпача і Аляксандра Клачка – верталётчыкаў, загінуўшых у Афганістане.

Паказальныя выступленні ва Ушачах.

Нарадзіўся экстрэмалам

Увесь кабінет А.С.Чапельнікава завешаны граматамі і застаўлены кубкамі. Цікава, што ўсе яны – пераходныя, але так і аселі ў Наваполацку. “Калі пяць гадоў запар цябе ніхто “не абскакаў” у пэўным напрамку – кубкі пакідаюцца. Вось гэты, напрыклад – за дабрачыннасць. Мы перадалі іншым аўташколам ДТСААФ 28 машын, хоць самі ў свой час абсалютна ўсё куплялі. Прыняў аўташколу з 2 жыгулямі і 100 наведвальнікамі, праз год у нас было 3500 навучэнцаў, а база паступова вырасла да 60 машын. Сотню разоў мяне прасілі “па сакрэце” расказаць, як я гэта зрабіў. У горадзе на той час была прыватная фірма-канкурэнт, і мы значна зменшылі плату за навучанне, здача ж іспытаў для атрымання правоў з першага разу – за 90 працэнтаў. Да нас, зразумела, пайшлі. А за грошы за вучобу набывалі тэхніку: у дзевяностых рабілі стаўку на Аўдзі-80, як самую “неўбіваемую”, з моцным кузавам машыну. Цяпер гэта выключна “фальксвагены” з салонаў. Усе вучэбныя машыны заўсёды адной маркі, каб прасцей было з запчасткамі для рамонту. Ёсць таксама матацыклы, аўтобусы і грузавая тэхніка.

У 1992 В.Корабава абіраюць намеснікам старшыні Віцебскага аддзялення ДТСААФ, а ў 1999-м Васіль Васільевіч узначаліў абласную структуру і на сённяшні дзень мае самы вялікі стаж у рэспубліцы – сёлета 30 гадоў.

Сам А.Чапельнікаў больш за ўсё любіць ездзіць на “Kawasaki-650”. Захапленне двухколавым сродкам – з дзяцінства. У школу даводзілася хадзіць за 10 кіламетраў па партызанскіх сцежках Міная Шмырова. Лес там дзікі, шмат звяроў, таму “асядлаў” матацыкл рана. Быў і “Мінск”, і “Ява”, і нямала падзенняў, прычым сур’ёзных. Аднойчы сеў за руль чужога матацыкла з перламутравым шклом, якое збіла з арыентацыяй адлегласці да перашкоды. На хуткасці 100 кіламетраў выконваў трук, кіруючы матацыклам нагамі. Калі перайшоў на ручное, да гаражоў заставаліся лічаныя метры… Адзінае выйсце пагасіць хуткасць – легчы і круціцца на месцы. Адлегласці ўсё ж не хапіла: на трэцім абароце матацыкла ўдарыўся спіной аб бардзюр, паламаў рэбры і пашкодзіў нырку. Гэта, аднак, ні на хвіліну не адбіла цягі да матацыклаў і гонак. Падчас работы на Поўначы неаднаразова станавіўся пераможцам мотакросаў. Таму калі Аляксандр Сцяпанавіч працаваў ва Ушацкім аддзяленні ДТСААФ, а дадаткова і вёў мотагурток пры Доме піянераў, арганізаваў у нас усесаюзныя спаборніцтвы па мотагонках. Многія памятаюць гэтае відовішча на крутым беразе за Ліпаўцом. Дарэчы, і зараз ён можа на кароткім разгоне пераадолець вялікую перашкоду ці скокнуць з трампліну. Нарадзіўся экстрэмалам.

Наваполацкае аддзяленне ДТСААФ чатыры разы прызнавалася лепшым у рэспубліцы, а непасрэдна А.Чапельнікаў – Чалавекам года ДТСААФ. Мае два ордэны Садружнасці Незалежных Дзяржаў “За заслугі”, медалі “За працоўныя заслугі” Рэспублікі Беларусь і ДТСААФ Расіі “Першы тройчы Герой Савецкага Саюза А.І.Пакрышкін”. Сёлета ўпершыню ў гісторыі абласной структуры калектыў пад кіраўніцтвам А.Чапельнікава ўдастоены Ганаровай граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Атрымаў яе Аляксандр Сцяпанавіч ва Ушачах.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *