9 тысяч 800 тонн песка и щебня стало основой новой дороги Идута-Кубличи

Общество

Дарога Ідута-Кублічы была праблемнай не толькі для вадзіцеляў, але і для дарожнікаў. У аснове там пучыністыя грунты, а канкрэтна – гліна, што пры прамярзанні падымаецца і ўтварае калдобіны. Неаднойчы рабілася падсыпка, але дапамагала гэта ненадоўга. Да таго ж на гравійку па баках падступіла кустоўе, і проста высечкай сітуацыю не выправіць. Таму дарога і была ўключана ў план па капітальным рамонце, а сёлета з наступленнем цёплага сезона стала першай, дзе распачаўся рамонт.

У.Шэк, С.Іваноў.

Перад тым, як пачаць укладку гравійна-пясчанай сумесі, якраз і ліквідавалі хібы з пакрыццём: вымалі слаі гліны, што падымалі дарогу. Каб не застойвалася на ёй вада, аднавілі куветы. Можна сказаць, што гэтая работа вялася наноў, паколькі яны грунтоўна зараслі. Уручную з такім аб’ёмам не справіцца, таму на дапамогу запрасілі экскаватар з галаўнога прадпрыемства. Уладзімір Шэк з Сянно не першы раз у камандзіроўцы ў нашым раёне, справу сваю ведае выдатна. Дзякуючы ліквідацыі расліннасці палатно, якое з гадамі звузілася да 8 метраў, зноў пашырылася да дзесяці.

– Стварэнне куветаў проста неабходна было і на ўчастку перад аграгарадком ля возера Камароўскае. Там круты схіл, і вадой гравій пастаянна змывала, – расказвае пра асаблівасці гэтага аб’екта майстар Дзяніс Мікалаевіч Салодкін, які і адказваў за арганізацыю работ. – Там зрабілі спуск для патокаў вады. Пясчана-гравійную сумесь вазілі нашы мазісты Пётр Дунік і Андрэй Шчэрбік на дзесяцітонніках, а на адзіным у нас грузападымальнасцю 20 тон – Сяргей Іваноў. Шчэбень буйной фракцыі і гравій, дарэчы, паступалі асобна. Таму перамешваў і разраўноўваў сумесь грэйдэрыст Аляксандр Маркевіч. Задзейнічаны і дзесяцітонны ўкатчык.

– Паколькі аб’ём работ быў вельмі вялікі, уласнай тэхнікі ў нас катастрафічна не хапае, а плячо перавозкі даўгое, давялося задзейнічаць і МАЗы калег з ДЭУ-37 і ДРБУ-220, – дадае галоўны інжынер Андрэй Міхайлавіч Агіевіч. – На 2,7 кіламетра ўчастка ля Судзілавіч і кіламетр ля Кубліч уклалі слой у 12 сантыметраў, а гэта 9 тысяч 800 тон пяску і шчэбеню. Вынікам задаволены, пры прыёмцы трасы не паўстала ніякіх пытанняў, ды і спрацавалі з прыбыткам. Наогул запланаваныя аб’ёмы работ на сёлетні год вялікія. У панядзелак скончылі іх на прыгаданай трасе, а ў аўторак ужо перадыслацыраваліся на дарогу Ушачы-Немірова, таксама рамантаваць гравійку.

“Пераканана, што і ў мокры час не будзе больш скарг па гэтых участках ад людзей, ды і камбайны з шыроказахопнай жняяркай цяпер лёгка пройдуць”, – такой была “прыёмка” дарогі старшынёй Кубліцкага сельвыканкама М.В.Ярмош.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *