Молодым везде у нас дорога

Образование и молодежь

Галоўнай мэтай дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для развіцця патэнцыялу моладзі ў розных сферах жыццядзейнасці. У нашым раёне з 2006 па 2010 вялася работа па рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы “Моладзь Ушаччыны”. Пра зробленае і актуальнае сёння расказвае начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Надзея Іванаўна ГАРДЗІЁНАК.

– За перыяд дзеяння раённай праграмы многае зроблена ў падтрымку моладзі. Адным з галоўных накірункаў з’яўляецца патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Ушацкі раён вызначаны ў Віцебскай вобласці базавым па патрыятычным выхаванні, а таму гэта работа носіць сістэмны характар. Моладзь актыўна ўдзельнічае ў патрыятычных акцыях “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”, “За Беларусь!”, “Мая Радзіма – Ушацкі раён” і іншых, аказвае практычную дапамогу ветэранам і састарэлым людзям, шэфствуе над помнікамі, абеліскамі, воінскімі пахаваннямі. Сталі традыцыйнымі сустрэчы з ветэранамі. Штогод у рамках акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” да Дня Канстытуцыі праводзіцца віншаванне 16-гадовай моладзі і ўручэнне пашпартоў кіраўніцтвам раёна. Падчас акцыі “Прызыўнік” ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца павесткі на службу ў армію, маладых хлопцаў праводзяць служыць іх калегі, даюць наказ ветэраны.
Важнае месца ў рабоце займае прафарыентацыя моладзі. Інфармуем маладых людзей аб прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, магчымасцях навучання і павышэння кваліфікацыі, працаўладкавання і часовай занятасці. На пачатак года на ўліку ў службе занятасці стаяў 71 чалавек, з іх ва ўзросце 16-29 гадоў – 21, што складае 0,9 працэнта ад агульнай колькасці моладзі раёна гэтага ўзросту. За пяць гадоў было працаўладкавана на пастаянную работу 545 беспрацоўных, 126 чалавек накіравана на вучобу па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы.
Штогод арганізацыі, прадпрыемствы раёна папаўняюцца маладымі спецыялістамі. За 2006-2010 гады іх прыбыло ў раён 360, пасля адпрацоўкі ўстаноўленага тэрміну працуе 247 спецыялістаў, з вышэйшай адукацыяй – 48. Пастаянна праводзяцца сустрэчы з маладымі людзьмі, індывідуальныя размовы, падчас якіх высвятляюцца хвалюючыя пытанні. Спецыялістам па магчымасці выдзяляецца жыллё. Найлепш гэта пытанне вырашаецца ў сельскай гаспадарцы, дзе за пяць гадоў 75 дамоў выдзелена маладым спецыялістам і маладым сем’ям.
З ліку моладзі сфарміраваны перспектыўны кадравы рэзерв, у якім зараз налічваецца 27 чалавек. У раёне зарэгістравана 45 маладых прадпрымальнікаў, жадаючым арганізаваць сваю справу штогод выдзяляецца субсідыя.
Для паляпшэння ўзроўню прафесіянальнай падрыхтоўкі, дасягнення высокіх паказчыкаў у рабоце аддзелам райвыканкама па справах моладзі кожны год арганізоўваюцца спаборніцтвы прафесійнага майстэрства сярод маладых аператараў машыннага даення кароў, аператараў на адкорме жывёлы, маладых механізатараў і вадзіцеляў, занятых на пасяўной і ўборачнай кампаніях. Прыемна адзначыць, што яны апраўдваюць аказаны ім давер, і нам ёсць кім ганарыцца. Так, сярод экіпажаў камбайнераў-тысячнікаў заўсёды ёсць маладзёжныя – гэта Д.Сісковіч і А.Лапо (2009 г.), К.Казакевіч і С.Андрэйчык (2010 г.) з ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. А малады вадзіцель А.Краўчанка ў 2009-м прадстаўляў наш раён на рэспубліканскіх “Дажынках”, яго імя занесена і на раённую Дошку гонару. Моладзь з нашага раёна пастаянна ўдзельнічае ў абласных конкурсах прафесійнага майстэрства.
Важным накірункам з’яўляецца работа з маладымі сем’ямі, якіх у раёне 600. Самае актуальнае пытанне – жыллёвае. Будаўніцтва жылля ў раёне ідзе даволі актыўна, аднак на ўліку ў паляпшэнні жыллёвых умоў яшчэ стаяць 222 маладыя сям’і.
У конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне сельскіх падворкаў за 2006-2010 гады паўдзельнічала 30 маладых сямей. Увайшло ў традыцыю да Дня сям’і і Дня маці ўшаноўваць і ўручаць падарункі маладым сем’ям і маладым мамам.
На жаль, сярод маладых сямей, у якіх выхоўваюцца дзеці, ёсць і нядобранадзейныя. Сёння такіх 20, з імі вядзецца пастаянная прафілактычная работа. Як і з падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. І гэта дае вынікі. Калі ў 2009 непаўналетняй моладдзю было здзейснена 6 злачынстваў, то летась удвая менш.
У ліку прыярытэтаў таксама прапаганда здаровага ладу жыцця, падтрымка таленавітай моладзі, арганізацыя адпачынку. Сёння нашай моладзі ёсць дзе адпачыць, з карысцю правесці час, знайсці занятак па душы.
Нямала іншых мерапрыемстваў, якімі ахоплена моладзь. Мэтанакіраваная, сістэмная работа з ёй, безумоўна, будзе працягвацца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *