В Ушачской районной организации «Белорусский Фонд мира» прошла отчетно-выборная конференция

Общество

Сёння – 21 верасня – Міжнародны дзень міру. Сімвалічна, што справаздачна-выбарная канферэнцыя Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру прайшла напярэдадні гэтай знакавай даты.

Т.Малак, В.Падвойская.
Л.Шкаруба.

Ушацкіх міратворцаў – тысячы

Як падкрэсліла ў сваім дакладзе старшыня грамадскага аб’яднання Т.М.Малак, “дакументальна” суполка налічвае 75 членаў. Аднак фактычна да іх адносяцца ўсе, хто ўнёс сваю лепту ў высакародную справу, а гэта тысячы жыхароў нашага раёна. Актыўную пазіцыю займаюць яны ў грамадска-палітычным жыцці Ушаччыны: напрыклад, 45 прадстаўнікоў прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У звязцы з працоўнымі калектывамі, грамадскімі арганізацыямі, пры падтрымцы раённай улады за апошнія пяць гадоў удалося правесці шэраг мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Асабліва актуальнай гэтая тэма была ў перыяд падрыхтоўкі святкавання 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі, 45-годдзя адкрыцця “Прарыву”, 95-гадовага юбілею нашага раёна.

Захоўваючы памяць

Зберагчы для нашчадкаў памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай – такую мэту ставіць перад сабой арганізацыя. У рамках раённага праекту “Ты загінуў на вайне – мы захоўваем тваю памяць” за сродкі фонду выраблены магільныя пліты на месцы пахавання мірных жыхароў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі, у вёсках Белае і Усая, аграгарадку Глыбачка. Выраблены і ўстаноўлены ва Ушачах помнікі партызанам Міхаілу Фёдаравічу і Фёдару Міхайлавічу Машчовым. Сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама праведзена перапахаванне астанкаў васьмі мірных жыхароў вёскі Забораўна, аказана спонсарская дапамога на ўстаноўку помніка і добраўпарадкаванне (на гэта пайшло больш за тры тысячы рублёў).

Па ініцыятыве раённай арганізацыі Фонду міру, улічваючы просьбы жыхароў раёна, выпушчаны буклет “Мемарыяльны комплекс “Прарыў” (1500 руб.). Да акцыі “У славу агульнай Перамогі” ў маі 2020-га выраблена спецыяльная капсула, у якую закладзена зямля з месцаў воінскіх пахаванняў раёна. На многія з іх набыты дзяржаўныя знакі (630 руб.). Дзве тысячы рублёў выдзелена на рэканструкцыю партызанскіх зямлянак, дзве з паловай – на выраб выставачнага стэнда з выявай “Прарыва”. Прынялі ўдзел міратворцы і ў стварэнні мемарыяла “Урочышча “Пяскі” ў Полацкім раёне (500 руб.), устаноўцы помніка воінам-дэсантнікам у Віцебску (300).

З клопатам пра кожнага

На рахунку арганізацыі нямала сацыяльных і гуманітарнаых спраў. Так, спонсарская дапамога на ўмацаванне базы двойчы аказвалася ТЦСАН (500 руб.), для адзінока пражываючых пажылых грамадзян набыты аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. У рамках акцыі “Вы не адзінокія – мы з вамі” сумесна з раённай ветэранскай арганізацыяй міратворцы штогод наведваюць сацыяльныя палаты бальніц сястрынскага догляду, уручаюць пажылым хворым людзям навагоднія падарункі. Не заставаліся без іх і дзеці-інваліды.

Значная фінансавая падтрымка, а гэта звыш трох тысяч рублёў, у перыяд пандэміі каранавіруснай інфекцыі аказана райбальніцы на набыццё медыцынскага абсталявання, сродкаў індывідуальнай абароны. У лістападзе 2020 года лепшым медработнікам былі ўручаны каштоўныя падарункі.

Наладжана цесная сувязь арганізацыі з праваслаўнай царквой. Аказана спонсарская дапамога ў суме каля 2000 рублёў прыходу храма Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў Арэхаўне. Выдзяляліся сродкі і на тутэйшую нядзельную школу.

На высокіх пазіцыях

“Фонд міру не фінансуецца дзяржавай, не папаўняецца іншымі крыніцамі – ён ствараецца народам і служыць яму! – адзначыла Т.М.Малак. – Прыемна, што ў апошнія гады стабільна высокім застаецца ўзровень прыцягнення грашовых сродкаў. Па гэтым паказчыку наш раён займае лідзіруючыя пазіцыі як у вобласці, так і ў рэспубліцы. Сур’ёзна адносяцца да гэтага пытання працоўныя калектывы цэнтральнай аптэкі, філіяла аблспажыўтаварыства, райгаза, ДРБУ-105, РАНС, УП ЖКГ, аддзелаў па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Асаблівай удзячнасці заслугоўвае прыватнае прадпрыемства “Алекс-Нута” і яго кіраўнік Аляксандр Мікалаевіч Садоненка. Значную лепту ў збор сродкаў уносяць пенсіянеры. Дапамагаюць жа ў гэтым актывісты ветэранскага руху, работнікі паштовых аддзяленняў, старэйшыны вёсак”.

На канферэнцыі былі ўзнагароджаны актывісты і ветэраны руху. Так, юбілейным медалём Беларускага фонду міру адзначаны былы старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец; Ганаровымі граматамі грамадскага аб’яднання – намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Марыя Васільеўна Храмёнак і галоўная медсястра ЦРБ Антаніна Васільеўна Бабенка; Падзякамі – старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская і старшыня ветэранскай пярвічкі райвыканкама Валянціна Мечыславаўна Падвойская; Лістамі падзякі раённай арганізацыі фонду – калектыў ТЦСАН, старшыні Ільюшынскай і Жарскай пярвічак Таццяна Віктараўна Аўтух і Тамара Іванаўна Макрыдзіна, а таксама актывіст Людміла Рыгораўна Карабань.

Лепшая ацэнка – ад людзей

Цёплых слоў у адрас Т.М.Малак не шкадавалі ў гэты дзень многія. “Больш сямі гадоў адпрацавалі з Таццянай Міхайлаўнай, паважаю яе за прынцыповасць, здольнасць знайсці падыход да кожнага. Цяжка ўявіць, колькі асабістага часу ёю затрачана на збор сродкаў, рэалізацыю праектаў фонду. Шчыры дзякуй ёй за ўсё!”, – падкрэсліў У.М.Малаткавец.
Работу Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру пад старшынствам Таццяны Міхайлаўны аднагалосна прызналі здавальняючай.

Даўнія традыцыі – з новым лідарам

У гэты ж дзень адбылося першае пасяджэнне праўлення арганізацыі, на якім абраны яго новы кіруючы састаў. Старшынёй ушацкіх міратворцаў стала Лідзія Міхайлаўна Шкаруба, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Перад ёй вельмі адказная місія: працягнуць годныя традыцыі фонду міру, якія на працягу многіх гадоў закладвала на Ушаччыне Т.М.Малак. Прайсці ж такі “экзамен” дапаможа падтрымка ўсіх нас – нераўнадушных да спраў дабрачыннасці ў імя міру, дабра і згоды жыхароў раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *