Районное объединение профсоюзов совместно с Белорусским союзом женщин организовало в Ушачах встречу женских трудовых династий

Общество

Такія мерапрыемствы – сапраўдная аддушына для журналіста. Тут проста не можа быць выпадковых людзей – жыццёвыя прынцыпы, добрыя сямейныя традыцыі кожнага заслугоўваюць асобнага артыкула ў газеце. Ды і ў цёплай атмасферы за кубачкам чаю робіш для сябе (а ў перспектыве і для чытача) нямала адкрыццяў. Землякі, пра якіх, здаецца, ведаў усё, паказваюцца з іншага боку.

Менавіта такую сустрэчу ва Ушачах арганізавала нядаўна раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын на базе раённай бібліятэкі імя Е.Лось. Запрошаны ж на яе былі адразу тры сямейныя жаночыя дынастыі.

І ў педагогіцы, і ў грамадскіх справах

“З хваляваннем заходзіла сёння ў будынак былой школы мастацтваў, – падзялілася ўшачанка Т.Я.Сандзюк. – Калісьці сама вучылася тут”. Паколькі з малых гадоў любіла музыку, з выбарам прафесіі Таццяна Якаўлеўна не вагалася – скончыла Наваполацкае музвучылішча па спецыяльнасці “Выкладчык па класе цымбал” і вярнулася ва Ушачы. Працавала ў музычнай школе вёскі Казімірова, а 30 год таму стала музычным кіраўніком у яслях-садзе №4 г.п.Ушачы.

“Я з тых матуль, якія нічога не навязваюць дзецям. Ніколі не рэкламавала педагогіку дочкам, але ж і не адгаворвала ад атрымання высакароднай прафесіі, – расказвае жанчына. – Аднак яны, напэўна, бачылі, як я гару сваёй справай, як пасля зносінаў з малышамі прыходжу дамоў натхнёная. Малодшая Вольга яшчэ ў школе сказала, што будзе працаваць у дзіцячым садзе! Таму і атрымала спецыяльнасць выхавацеля дашкольнай адукацыі ў ПДУ”. Дарэчы, пачынала работу дзяўчына таксама на малой радзіме – у яслях-садзе №1 г.п.Ушачы. За годныя адносіны да справы Вольга была вылучана летась у лік лепшай працуючай моладзі раёна. Пасля замужжа ёй давялося пераехаць – цяпер працуе з адным з дзіцячых садкоў Наваполацка.

“Часта ўспамінаю свой выпускны вечар у школе, – далучаецца да размовы Кацярына Уліновіч, старэйшая з дачок Таццяны Якаўлеўны. – У кожнага з нас пыталіся, кім хочам стаць. Я ж не назвала канкрэтную прафесію – сказала, што хачу быць патрэбнай усяму свету. Многія ўсур’ёз не ўспрынялі. Я ж мела на ўвазе канкрэтную спецыяльнасць – “Сацыяльна-педагагічная дзейнасць”, якую потым атрымала ў ВДУ імя П.М.Машэрава”. Працавала ў сацыяльна-педагагічным цэнтры г.п.Ушачы, была выхавацелем у яслях-садзе №1, а з 2018-га займае пасаду метадыста ў вучэбна-метадычным кабінеце аддзела па адукацыі райвыканкама.

Зрэшты, яднае Кацярыну з маці не толькі сумежная прафесія, а і грамадская дзейнасць. Ужо 29 год Т.Я.Сандзюк з’яўляецца старшынёй прафсаюзнай пярвічкі сваёй установы. На такой пасадзе, ды яшчэ намесніка старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, знаходзіцца К.Уліновіч.

У бібліятэку – і пачытаць, і пагутарыць

“Рада, што сённяшняя сустрэча праходзіць сярод кніжных паліц, – не хавала эмоцый метадыст сектара маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦБС Таццяна Міхейка. – За час дэкрэту засумавала па любімай рабоце. Пасля заканчэння школы “даверылася” чужым парадам і атрымала юрыдычную адукацыю, але пазней зразумела, што іду па жыцці не туды, таму перавучылася і цяпер займаюся справай, якая дакладна па душы!”

Любоў да кнігі, чытання ў Таццяны – ад яе маці Л.Ф.Голуб, якая ўсё жыццё прысвяціла рабоце ў бібліятэчнай сістэме. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў інстытуце культуры, была бібліятэкарам у Градзянцы і ва Ушачах, узначальвала ЦБС. “Ларыса Фёдараўна была з тых спецыялістаў, якім хоць вочы завяжы, без праблем знойдзе патрэбную кнігу, ноччу разбудзі – назаве ўстанову, у якой знаходзіцца выданне”, – падзялілася з прысутнымі цяперашні дырэктар ЦБС Лідзія Міхайлаўна Шкаруба.

Да маці ў бібліятэку заўсёды спяшалася тады яшчэ школьніца Таня. Тут рабіла ўрокі, гартала новыя часопісы і слухала вяскоўцаў, якія прыходзілі ва ўстанову, як своеасаблівы сацыякультурны цэнтр, часам проста пагутарыць.

Правая рука доктара

Прадстаўніцу ж трэцяй сямейнай дынастыі Т.В.Лукашэвіч у медыцыну прывяла… паслухмянасць. “Прафесію – карысную і для грамадства, і для сям’і – мне выбрала маці, за што ёй удзячна, – расказвае жанчына. – Сястрынскую справу асвойвала ў Мазырскім медвучылішчы, якое скончыла з чырвоным дыпломам. Задумвалася і над тым, каб пайсці ў ВНУ, аднак не рашылася ўзяць на сябе такую адказнасць за чалавечыя жыцці, якую нясуць урачы. Тут патрэбны асаблівы склад характару. Быць памочнікам доктара, яго правай рукой, лічу, не менш пачэсна!”.

Сваю прафесійную дзейнасць Таццяна Васільеўна пачынала ў Гомелі, у спартыўнай медыцыне. На Ушаччыну ж прывёў выпадак. 30 год таму з мужам прыехалі ў наш азёрны край у вясельную вандроўку, даведаліся, што ў “Лясных азёрах” няма медсястры – і вырашылі тут асесці. “15 год адпрацавала ў санаторыі, хаця большую частку часу знаходзілася ў дэкрэтным, – удакладняе мнагадзетная матуля. – Столькі ж – у райбальніцы, дзе займаю пасаду медсястры аддзялення прафілактыкі. Прафесію сваю люблю і заўсёды раю яе маладым. Ведаць сваё цела, яго рэакцыі на розныя ўздзеянні, не разгубіцца пры ўзнікненні праблем вельмі карысна! Баяцца не трэба – да ўсяго прывыкаеш. Многія мае аднакурснікі, якія пры выглядзе крыві гублялі прытомнасць, цяпер працуюць у рэанімацыі, хірургіі, аперацыйных блоках”. Гэтак жа ў райбальніцы – на пасадзе медсястры афтальмалагічнага кабінета – працуе дачка Таццяны Васільеўны Ганна. І хоць мае вышэйшую педагічную адукацыю па спецыяльнасці “Лагапедыя”, сваёй лічыць менавіта медыцынскую справу.

***

На папаўненне ў працоўных дынастыях Ушаччыны, з якіх варта браць прыклад, спадзяюцца і арганізатары мерапрыемства. Як падкрэсліла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, такіх сямей нямала, таму ёсць усе падставы, каб зрабіць падобныя сустрэчы традыцыйнымі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымках: дынастыя Лукашэвічаў, Т.Міхейка, К.Уліновіч і Т.Сандзюк.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *