В первое воскресенье октября в Беларуси отмечается День учителя

Общество

У разрэзе гісторыі і ў стылі сучаснасці

20 гадоў прафесійнай дзейнасці, прычым, усе – у Ільюшынскай школе. Паспяховы ўдзел у конкурсе прафмайстэрства “Настаўнік года”. Шэраг узнагарод рознага ўзроўню. Героя нашага аповеду сапраўды можна назваць універсальным спецыялістам – уладальніка такой колькасці педагагічных пасад на Ушаччыне, напэўна, больш і не знойдзеш. А ўсё таму, што Дзмітрый Пятровіч Дрозд нястомна пашырае свой прафесійны спектр: у свой час настаўнік тэхнічнай працы і чарчэння дадаў у яго гісторыю, атрымаўшы адпаведную адукацыю ў Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П.М.Машэрава.

Рознымі гістарычнымі фактамі ўраджэнец вёскі Глінішча цікавіўся з дзяцінства. Ужо ў трэцім класе чытаў творы Быкава, у чацвёртым адолеў усяго Дзюма, а ў пятым узяўся за “Вайну і мір”. Выкарыстоўваць кнігу як важнейшую крыніцу інфармацыі вучыць і дзяцей – вось і ўрок, на якім мы пабывалі, праводзіў у школьнай бібліятэцы.

У ліку яго любімых тэм – Першая сусветная вайна, а таксама Полацкае княства, гісторыя якога цесна звязана з Ушаччынай. Расказвае дзецям, што на тэрыторыі нашага раёна некалі знаходзілася летняя рэзідэнцыя князёў. Дзе дакладна – пакуль невядома, як і тое, дзе размяшчаўся горад-крэпасць Крэчат, пра які ўзгадваецца ў кнізе “Памяць. Ушацкі раён”.

Знаёмячыся з гэтым настаўнікам, мы не маглі не пабываць у школьнай майстэрні, дзе ён рыхтаваўся да ўрокаў. Станкі для апрацоўкі дрэва і металу, лобзікі, стамесці, кіянкі… Недасведчаны чалавек у такім арсенале разгубіўся б. Вучні ж 5-9 класаў, у якіх Д.П.Дрозд выкладае тэхнічную працу, з усім гэтым на “ты”. Як доказ – стыльныя падстаўкі для мабільнікаў у іх выкананні, якія чакаюць на палічках невялікай дапрацоўкі.

“Галоўнае – зацікавіць школьнікаў! – кажа Дзмітрый Пятровіч. – Над гэтымі вырабамі шчыравалі нямала. Гадзіна-дзве патрэбны, каб выразаць фігурку, яшчэ некалькі – на яе шліфоўку наждачнай паперай, пакрыццё лакам. Потым робіцца аснова з адтулінамі – і элементы злучаюцца. Калі з усім гэтым хлопцы спраўляюцца, магу быць спакойны: здолеюць, да прыкладу, і замок у дзверы ўрэзаць”.

Арыгінальныя падстаўкі для тэлефонаў мы прыгадалі нездарма. Менавіта яны прынеслі Д.П.Дразду перамогу ў нядаўнім раённым конкурсе творчых работ настаўнікаў працоўнага навучання “У нагу з часам”.

…Ад разнастайнасці бутэрбродаў, прадстаўленых у фае школы, разбягаюцца вочы. На кляновых лісціках – у форме турыстычнай палаткі і імправізаванага вогнішча. Падрыхтавалі ж такія кулінарныя шэдэўры наведвальнікі двух турыстычных гурткоў, кіраўніком якіх гэтак жа з’яўляецца Д.П.Дрозд. “Так распачалі святкаванне Сусветнага дня турызму, – расказвае педагог. – Працягваем добрыя традыцыі, закладзеныя Антанінай Аркадзьеўнай Крывапушчанка”.

Настаўнік чарчэння, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні – усё гэта таксама пра Д.П.Дразда. “Нічога дзіўнага: я ж педагог у трэцім пакаленні, – кажа мужчына. – Матэматыку ў Касарской школе выкладала маці Валянціна Леанідаўна. Бабуля Васіліна Барысаўна Дарашкевіч была настаўніцай пачатковых класаў”. А яшчэ Дзмітрый Пятровіч – творчая натура. Пазней пазнаёмім нашых чытачоў з яго вершамі.

 

Разам у сям’і і на рабоце

Для герояў нашага аповеду Дзень настаўніка – сямейнае свята. У прафесіі, ды і ў адным калектыве яны ўжо больш за 30 год – ва Ушацкай школе выкладаюць фізіку і матэматыку. З характэрнай для прадметаў дакладнасцю Наталля Мікалаеўна і Віктар Мікалаевіч Герцыкі расказваюць аб сваім працоўным стажы, калі ж дадаць да яго час настаўніцтва сястры і трох пляменнікаў, атрымаецца аж 182 гады.

У тым, што стане педагогам, Наталля ніколі не сумнявалася. У дзяцінстве рассаджвала лялькі, брала “журнал” і выстаўляла адзнакі. Калі пайшла ва Ушацкую школу, з захапленнем назірала за работай настаўнікаў пачатковых класаў Марыі Сяргееўны Валодчанкі і Ганны Іванаўны Карабань, класнага кіраўніка Ядвігі Ігнацьеўны Тарасевіч. Матэматыкай дзяўчыну зацікавіла Любоў Аляксандраўна Северына. Уплыў аказалі і блізкія: старэйшая сястра Людміла Дзярыба доўгі час была дырэктарам гімназіі №5 Віцебска, мае званне “выдатнік адукацыі”. Ды і тое, што нарадзілася 1 верасня, Наталля Мікалаеўна заўсёды лічыла сімвалічным.

А вось ураджэнцу Бешанковіцкага раёна Віктару Герцыку выбар прафесіі падказаў лёс. Калі вучыўся ў 10 класе, захварэў лабарант кабінета фізікі. Настаўнік, які бачыў цікавасць хлопца да прадмета, папрасіў яму дапамагаць у падрыхтоўцы да ўрокаў. Гэта настолькі натхніла, што хлопец разам з сябрам паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педінстытута.

Наталля прыйшла туды двума гадамі пазней. А паколькі Віктар паміж курсамі быў прызваны ў армію, яны аказаліся ў паралельных групах. Прыгледзеліся адзін да аднаго падчас практыкі ў віцебскай школе – разам рыхтаваліся да заняткаў. На Ушаччыну ж прыехалі ў статусе мужа і жонкі.

Працоўныя месцы ў школе райцэнтра знайшліся абаім: яна стала настаўнікам матэматыкі, ён – фізікі. У калектыве былую выпускніцу і яе абранніка сустрэлі цёпла, шмат годных парад даваў дырэктар Міхаіл Паўлавіч Сісковіч.

“Працаваць у адной сістэме – сапраўдны падарунак лёсу! – сцвярджаюць Герцыкі. – Увечары ёсць што абмеркаваць, з кім параіцца. Святло ў нашым доме гарыць дапазна: як і ў студэнцкія гады, разам правяраем сшыткі, пішам планы ўрокаў”. А іх у адзінага на ўсю школу фізіка шмат. Наталля Мікалаеўна ж сваю работу з усмешкай называе кругласутачнай: як класны кіраўнік, яна заўсёды на сувязі з навучэнцамі, іх бацькамі.

У скарбонцы дасягненняў Герцыкаў нямала ўзнагарод. Адна з самых знакавых для Віктара Мікалаевіча – дыплом пераможцы дыстанцыйнай інтэрнэт-алімпіяды па фізіцы сярод педагогаў. Наталля Мікалаеўна з гонарам дэманструе дыплом лаўрэата прэміі З.Тусналобавай-Марчанкі, якую ў 2016-м атрымала за высокі маральны прыклад у выхаванні дзяцей (іх у Герцыкаў двое). Радуюцца настаўнікі і поспехам сваіх навучэнцаў. Адны становяцца прызёрамі алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Другія годна спраўляюцца з тэсціраваннем і паступаюць у прэстыжныя ВНУ. “Нямала было выпускнікоў, якія гэтак жа звязалі лёс з педагогікай. І ўсё ж больш падрыхтавалі інжынераў, энергетыкаў, айцішнікаў, якія праходзілі іспыты па нашых прадметах, – кажуць муж і жонка. – Вельмі прыемна з імі сустракацца, успамінаць цікавыя школьныя гісторыі”. Хтосьці дагэтуль трымае ў памяці салодкі медаль, атрыманы на ўроку матэматыкі ў пятым класе. Нехта ўражаны насценным гадзіннікам у кабінеце фізікі – з формуламі замест лічбаў і фотаздымкамі вучоных, які змайстраваў Віктар Мікалаевіч.

Ці хацелася калі-небудзь змяніць прафесію? Адназначна не, хаця прапановы высокіх пасад абаім паступалі не раз. Герцыкі засталіся вернымі і сваёй педагагічнай справе, і роднай школе.

Кіраўнік – і псіхолаг, і будаўнік

Яслі-сад №1 г.п.Ушачы па выніках работы за 2021 год прызнаны лепшай установай дашкольнай адукацыі раёна. Перамог калектыў і ў сёлетнім аглядзе-конкурсе па падрыхтоўцы да новага навучальнага. Узнагароды, як адзначае малады кіраўнік В.М.Кляшторная, не проста радуюць, а і натхняюць на новыя здзяйсненні.

З выбарам прафесіі Вікторыя Міхайлаўна вызначылася, калі вучылася ў 11 класе Ушацкай школы. Паколькі любіла дзяцей, абрала спецыяльнасць “дашкольная адукацыя” ў Полацкім педагагічным каледжы, а сяброўства са спортам падштурхнула да таго, каб стаць кіраўніком фізічнага выхавання. Азы педагогікі даваліся ёй без праблем. Дарэчы аказаліся і музычныя навыкі, атрыманыя ў школе мастацтваў, якую скончыла па класе домры. Пачала кар’еру 12 год таму выхавацелем у вялікадолецкім дзіцячым садзе. Новая мэта – атрымаць вышэйшую адукацыю – таксама была дасягнута: Вікторыя завочна скончыла Полацкі дзяржуніверсітэт па спецыяльнасці “фізічная культура”. І хоць у 2015-м яшчэ знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, ад прапановы стаць намеснікам загадчыка ў яслях-садзе №3 г.п.Ушачы адмовіцца не змагла: і да дома бліжэй, і апраўдаць аказаны аддзелам па адукацыі давер хацелася. А ў першы сад гарпасёлка на пасаду загадчыцы прыйшла год таму.

“Кіраваць дашкольнай установай – гэта значыць, быць адначасова і педагогам, і псіхолагам, і эканамістам, і будаўніком, – кажа В.М.Кляшторная. – Столькі пытанняў даводзіцца вырашаць! Але мне пашанцавала з калектывам – усе працуюць на агульны вынік. Асаблівыя словы ўдзячнасці – майму намесніку Галіне Пятроўне Гайко, вопыт і падтрымка якой вельмі дапамагаюць”.

Сёння дзіцячы сад №1 наведваюць 72 малышы, з якімі педагогі займаюцца ў 5 рознаўзроставых групах. На базе ўстановы адкрыты і першы клас Ушацкай школы, а гэта яшчэ 24 вучні. Для ўсіх праводзяцца самыя розныя мерапрыемствы, працуюць аб’яднанні па інтарэсах. Разам з Паркам высокіх тэхналогій калектыў прымае ўдзел ў рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Інфарматыка без разеткі”. Сёлета далучыліся і да абласнога па тэме полікультурнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту.

“Калі ў коле будзённых спраў – арганізацыі харчавання, прапускнога рэжыму, рамонтных пытанняў – падступае стома, іду да выхаванцаў, – кажа Вікторыя Міхайлаўна. – Гляджу, як няўпэўнена крочаць па дыванку за цацкамі самыя маленькія, слухаю, як старанна вучаць вершык старэйшыя, – і любая маркота адступае”. Дома ж у Градзянцы гераіні аповеду расслабіцца дапамагаюць агарод, кветкі і, канечне, зносіны з любімым мужам і дзвюма дачушкамі. Школьніца Ксенія таксама цікавіцца спортам, займаецца лёгкай атлетыкай. Меншая ж Дарына яшчэ ў садку. Хто ведае, можа новая змена педагогаў падрастае!

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *