Николай и Алла Ерофеевы в деревне Усая заботятся о красоте и порядке не только на своем участке, но и по всей окрестности

Общество

Пад  рубрыкай «Гаспадары сваёй зямлі» мы звычайна змяшчаем артыкулы пра жыхароў Ушаччыны, якія прыкладаюць шмат сіл і старанняў, каб родныя мясціны былі дагледжанымі. Мікалай Іванавіч і Ала Мікалаеўна Ерафеевы – мінчане, але вось ужо чвэрць стагоддзя лічаць сваім другім домам нашу вёсачку Усая, праводзяць тут большую частку года і дбаюць пра прыгажосць і парадак не толькі на сваім участку, а і ва ўсім наваколлі.

Сваімі іх даўно лічаць і вяскоўцы, а гаспадара паміж сабой паважліва называюць “наш пракурор”. У адзін з вераснёўскіх дзён, прыбраўшы замацаваныя за рэдакцыяй мясцовыя ваенныя помнікі, мы проста не змаглі праехаць міма гэтай дзіўнай сядзібы. Мужчына, які чараваў на ганку над дэкаратыўнай кампазіцыяй, на наша асцярожнае “Прабачце, тут жыве пракурор?”… дабрадушна рассмяяўся: “10 год як на пенсіі – а пасада ўсё не адпускае! Праходзьце, калі ласка! Чым я выклікаў вашу цікавасць?” А ўжо праз некалькі хвілін узнікла адчуванне, што мы з Мікалаем Іванавічам і яго абаяльнай спадарожніцай жыцця Алай Мікалаеўнай – даўнія і добрыя знаёмыя: настолькі прыветлівым быў прыём і шчырай размова.

Разам гэта пара амаль паўвека. Вяселле згулялі, калі Мікалай вярнуўся з арміі. Дарэчы, дзяўчына верна чакала каханага і нават дала яму абяцанне два гады не падразаць свае прыгожыя валасы. Працоўную кар’еру малады чалавек пачынаў на мінскім заводзе імя Леніна, а паралельна атрымліваў юрыдычную адукацыю. У вольны ж час сям’я выбіралася на прыроду: бралі палатку і ехалі на Лепельшчыну – Мікалай ведаў тутэйшыя мясціны, бо ў калісьці разам з бацькам – палкоўнікам, ветэранам Вялікай Айчыннай – адпачываў у ваенным санаторыі.

А неяк раз, выбіраючы маршрут для падарожжа, герой аповеду расклаў карту і са словамі “Хачу вось сюды!” тыкнуў пальцам у самы блакітна-зялёны яе ўчастачак: гэта аказалася абрамленая трыма азёрамі Усая. Мясцовы ляснік Мікалай Віннік падказаў прыгожае месца на беразе Крывога, дзе можна разбіць турыстычны лагер, а ў 1996-м Ерафеевы набылі ў вёсцы дом, дзе раней жыла маці лесніка.

Дарэчы, усайская прырода добра дапамагала Мікалаю Іванавічу здымаць напружанне і цяжкія эмоцыі, на якія багата пракурорская служба – ёй мужчына аддаў 35 год. Прызнаецца, што захапляла яго следчая дзейнасць, а вось роля “чыноўніка” зусім не падабалася. Працаваў на розных участках, быў, у прыватнасці, намеснікам пракурора Заводскага раёна сталіцы. Уявіце сабе, што на яго тэрыторыі пражывала столькі ж людзей, як ва ўсім Гродне, а “працоўныя ўскраіны” мелі ў горадзе самую дрэнную славу.

Сярод “гучных спраў”, да расследавання якіх меў дачыненне – бунт у мінскай калоніі на Ангарскай, дзе ў лістападзе 87-га дзве тысячы зняволеных падпальвалі будынкі і спрабавалі захапіць у заложнікі пажарных. Крымінальны ўсплёск накрыў краіну ў 90-я. Было такое, што следчым раённай пракуратуры штодня паступала 20 спраў па цяжкіх злачынствах. Многія, напрыклад, памятаюць, як беларусы дружна кінуліся прыганяць з Польшчы і Германіі іншамаркі, а ў прымежных лясах іх ужо чакалі бандыцкія брыгады. Напружаным быў перыяд работы ў транспартнай пракуратуры, калі Мікалай Іванавіч прыклаў руку да выкрыцця шэрагу злачынстваў – у тым ліку да спынення дзейнасці вядомай віцебскай крымінальнай групоўкі, якая арудавала на мясцовым участку чыгункі. Акалічнасці спраў ён, канечне, нам не апісваў, тым больш што некаторыя з іх дагэтуль не рассакрэчаны. Аднак кар’ера гэтага чалавека яскрава паказвае, колькі сіл давялося прыкласці беларускім праваахоўнікам, каб “паставіць злачыннасць на калені”. І зразумела, што пры ацэнцы сучасных рэалій Мікалай Іванавіч падкрэслівае, наколькі важна захаваць спакой і стабільнасць, спыніць спробы дэструктыўных сіл расхістаць наша грамадства. Адметна, што бацькаву справу працягнулі і дзеці – усе тры сыны Ерафеевых таксама служылі Закону.

“А як родным жывецца з чалавекам такой суровай прафесіі?” – запыталіся мы ў Алы Мікалаеўны. “Ёсць, канечне, асаблівасці, – усміхаецца тая. – Я, напрыклад, не магу пры ім не тое што схлусіць, а нават злукавіць! Муж – выдатны псіхолаг, бачыць людзей наскрозь. Заўсёды падкрэсліваў, што пракурор вырашае лёсы, а таму павінен умець выслухаць і зразумець і бабулю, якую праігнараваў участковы, і нават чалавека з псіхічнымі праблемамі. А яшчэ ў яго прысутнасці немагчыма глядзець крымінальныя серыялы – кожны эпізод суправаджаецца каментарыямі: “Не, ну гэта казкі! Так не бывае!”.

Сама Ала Мікалаеўна, дарэчы, мае дачыненне якраз да тэлевізійнай сферы, бо працавала на беларускім тэлебачанні. Яна тактоўная і інтэлігентная, рамантычная і вельмі творчая. Проста ў захапленне прывяло нас афармленне аднаго з пакояў дома: гэты “куточак для душы”, дзе рэпрадукцыі карцін чаргуюцца з дэкаратыўнымі панэлямі, гаспадыня называе “Мон плезір” (у перакладзе з французскай – “маё задавальненне”). А на тое, каб вырабіць рознакаляровы вязаны плед, ёй спатрэбілася некалькі месяцаў, затое атрымалася вельмі прыгожа.

Ну а вырабам гаспадара ўвогуле можна прысвяціць асобны артыкул. Яго каронка – разьбярства, таму ў доме і на падворку проста безліч рукатворных шэдэўраў: барэльефы, рамкі для гадзіннікаў з выявамі рыцараў і мудрымі цытатамі, карнізы з драўляных карункаў, разныя куфры і камоды… А яшчэ вітражы на дзвярах, малюнкі на сценах пабудоў. Неверагодна выглядаюць поручні, абвітыя вінаграднымі гронкамі, – не натуральнымі, а выразанымі з ліпы. Ніколі дагэтуль не даводзілася бачыць і такога арыгінальнага дэкаравання на вонкавых сценах і кутах. Як патлумачыў майстар, у справу ідуць цэмент, плітачны клей і ўстойлівы да вільгаці яхтавы лак.

Вядома ж, ёсць на сядзібе і шматлікія кветнікі, альпійскія горкі, дэкаратыўныя і пладовыя дрэвы. Уся гэта прыгажосць патрабуе догляду, на адзін абкос колькі сіл ды часу трэба. Дарэчы, прыводзяць у парадак яны не толькі свой участак, а і ўсю тэрыторыю да самага возера. І ўвогуле неабыякава ставяцца да навакольнай прыроды. “Мікалай Іванавіч заўсёды займае актыўную грамадскую пазіцыю, – расказвае старшыня Вяркудскага сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак. – Сёлета, напрыклад, па яго заяўцы мы адправілі ў вёску трактар, і мужчына падказваў, на якіх менавіта ўчастках ля азёр Усая і Жэнна неабходна знішчыць баршчэўнік, сам дапамагаў у рабоце”.

“У свой час мае калегі і сябры здзіўляліся, што я еду ў такую далеч: маўляў, можна ж было ўзяць дачны ўчастак пад Мінскам… Але варта было ім тут пабываць – і ўсе пытанні знікалі!” – зазначае гаспадар, акідваючы позіркам чароўныя восеньскія краявіды. А яго другая палавінка дадае: “Ва Усаі мы шчаслівыя!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *