25 ульев и собственный апидомик. Виктор Стукан занимается пчеловодством 5 лет и постоянно совершенствуется в любимом деле

Общество

Не захапіцца гэтым здымкам было немагчыма. Нерукатворны шэдэўр, хаця і створаны пры пасыле Віктара Іванавіча Стукана, і вызначыў з мноства аматараў бортніцтва героя нашага аповеду.

Старэйшына вёскі Дарошкавічы называе сябе пачынаючым пчаляром, хоць і займаецца справай ужо 5 гадоў. Пастаянна развіваецца, эксперыментуе, шмат чытае. Так і адшукаў фотаздымкі сот у слоіках і вырашыў зрабіць сам. Атрымалася. Не дзеля прыбытку. Літаральна ўсе соты ў шкле раздарыў сябрам і родным. А такі прэзент не сорамна паднесці нават самым пераборлівым людзям.

“Унікальна, так арганізаваць працэс і самому не трэба нічога рабіць”, – гавораць пчаляры, што пабачылі навінку. Віктар Іванавіч жартуе, што засталося навучыць толькі закупорваць. Насамрэч пры нескладанасці тэхналогіі – паставіць слоікі замест магазіна паверх ставак, трэба было “прымусіць” іх пайсці працаваць на верхні “паверх” і прадумаць варыянты закладкі вашчыны ці васковай палоскі. Найбольш экалагічна чыстым лічыцца апошні варыянт, калі пчолы ўсё дабудоўваюць самі, носяць і закрываюць мёд у сотах, які ўжо не пацячэ, як любы, калі яго рэзаць, а не прадаваць стаўкамі.

“Гэты варыянт і задуманы менавіта як падарачны, каштуе на рынках вельмі дорага. Я ж спрабаваў не дзеля заробку, проста цікава літаральна ўсё, што звязана з пчоламі, – дзеліцца Віктар Іванавіч. – Пасеку трымалі бацькі, я захаваў і развіў аматарскую, на 25 вулляў. Для таго каб зарабляць, патрэбна засяваць гектары меданосаў. У мяне ўчастак невялікі, дзе я, канечне, падсяваю фацэлію, мардоўнік, грэчку. Вучуся прадуманасці ў руплівых насякомых і проста люблю слухаць музыку пчол, таму і пабудаваў апідомік.

Праблемай сёлетняй восені пчаляры называюць пакіданне сем’ямі вулляў. У В.Стукана таксама паменела на тры. Адной з прычын, не пацверджаных стапрацэнтна, лічыцца вялікая колькасць кляшчоў. Віктар Іванавіч, дарэчы, апрацаваў свае домікі тройчы: малочнай кіслатой, “Бі-пінам” і спецыяльнымі палоскамі. А зіма выставіць сваю адзнаку.

Паспаць у ім гадзіну-другую, як прапаноўваў Віктар Іванавіч, сёлета так і не атрымалася. А вось сам ён адпачываў ад мітусні і праблем не раз, стварыўшы там вельмі ўтульную абстаноўку. Лечаць не толькі гул пчол і пах мёду, але і траў, што вісяць на сценах. Марыць, што з часам яго сядзіба стане месцам, дзе будуць збірацца пчаляры, дзе можна пачаставаць гасцей рознымі гатункамі і паказаць, як ствараецца самы карысны ласунак. Каб стала больш прыхільнікаў экалагічна чыстых прадуктаў, у тым ліку і гарбаты, якую рыхтуе сам. Там таксама мноства вынаходніцтваў, напрыклад, іван-чай з далучэннем песцікаў клёну.

Паслухаць пра эксперыменты – гарызантальнае і вертыкальнае развядзенне, дзяленне матак і іх гатункі, аэравуллі – цікава, канечне, пераважна практыкам. Віктар Іванавіч мае з імі зносіны праз сайт пчаляроў Віцебшчыны, дзе ў апошні час, напрыклад, актыўна абмяркоўвалі спосабы абароны ставак ад птушак, якія зімой стукаюць па лятку, выманьваюць і з’ядаюць насякомых. У яго на гэты конт некалькі варыянтаў. Па-першае, ля круглых верхніх ляткоў прымацаваны пластыкавыя кружкі, якія могуць як наглуха закрываць іх, так і пакідаць адтуліны. Для абароны ніжніх мяркуе выкарыстоўваць дзедаўскі спосаб – мацаваць нахільныя дошчачкі. Тым жа, хто мёд бачыць толькі ў гатовым выглядзе, В.Стукан раіць актыўней ужываць прыродны антыбіётык. Сам у дзень абавязкова з’ядае 5-6 сталовых лыжак, пры гэтым звёўшы да мінімуму цукар. Не выкідвае і ўсе іншыя прадукты жыццядзейнасці пчол, якія карысныя не толькі для здароўя. Праполісныя дыванкі, напрыклад, як прыкладаюць на хворыя месцы, так і мацуюць на пярэднюю сценку пустога вулля для прыманьвання раёў. Станоўча ставіцца ён і да пчалінага яду. Апошні раз, калі экстранна абслугоўваў вуллі ў неспрыяльнае надвор’е, налічыў 56 укусаў і не апух. Напэўна, спрацаваў імунітэт, атрыманы ў дзяцінстве. Ідучы аднойчы з возера, ён засунуў у стаўку прут і пачаў ім “завадзіць” агрэгат. Атрымалася – завёў літаральна ўсіх насельнікаў, ад якіх адбівала маці, а няўдалы вадзіцель тыдзень праляжаў хворы пад мокрымі коўдрамі.

Пра пчол ён можа размаўляць гадзінамі, а як сапраўдны энтузіяст, на наступны год ужо прадумвае новыя эксперыменты. “Прыкмеціў, што ўсе бортнікі – вельмі добрыя, цікавыя людзі. І вельмі хочацца, каб кагорта аднадумцаў пашыралася. Што мне асабліва падабаецца – у кожнага па 100 варыянтаў вырашэння праблемы, і ты таксама шукаеш свой”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *